Сузор’е «Парнаса»


Свой 65-гадовы юбілей адзначыла аматарскае літаратурнае аб’яднанне “Парнас”. Гэтаму былі прысвечаны прэзентацыя кнігі “Акадэмічны вянок” і святочная літаратурна-музыкальная вечарына.

У сярэдзіне мінулага стагоддзя ў нашай сельгасакадэміі была створана невялічкая літаратурная група, у якую ўваходзілі студэнты, выкладчыкі і супрацоўнікі. А ў 1953-м на пасяджэнні Саюза пісьменнікаў БССР прагучала прапанова аб перайменаванні гэтай групы ў аб’яднанне. Шмат новых зорак з’явілася на небасхіле аб’яднання за ўвесь яго творчы шлях.

Менавіта тут, у Горках, успыхвалі таленты новых іменаў беларускай літаратуры. Сярод іх –  Нэлі Тулупава, Змітрок Марозаў, Леў Васільеў, Аляксей Багамолаў, Уладзімір Ліўшыц і многія іншыя.

Сёння “Парнас”, як і раней, аб’ядноўвае неабыякавых творчых людзей. Імёны шмат каго з іх вядомы чытачам не толькі ў Горках, але па ўсім свеце. Адным з галоўных накірункаў дзейнасці аб’яднання з’яўляецца выданне калектыўных і аўтарскіх сборнікаў. З 2000 года, калі “Парнас” узначаліў Андрэй Пугач, выйшла шэсць выпускаў “Акадэмічнага вянка”. Прэзентацыя апошняга адбылася падчас круглага стала з нагоды юбілею аб’яднання.

Насычанай атрымалася   і праграма святочнай вечарыны, што ладзілася ў Палацы культуры акадэміі. Падчас яе госці пазнаёміліся з асноўнымі момантамі станаўлення і жыцця “Парнаса” і  паслухалі   песні  на вершы яго  ўдзельнікаў.

Трэба адзначыць, што ўсе дасягненні  аматарскага літаратурнага аб’яднання змаглі реалізавацца шмат ў чым дзякуючы падтрымцы з боку рэктарата БДСГА. Парнасаўцы ўспрымаюць гэта з вялікай падзякай – амаль у кожнага ёсць прысвячэнне сваёй “альма-матэр”.  

Сярод тых, хто выходзіў на сцэну, каб павіншаваць аб’яднанне з юбілеем, былі першы прарэктар акадэміі Андрэй Калмыкоў, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Вольга Панасюк, якія уручылі Ганаровыя граматы кіраніку абъяднання і актыўным парнасаўцам.

Мерапрыемствы сабралі разам вядомых аўтараў, якія ў розны час былі звязаны з “Парнасам”,  і пачынаючых, хто цяпер уваходзіць у склад аб’яднання. У пасяджэнні і вечарыне  прымалі удзел Рыгор Бабчанок, член Саюза пісьменнікаў, Іван Шайко, акадэмік НАН Беларусі, Уладзімір Субат, карэспандэнт “Сельскай газеты”, Леанід Каліненка, ветэран аб’яднання,  Таіда Рэдказубава, Алеся Цэван і іншыя.

 

Фота Міхаіла ЛЯЎЦОВА


Leave a Comment