Аляксандр Клачкоў – прафесар з душой лірыка


 

Доктар тэхнічных навук, ім стаў у 38 гадоў. Аўтар шэрагу падручнікаў і кніг па механізацыі сельскай гаспадаркі, больш паўсотні вынаходніцтваў, звыш 570 навуковых і метадычных работ. “Хросны бацька” шасці кандыдатаў навук. Аўтар 12 паэтычных зборнікаў. Уладальнік трох медалёў ВДНГ СССР. “Чалавек года-2009” у Горацкім раёне ў намінацыі “Грамадска-палітычная дзейнасць”. Член Міжнароднага саюза пісьменнікаў “Новы сучаснік”. Гэта няпоўны пералік жыццёвых набыткаў вядомага горацкага вучонага і паэта Аляксандра Віктаравіча Клачкова. Повад падсумаваць дасягнутае даў яго нядаўні чарговы дзень нараджэння. У невялікім пакойчыку шматпавярхоўкі, які цяпер з-за стану здароўя імянінніка для яго стаў цэлым сусветам, Аляксандр Віктаравіч разважаў над тым, на што ён размяняў сваё жыццё — на пачуцці і жаданні, як пісаў некалі ў адным з вершаў…

 

Аляксандр Віктаравіч з жонкай Вольгай Сцяпанаўнай

 

Тая сустрэча ў рэдакцыі часопіса “Полымя” настолькі ўрэзалася ў памяць, што, здаецца, адбылася толькі ўчора. Лёс падарыў яму сустрэчу з вядомымі беларускімі літаратарамі Нілам Гілевічам і Алесем Пісьмянковым. Гаварылі шмат аб чым. І, вядома ж, аб яго вершах.

Ніл Сямёнавіч раптам спытаў:

— Аляксандр, ты навуковец, скажы, навошта табе паэзія?

Аляксандр Віктаравіч неяк разгубіўся, але тут жа знайшоўся:

— Калі вы пытаецеся, дык можа ведаеце адказ?

Гілевіч вымавіў словы, якія і сёння вельмі важныя для паэта Клачкова:

— Таму што ў табе не загінуў сапраўдны беларус…

Нарадзіла гэтага таленавітага разумнага чалавека адметная чавуская зямля. На развіццё, станаўленне, па яго меркаванню, паўплывала ўсё: і сама маленькая радзіма, і лес, і рэчка, і, зразумела, лю­дзі добрыя. А найперш сям’я сціплых вясковых інтэлігентаў. Маці — дырэктар школы. Баць­ка таксама быў настаўнікам. Працаваў старшынёй сельскага Савета. А яшчэ Аляксандр Віктаравіч узгадаў дзядулю. Быў ветэрынарам, прайшоў тры вайны, ведамі валодаў усебаковымі. У такой сям’і якое магло расці дзіця? Прагнае да ведаў. Вучыўся Саша выдатна. Васьмігодка была ў яго родных Ваўкавічах. 9 і 10 класы заканч­ваў у школе, якая знахо­дзілася за 10 кіламетраў. Кожны дзень юнак пераадольваў гэту адлегласць: туды і назад.

 

Ужо ў дзяцінстве ў яго “прарэзаўся” інтарэс да тэхнікі. Уласнымі рукамі Аляксандр сабраў дэтэктарны прыёмнік, і той, на дзіва аднавяскоўцаў, запрацаваў.

 

Шмат чытаў, памятаючы словы настаўніка літаратуры: хочаш стаць чалавекам — чытай кнігі. І залаты медаль быў узнагародай юнаку за старанне ў вучобе і цягу да ведаў.

Родная вёска, маленькая ра­дзіма на ўсё жыццё стала для яго сэрца святым куточкам на планеце Зямля. Менавіта родным мясцінам прысвяціў Аляксандр Віктаравіч свой першы твор — сатырычна-гумарыстычную паэму “Мікітавы прыгоды”. Яна пабачыла свет у 2000 годзе. Не сказаць, што не пісаў вершаў да гэтага часу. Пісаў, але ў стол. І вось нарэшце зразумеў, што трэба захаваць памяць пра вёску, пра тых людзей, побач з якімі сталеў і станавіўся на крыло…

Пасля школы накіраваўся ў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію, на мехфак. Такім жа сумленным студэнтам быў, як і школьнікам. З першага курса заняўся навуковай працай. А яшчэ настолькі захапіўся філасофіяй, што менавіта яна магла стаць яго жыццёвай стыхіяй. Дарэчы, і ў гэтай навуцы падаваў вялікія надзеі. На студэнцкай канферэнцыі ў Таліне, куды прыехала моладзь з краін Прыбалтыкі, Беларусі, Малдавіі, Украіны, Аляксандр са сваім дакладам заняў першае месца, чым вельмі парадаваў Надзею Пятроўну Дземях, загадчыцу кафедры філасофіі. Гэта яна змагла захапіць хлопца такой сур’ёзнай навукай. Адным з падарункаў за перамогу стаў горацкаму студэнту-пяцікурсніку салідны партфель з натуральнай скуры. Каштоўная рэч была! Столькі паездак і камандзіровак вытрымала!

Усё тая ж Надзея Пятроўна параіла яму заняцца не філасофіяй, “якая нікуды ад цябе не дзенецца”, а механізацыяй. І сапраўды так атрымалася. Многія вершы Аляксандра Віктаравіча напоўнены глыбокім філасофскім зместам. Гэта роздум аўтара аб галоўным і вечным для кожнага з нас. Гэта пошук формулы жыцця (адзін са зборнікаў Клачкова-паэта так і называецца — аўт.). Напісаны вершы па-майстэрску, з такім душэўным лірызмам, што і сам пачынаеш разважаць, думаць, рабіць выснову…

Навука і паэзія настолькі цесна перапляліся ў яго лёсе, што проста немагчыма ўявіць жыццё без іх, гэтых відаў дзейнасці, якія, здаецца, вельмі далёкія адзін ад другога. Разважаючы над пытаннем, як яны стасуюцца ў штодзённым жыцці вучонага, Аляксандр Віктаравіч апавядае: “Гэта творчасць. І там, і там. Калі ты не прыдумаў нейкую машыну ці прыстасаванне, пройдзе час — нехта дадумаецца. А калі ты не запісаў новую думку, што ў цябе нарадзілася, гэта ўжо ніхто не зробіць”.

 

Аляксандр Віктаравіч з радасцю паказвае плён 20-гадовай працы — вучэбнае выданне “Сельскагаспадарчыя машыны. Тэорыя і разлік”, падрыхтаванае ў сааўтарстве з калегамі В. Кавалёвым і П. Навіцкім. Вельмі хутка надрукавалі, бо падобнага падручніка дагэтуль не было. У выдавецтве яшчэ адна кніга, якая, спадзяецца Аляксандр Віктаравіч, спатрэбіцца студэнтам-аграрыям. Сярод яго выхаванцаў, дарэчы, нямала вядомых людзей. У таварыстве “Рэмком” працуюць Аляксандр Маркевіч і Юрый Неміравец. Вучоны ганарыцца, што яны ёсць і сярод працаўнікоў сельскай гаспадаркі, якія дасканала ведаюць сваю справу. Гэта вучгасаўцы Сяргей Заяц, Аляксандр Гарбачоў, Уладзімір Кагоцька… Мікалай Блахін — асаблівы чалавек. З ім у той час, калі Мікалай Рыгоравіч кіраваў вучгасам, былі самыя цесныя дзелавыя сувязі.

 

Нам з фотакарэспандэнтам выпала ўнікальная магчымасць аднымі з першых пачуць свежыя вершы “Добрыя людзі” і “Зніклая вёска”. У другім з іх адчуваецца аўтарскі сум па тых населеных пунктах, якія дажываюць свой век разам з апошнімі жыхарамі. На шчасце, маленькая радзіма паэта ў цяперашні час — аграгарадок. Жыве, значыць, з надзеяй. Аляксандр Віктаравіч узгадвае сваіх бліжэйшых землякоў Васіля Антонавіча Сарокіна і прафесара Барыса Міхайлавіча Шундалава. Дык вось верш з сумнымі ноткамі — гэта пра вёсачку Барыса Міхайлавіча. Да вайны на сенакос у Растаполлі выходзілі 44 касцы. Цяпер засталіся лічаныя насельнікі.

 

Вучоны задаецца пытаннем: хто будзе працаваць на зямлі? Яго хвалююць кліматычныя змены. Вось град у Іванаўскім раёне выбіў амаль увесь ура­джай рапсу. Варта, відаць, рабіць стаўку і на альтэрнатыўнае земляробства, вырошчваць культуры, якія могуць прыстасоўвацца да неспрыяльных умоў надвор’я.

 

І слова навукі ў гэтых працэсах не павінна страчваць сваёй важкасці. З павагай вучоны ўспамінае калег з “залатога фонду” акадэміі, сапраўдных людзей і вучоных, на якіх можна было раўняцца. К. М. Сонцаў,
І. С. Рулінскі, А. А. Калікінскі, А. М. Багамолаў, А. З. Латыпаў, А. Ф. Двайнішнікаў
і многія іншыя. Яму выпаў гонар працаваць побач з імі. У кожнага была свая навуковая школа. І добра было б, каб гэтыя традыцыі жылі ў акадэміі.

Прафесар Аляксандр Клачкоў па-ранейшаму плённа працуе на роднай кафедры сельскагаспадарчых машын. Загадваў ёй больш за 15 гадоў. Па колькасці навуковых прац за пэўны перыяд А. В. Клачкоў заняў у акадэміі першае месца. Ён працуе з дыпломнікамі, аспірантамі, магістрантамі, вядзе курсавыя праекты. Здараецца, тут, у дамашнім рабочым пакоі вучонага, цесна становіцца ад чарцяжоў, іншых матэрыялаў тых маладых навукоўцаў, хто імкнецца вучыцца ў вядомага прафесара.

А вершы нараджаюцца ў свабодны час. Яго не так многа. Паэму “Дзевяць месяцаў гора” паэт прысвяціў ваенным па­дзеям, таму, што прыйшлося перажыць яго родным — бабулі і бацьку — у час Вялікай Айчыннай. У раённым конкурсе “Дарогі памяці жывыя…” твор нядаўна быў адзначаны Дыпломам другой ступені.

У ЗША з’явілася на свет кніга хоку ад Аляксандра Клачкова. З вершаў на трох мовах, напісаных у стылі вядомых японскіх трох радкоў, на першым месцы на беларускай, чым аўтар падкрэсліў сваю павагу да роднай краіны. І ніжэй — на рускай і анг­лійскай.

Яшчэ адным жыццёвым набыткам, так здалося, і самым каштоўным, Аляксандр Віктаравіч лічыць сям’ю. З жонкай Вольгай Сцяпанаўнай яго пазнаёміла і злучыла шлюбам родная акадэмія. Чаму пакахаў некалі і дагэтуль такую прывабную кабету? Адказ просты: а лепш няма! Вольга Сцяпанаўна, таксама прадстаўніца навукі, толькі аграном па адукацыі, стала яго надзейным сябрам, паплечнікам, а цяпер яшчэ і ангелам-захавальнікам, які дапамагае пераадольваць жыццёвыя цяжкасці.

У святочны дзень нараджэння ў кватэры Клачковых было шматлюдна. З віншаваннямі і самымі шчырымі пажаданнямі прыйшоў кіраўнік раёна Сяргей Кулагін. Візіт крануў імянінніка да глыбіні душы. Надзвычай прыемна было, што прыехалі дачка Таццяна і сын Максім з сем’ямі. Пяцёра ўнукаў, старэйшаму, студэнту ўніверсітэта, ужо 22 гады, а самаму малодшаму ўсяго гадок, — гэта гордасць і надзея Аляксандра Віктаравіча і Вольгі Сцяпанаўны. Ім дзядуля прысвячае вершы, для іх у апошні прыезд нават складаў казкі. Такія, што ў дзяцей узнікла жаданне іх запісаць.

Са светлымі пачуццямі любові да родных і ўсіх людзей, з якімі зводзіць лёс, з жаданнем тварыць дабро, дапамагаць мола­дзі спасцігаць навуку, пакінуць добры след жыве гэты мужны чалавек. Прыклад сапраўднага беларуса, якім варта захапляцца.

Тамара Івановіч

Фота Міхаіла Ляўцова


Оставить комментарий