У выставачнай зале Горацкага гісторыка-этнаграфічнага музея падвялі вынікі раённага літаратурнага конкурсу “Маладыя таленты”.


Багатая горацкая зямля на таленавітых людзей. І вельмі прыемна, што гэта творчая сям’я з кожным годам пашыраецца і маладзее.
Традыцыйны конкурс на лепшы твор у галіне літаратуры і сцэнарнай дзейнасці праводзіцца ў нашым раёне з мэтай выяўлення і заахвочвання таленавітай моладзі, прапаганды яе творчасці. Арганізатарамі выступілі аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі сумесна з аддзелам адукацыі, спорту і турызму райвыканкама пры падтрымцы раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд міру”.
Конкурс праводзіўся ў двух узроставых катэгорыях: з 14 да 17 год і з 18 да 31 года. Прадстаўленыя работы разглядаліся ў намінацыях «проза», «паэзія» і «сцэнарная дзейнасць». Конкурс быў прысвечаны 70-годдзю Вялікай Перамогі, таму пераважная большасць твораў была на ваенна-патрыятычную тэматыку. Усяго ў ім прынялі ўдзел 46 аўтараў.
Маладыя таленты выразна чыталі на памяць свае вершы і ўрыўкі з апавяданняў і нарысаў, расказвалі пра сябе і сваю творчасць. Важна і адметна тое, што некаторыя аўтары апавядалі пра герояў Вялікай Айчыннай, канкрэтных людзей, якія вынеслі на сваіх плячах цяжар ваеннага ліхалецця. Таксама былі прадстаўлены творы філасофскай накіраванасці, пра радзіму, мову, каханне.
IMG_1122
Ацэньвалі конкурсныя работы восем членаў журы. Свае заўвагі і пажаданні выказалі намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Вольга Панасюк, кіраўнік народнага літаратурнага аб’яднання “Парнас” Андрэй Пугач, загадчыца навукова-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Таццяна Пазнякова, дацэнт кафедры рускай і беларускай моў БДСГА Ганна Малько.
Дарэчы, Ганна Іванаўна адзначыла, што некаторыя аўтары праявілі крэатыўнасць у выбары формы напісання сваіх твораў. Так, вучань Горскай школы Уладзіслаў Запрудскі напісаў пісьмо-зварот да сваёй прабабулі Марыі Рыгораўны Цыганковай, маці шасці загінуўшых на вайне сыноў. Адметна, што ў многіх творах паказаны сур’ёзныя адносіны да розных праблем і з’яў жыцця. Парадавала і тое, што былі прадстаўлены добрыя работы на беларускай мове.
Перад маладымі аўтарамі выступілі таксама горацкая паэтка, удзельніца народнага літаратурнага аб’яднання “Роднае слова” Таццяна Гаўрыленка і ветэран Вялікай Айчыннай вайны Леанід Самусенка. У сваім выступленні ён адзначыў, што адукаваны чалавек павінен папаўняць свой слоўнікавы запас, і параіў больш чытаць класікаў, у тым ліку беларускіх, быць уважлівымі і назіральнымі, каб рэальна апісаць любую з’яву. І заўсёды, у любой сітуацыі заставацца сапраўднымі людзьмі і патрыётамі сваёй Радзімы.
IMG_1086
Выдатна ўпрыгожылі выступленні ўдзельнікаў конкурсу і членаў журы музычныя нумары ў выкананні выхаванцаў дзіцячай вакальна-харавой школы Крысціны Чавілашвілі і Ірыны Воўк, дуэта цымбалістаў “Люстэрка” з сярэдняй школы № 1.
Першае месца сярод удзельнікаў узроставай катэгорыі 14-17 год у намінацыі “паэзія” не прысуджалася. Дыпломамі 2-й ступені ўзнагароджаны вучаніца 10 класа Паршынскай школы Марыя Жоржаліані і вучань 8 класа Аўсянкаўскай школы Павел Вабі-шчэвіч. Трэцяе месца падзялілі вучаніцы 9 класа Ленінскай школы Вераніка Грышчанкова і Анастасія Шэкун і навучэнка Горацкага педкаледжа Надзея Саўчанка. 8-класніцы гімназіі № 1 Анастасія Алейнікава і Крысціна Гарбачэўская і 10-класніца СШ № 3 Наталля Авяркова атрымалі граматы за актыўны ўдзел.
У намінацыі “проза” дыпломы першай ступені атрымалі вучань 8 класа Горскай школы Уладзіслаў Запрудскі і вучаніца 11 класа Каменскай школы Марына Цюцюнкова. Дыпломам другой ступені ўзнагароджана дзесяцікласніца Аўсянкаўскай школы Ганна Галачкіна, а трэцяй — Паршынскай школы Кацярына Якубовіч, таксама вучаніца 10 класа.
Граматамі за актыўны ўдзел у намінацыі “проза” ў гэтай узроставай катэгорыі адзначаны вучаніца 8 класа Ленінскай школы Яўгенія Мальцава, 10-класніцы СШ № 1 Кацярына Вараб’ёва і Юлія Чыканоўская, 11-класніца СШ № 4 Таццяна Гарбачова і 8-класніца Горскай школы Крысціна Мельнікава.
Пераможцам конкурсу былі ўручаны дыпломы, грашовыя прэміі і каштоўныя падарункі.
У намінацыі “паэзія” ў старэйшай узроставай групе першае месца заняла выхавацель Добраўскай школы Алеся Азаранка, другое — навучэнкі Горацкага педкаледжа Валерыя Шлапакова і Таццяна Анішчанка. Трэцяе месца падзялілі студэнтка факультэта механізацыі сельскай гаспадаркі БДСГА Вера Грышчанка і навучэнка Горацкага педкаледжа Марыя Уласава. Граматамі за актыўны ўдзел адзначаны студэнты БДСГА Віталь Шапараў з факультэта механізацыі сельскай гаспадаркі і Кацярына Кісялёва (факультэт бухгалтарскага ўліку).
У намінацыі “проза” ў гэтай узроставай катэгорыі першае месца ў навучэнкі Горацкага педкаледжа Ліліі Гусаравай. Дыплом другой ступені атрымала студэнтка факультэта бізнеса і права БДСГА Васіліса Сольская. Дыпломамі трэцяй ступені ўзнагароджаны выкладчык кафедры эканамічнай тэорыі акадэміі Марына Шандракова і навучэнка Горацкага педкаледжа Анастасія Нікановіч.
Трое ўдзельнікаў у намінацыі “сцэнарная дзейнасць” атрымалі граматы за актыўны ўдзел. Гэта вучань 8 класа Аўсянкаўкай школы Павел Вабішчэвіч, вучаніца 11 класа Копцеўскай школы Крысціна Рыжанкова і вучань 11 класа Ленінскай школы Андрэй Мажайскі.
IMG_1081
Усе ўдзельнікі на памяць аб конкурсе атрымалі ручкі з лагатыпам “70-годдзе Вялікай Перамогі”.
Хочацца выказаць падзяку нашаму спонсару — раённай грамадскай арганізацыі “Беларускі фонд міру”, народнаму аматарскаму аб’яднанню “Роднае слова” — за арганізацыю і правядзенне мерапрыемства. А маладым аўтарам пажадаць творчага плёну і натхнення.
Мы чакаем таленавітую моладзь на наступны літаратурны конкурс. Пішыце так, каб вамі маглі ганарыцца.
Ірына БЕЛАЯ,
галоўны спецыяліст аддзела
ідэалагічнай работы,
культуры і па справах моладзі райвыканкама.
Людміла ДЗЕРУЖКОВА,
кіраўнік народнага
аматарскага аб’яднання
“Роднае слова”.
На здымках: пераможцы конкурсу “Маладыя таленты-2015” разам з ветэранам Вялікай Айчыннай вайны Леанідам Самусенка; аўтарская песня ў выкананні Віталя Шапарава; свой конкурсны твор чытае Васіліса Сольская; пераможца ў намінацыі “проза” Марына Цюцюнкова з Каменскай школы.
Фота Міхаіла ЛЯЎЦОВА.


Leave a Comment