Горацкая дэлегацыя на «Пісьмянковым лузе»


 

У Касцюковіцкім раёне Магілёўскай вобласці адбыўся V рэгіянальны  фестываль паэзіі  і аўтарскай песні «Пісьмянкоў луг». Свята сабрала сапраўдных знаўцаў паэзіі і аўтарскай песні не толькі з розных куткоў Беларусі, але і Расіі. Прайшлі конкурсы аўтарскай песні, паэзіі, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, канцэрты, выставы. Святкаванне разгарнулася на некалькіх пляцоўках у райцэнтры і ў вёсцы Бялынкавічы, на радзіме паэта.

 

Студэнтка акадэміі Алена Капцэвіч на адкрыцці фестываля.

 

Алесь Пісьмянкоў не аднойчы бываў у Горках. Ён пісаў: «Горкі адзін з маіх самых любімых гарадоў. Ёсць тут нейкая своеасаблівая аўра, светлая і чыстая».

 

Павел Вераб`ёў, Аляксандр Клачкоў, Алесь Пiсьмянкоў, Навум Гальпяровiч. 2001 год.

 

Паэт прыязджаў у Горкі са сваімі сябрамі: Анатолем Зэкавым, Уладзімірам Саламахам, Навумам Гальпяровічам, Леанідам Левановічам, Паўлам Вераб’ёвым і іншымі. Шчырыя сяброўскія адносіны звязвалі яго з краязнаўцам, былым дырэктарам Горацкага раённага гісторыка-этнаграфічнага музея Уладзімірам Ліўшыцам і паэтам, прафесарам кафедры сельгасмашын Аляксандрам Клачковым. Менавіта пры падтрымцы Горацкага раённага гісторыка-этнаграфічнага музея выйшаў зборнік паэта «Журавель над студняй».

Алесь Пісьмянкоў любіў сустракацца ў Горках з паэтамі, навучэнцамі педагагічнага каледжа, са школьнікамі і студэнтамі акадэміі. Выступленні яго былỉ ўражлівымі і запамінальнымі.

 

Радзім Гарэцкі, Міхаіл Мушынскі, Алесь Пісьмянкоў, Леанід Левановіч на сустрэчы з вучнямі Копцеўскай СШ. 1994 год.

 

Слыннага паэта не забываюць у Горках: ладзяцца вечарыны, прысвечаныя яго творчасці, літаратурныя выставы. Мясцовыя паэты прысвячаюць яму вершы.

У пяты раз горацкая дэлегацыя прыняла ўдзел у фестывалі. Па выніках конкурсу, які праходзіў сярод моладзі ў трох ўзроставых групах, Алена Капцэвіч і Ігар Драздоў (студэнты ФБУ і ФМСГ БДСГА, кіраўнік Людміла Дзеружкова) атрымалі дыпломы 1-й і 3-й ступені; Кацярына Пахомава (вучаніца гімназіі № 1) адзначана дыпломам 3-й ступені. Усе пераможцы атрымалі таксама грашовыя прэміі.

 

Ля памятнага знака Алесю Пісьмянкову ў Бялынкавічах.

 

Маладыя аўтары з кіраўніком народнага літаратурнага аб’яднання «Роднае слова» Людмілай Дзеружковай прынялі ўдзел ў паэтычных чытаннях «У родным слове цэлы свет» і разам з пісьменніцкай дэлегацыяй наведалі гісторыка-культурны аб’ект «Пісьмянкоў луг».

 

Алена Капцэвіч і Кацярына Пахомава на паэтычных чытаннях.

 

Сярод майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва дыпломам 2-й ступені ўзнагароджана майстар па саломапляценні раённага Дома рамёстваў Вольга Бразгунова.

У фестывалі прынялі ўдзел і мастацкія калектывы ЦКС Горацкага раёна: народны вакальны ансамбль «Аўсяніца» і народны вакальны ансамбль «Тараторки».

Людміла Дзеружкова


Leave a Comment