Пасвячэнне ў рамяство

Добрай традыцыяй стала праводзіць у школе рамёстваў на восеньскіх канікулах свята для першакласнікаў «Пасвячэнне ў рамяство».

На гэты раз увага была прыцягнута да Горада майстроў. Тут дзеці паказалі свае вырабы ў розных відах рамёстваў, якімі авалодалі за першую чвэрць навучальнага года. Галоўныя героі свята — Бацька і Маці — адправілі сваіх сыноў Мікіту і Івана навучыцца якому-небудзь рамяству. Вось і трапілі яны ў Горад майстроў. Тут сыны ўбачылі, што рукамі можна зрабіць сапраўдны цуд, авалодаць любой справай па душы. У час свята вядучая і Фея творчасці і натхнення праводзілі розныя гульні, конкурсы, эстафеты, за ўдзел у якіх кожны атрымаў сувенір. Дзеці называлі і складалі з слоў прымаўкі і прыказкі аб працы, разгадвалі загадкі. Прый­шлі павіншаваць са святам першакласнікаў удзельнікі ўзорнай студыі мастацкай творчасці «Чарадзейка» са зборнай калекцыяй касцюмаў.

Фея творчасці і натхнення ўручыла Ксеніі Філіпенка, Святлане Румысавай і Кацярыне Сідуковай дыпломы за актыўны ўдзел у конкурсах, фестывалях, выставах рознага ўзроўню.

Але сапраўды ўсхва­ляваў прысутных урачысты момант пасвячэння першакласнікаў у рамеснікі. Узяўшыся за рукі, настаўнікі школы стварылі імітаваны ручай, праз які праходзілі дзеці. На памяць аб свяце кожны па­свячоны атрымаў медаль, які сімвалізуе нашы традыцыі і абрады.

Галоўныя героі свята пажадалі першакласнікам вырасці да сапраўдных майстроў, славіць сваімі цудоўнымі творамі школу і наш горад.

Хочацца падзякаваць выклад­чыкам школы рамёстваў за актыўны ўдзел у правядзенні свята.

Людміла СТАЎСКАЯ,

дырэктар «Дзіцячай школы мастацтваў

і мастацкіх рамёстваў г. Горкі».

Фота Міхаіла ЛЯЎЦОВА.

Оставить комментарий