У Горацкім педкаледжы прайшла акцыя у падтрымку беларускай мовы


movaМы і мова

21 лютага ўвесь цывілізаваны свет адзначае Сусветны дзень роднай мовы. Свята мае гістарычныя карані. У 1999 годзе Генеральная канферэнцыя ЮНЕСКА вызначыла 21 лютага святочным днём. Генеральная Асамблея ААН падтрымала такую ініцыятыву, і з 2000 года Сусветны дзень роднай мовы адзначаецца па ўсёй планеце. Чаму менавіта 21 лютага? Гэта дата была абрана ў знак памяці страшных падзей 21 лютага 1952 года, калі ў сталіцы Бангладэш загінулі людзі.

Мовы з’яўляюцца самым моцным інструментам захавання і развіцця нашай матэрыяльнай і духоўнай спадчыны. А па даных ЮНЕСКА, палова з прыкладна 6000 моў свету знаходзяцца пад пагрозай знікнення. Як інструмент камунікацыі, успрымання і разважання мова апісвае тое, як мы бачым свет, і адлюстроўвае сувязь паміж мінулым, рэальнасцю і будучыняй.

Вось што пра сутнасць моўнага свята сказаў Генеральны дырэктар ЮНЕСКА К. Мацуура: “Родныя мовы ўнікальныя ў тым сэнсе, які адбітак яны накладаюць на кожнага чалавека з моманту нараджэння, надзяляючы яго асаблівым бачаннем рэчаў, што ніколі на самой справе не знікнуць, нягледзячы на тое, што пазней чалавек авалодае іншымі мовамі. Вывучэнне замежнай мовы – гэта спосаб пазнаёміцца з іншым бачаннем свету, з іншымі падыходамі”.

У Горацкім педкаледжы свята было адзначана высакароднай акцыяй у падтрымку беларускага  слова (удзел ў агульнабеларускай дыктоўцы прынялі многія выкладчыкі каледжа і яго адміністрацыя на чале з дырэктарам Сяргеем Пянчанскім) і лірычна-філасофскай відэавандроўкай “Зрабі крок наперад!” для ўсіх тых, хто неабыякава ставіцца да нематэрыяльных скарбаў чалавечага жыцця.

Кожны, хто прыняў удзел у мерапрыемствах, вырашыў таксама не адставаць ад іншых і зрабіць крок наперад у засваенні нацыянальнай мовы.

                                                               Васіль Супрун, выкладчык беларускай мовы і літаратуры Горацкага педкаледжа УА “МДУ імя А. А. Куляшова”.

 


Оставить комментарий