Надзея Усава з Малых Шарып — фіналістка рэспубліканскага літаратурнага конкурсу “БрамаМар-юні”


Вучаніца 10 класа ДУА “Саўскі ВПК ДС-СШ” Надзея Усава сёлета стала фіналісткай рэспубліканскага літаратурнага конкурсу “БрамаМар-юні” ў намінацыі “Проза”. Яго арганізавалі для школьнікаў 9-11 класаў студэнты Інстытута журналістыкі БДУ і куратар праекта кандыдат філалагічных навук, дацэнт Уладзімір Анатольевіч Капцаў.

P1000579
Надзея Усава

Конкурс праводзіўся па дзвюх намінацыях: “Проза”, “Паэзія” і праходзіў у два туры. Падчас першага школьнікі даслалі больш за сто твораў у Інстытут журналістыкі, дзе іх ацэньвала кампетэнтнае журы. Было вызначана па дзесяць прац у кожнай намінацыі. У другім туры прымалі ўдзел фіналісты. Каб вызначыцца з пераможцам, вучням было прапанавана заданне: напісаць свае думкі пра тое, што іх хвалюе сёння. Такім чынам гран-пры атрымалі самыя творчыя, здольныя вучні.

Надзея выступіла з эсэ “Музей пад адкрытым небам”, якое прысвяціла сваёй вёсцы. Пра што напісала дзяўчынка? Яна запрасіла ў завочнае падарожжа па родных мясцінах. “Правяла” па вёсцы Малыя Шарыпы, па прыгожым аксамітным ельніку, каля неабсяжнага жытнёвага поля. “Быццам бязмежнае зялёнае мора, па якому прабягаюць трапяткія хвалі, яно вабіць і здзіўляе сваёй непаўторнай прыгажосцю. А паабапал поля — прыгожыя вочкі валошкаў”, напісала Надзея. — Пастойце некалькі хвілін, памаўчыце, услухайцеся ў гэтую чароўную музыку, наталіце сваю душу гэтай прыгажосцю, вазьміце яе з сабою. А ў хвіліны роспачы ці адчаю вы прыгадаеце — і сум як рукою здыме”.

Дзяўчынка расказала і цікавую гісторыю, якая звязана з мясцовым возерам. Спынілася каля “гістарычнай залы” яе музея пад адкрытым небам, дзе на паўночнай ускраіне вёскі, на правым высокім беразе ракі Пнёўка, прытоку Проні, захаваліся руіны царквы, пабудаванай у пачатку 20 стагоддзя. “Ёсць звесткі, што з 1885 года ў вёсцы быў праваслаўны прыход Успення Прасвятой Багародзіцы, — напісала Надзея. — Да прыходу царквы адносілася адзінаццаць вёсак. Па словах мясцовага жыхара, храм быў пабудаваны ў гонар трохсотгоддзя рода Раманавых, а гэта акурат будзе пачатак 20 стагоддзя, дзесьці 1913 год. Для яго ўзвядзення была пабудавана цагельня, якая вырабляла чырвоную цэглу, запрошаны майстры з Калугі. Царква мела два купалы, фасады былі багата аздоблены архітэктурнымі дэталямі. Прыкладна ў сярэдзіне 1920-х гадоў яна была зачынена, у 50-х гадах тут быў магазін, затым склад. Спадзяюся, што мы прачнёмся ад бяспамяцтва і адновім гэты храм”.

Знаёміць дзяўчынка і са сваімі землякамі, працавітымі, шчырымі, спагадлівымі людзьмі, мудрацамі, аграномамі-самавукамі, для якіх спрадвеку словы хлеб, ніва, зямля былі самыя жаданыя і дарагія. “І яшчэ праца. Гэта ж яна, руплівая і дбайная, нараджала хлеб, рабіла ніву шчодраю, зямлю — плоднаю, чалавека — чалавекам”.

Журы адзначыла выбар жанру працы Надзеі Усавай, удалы падбор матэрыялу, выяўленчых мастацкіх сродкаў.

По словах школьніцы, ёй было прыемна ўдзельнічаць у конкурсе ў Інстытуце журналістыкі. Там яна сустрэла шмат аднадумцаў, такіх жа вучняў, як яна, якія шмат чытаюць і захапляюцца літаратурнай творчасцю. З імі было цікава пагутарыць, падзяліцца ўражаннямі.

Падчас выканання задання Надзея падзялілася думкамі наконт далейшага лёсу сваёй вёскі, умоў жыцця аднавяскоўцаў. Некаторыя вытрымкі з яе работы былі зачытаны кіраўніком майстар-класа паэтам Алесем Емяльянавым-Шыловічам. І хаця гран-пры дастаўся другой вучаніцы, Надзея атрымала карысны творчы запал.

По словах Надзеі, адзін з прыемных сюрпрызаў, які чакаў фіналістаў конкурсу “БрамаМар-юні”, — сустрэча з пісьменніцай Людмілай Рублеўскай, якая падзялілася сакрэтамі прыгожага пісьменства, адказвала на пытанні. Прыемныя ўражанні засталіся ад майстар-класаў, якія праводзілі пісьменнікі. Кожны вучань меў магчымасць выслухаць іх меркаванне пра сваю працу, атрымаў кансультацыю ад прафесіянала. А самай чаканай часткай конкурсу стала фінальная вечарына, на якой ушаноўвалі пераможцаў.

— Гучала музыка, нам уручылі цудоўныя падарункі. Усе фіналісты атрымалі магчымасць апублікаваць свае творы ў часопісе “Маладосць”, — падзялілася радасцю Надзея.

— Калі мы вярталіся дамоў, у цягніку адбылася цікавая сустрэча, — расказала настаўніца таленавітай дзяўчынкі, выкладчыца беларускай мовы і літаратуры Саўскай школы Тамара Віктараўна Крамінкіна. — У купэ з намі ехаў рускі пісьменнік з Пецярбургу Аляксандраў Аляксандр. Ён быў уражаны планамі і разважаннямі Надзеі. І пажадаў ёй і надалей займацца творчасцю.

Як рассказала Тамара Віктараўна, яе здольная вучаніца мае дыплом 1 ступені за ўдзел у абласным конкурсе, прысвечаным Году культуры. Таксама Надзея атрымала дыплом 2 ступені раённага фестывалю маладых талентаў ”Слаўлю цябе, Горацкі край”, дыпломы 3 ступені за ўдзел у раённых конкурсах сачыненняў “Што б я зрабіў для бяспекі працы работнікаў, калі б быў кіраўніком прадпрыемства” і “Захоўваем законы дарог!”.

А конкурс “БрамаМар-юні” натхніў Надзею на напісанне летам яшчэ адной творчай работы. Вучаніца прыняла ўдзел у конкурсе па ўспамінах родных пра Вялікую Айчынную вайну, які праводзіць адна з маскоўскіх літаратурных арганізацый. Пажадаем Надзеі поспехаў у яе першых творчых кроках.

Наталля СЦЕПЯНКОВА.


Leave a Comment