У Горацкім ЗАГСе адбылася рэгістрацыя шлюбу з беларускiм каларытам


Якая мілагучная наша мова! На жаль, чуеш яе вельмі рэдка. І тым больш прыемнай стала вестка, што ў канцы чэрвеня ў Горацкім ЗАГСе адбылася рэгістрацыя шлюбу менавіта на ёй. З беларускім каларытам ажаніліся Анастасія і Андрэй Сцефаненкі.

DSC_0251

Начальнік раённага аддзела ЗАГС Наталля Мелехава распавяла, што кожная пара, калі падае заяву, выбірае мову, на якой будзе праходзіць рэгістрацыя шлюбу.

Насця родам з горада Добруша, што на Гомельшчыне, а Андрэй — з Клімавіч. Пазнаёміліся ў Горках у 2011 годзе, калі абодва паступілі ў БДСГА на факультэт бізнесу і права па адной спецыяльнасці — правазнаўства.

Спачатку больш года сябравалі, — прызнаецца маладая. — Сустракаліся ў адной кампаніі. А потым цёплыя адносіны перараслі ў больш моцныя пачуцці. Мы розныя, але ў нас шмат кропак сутыкнення, аднолькавыя інтарэсы. Праз паўтара года прынялі абдуманае рашэнне ажаніцца.

DSC_0259

Закаханыя адразу паведамілі бацькам, што плану­юць распісацца без гасцей, не рабіць пышнае вяселле. Авось калі будуць вянчацца, маладыя паабяцалі: збя­руць на свята ўсіх родных і сяброў. Усё гэта апраўдваецца жаданнем самім зарабіць сродкі на вяселле. Праз нейкі час іх планы абавязкова павінны здзейсніцца. А пакуль яны яшчэ студэнты, застаўся апошні навучальны год. Наперадзе чакае размеркаванне, але Анастасія і Андрэй не хвалююцца, бо пойдуць працаваць ужо разам.

DSC_0288

— Апошнім часам мне вельмі падабаецца родная мова, — кажа малады муж. — Вабіць наша культура, традыцыі. Таму мы і вырашылі, каб рэгістрацыя шлюбу прайшла на беларускай мове. Прыемна, што мая каханая Насценька з ахвотай падтрымала гэтую ініцыятыву.

Цікавым было і тое, што маладыя выкарыстоўвалі ўпрыгожванні ручной работы з беларускім арнаментам: бабачка мужа і паясок жонкі. Няхай гэтыя рэчы ста­нуць шчаслівымі ў доўгім сямейным жыцці Анастасіі і Андрэя.

DSC_0465

Валерыя ПЛАВІНСКАЯ,

valerija_plavinskaja@tut.by.

Фото предоставил Горецкий ЗАГС.


Leave a Comment