Вечар памяці Анэлі Тулупавай “Я ЛЮБЛЮ ВАС, ЛЮДЗІ!”


 

21 лютага, якраз у Міжнародны дзень роднай мовы, у бібліятэцы імя Д. Р.Новікава Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі адбыўся вечар памяці, прысвечаны 80-годдзю беларускай паэтэсы, празаіку, драматургу, члену Саюза пісьменнікаў Беларусі Анэлі Іванаўны ТУЛУПАВАЙ. У акадэміі немагчыма было абыйсці ўвагай і гэта імя, і гэту дату – лёс Анэлі Іванаўны быў цесна звязаны з Горкамі, з нашай навучальнай установай, тут прайшло больш 10 гадоў яе жыцця, тут, у Горках, пачаўся яе шлях у вялікую літаратуру.

У 2001 годзе Анэлі Іванаўны не стала, але з намі засталіся яе вершы, яе вера ў дабрыню і каханне, яе шчыры зварот да ўсіх нас: “Я люблю вас, людзі!”

Яшчэ і цяпер многія жыхары памятаюць гэтую вясёлую сімпатычную жанчыну, якая спачатку працавала медсястрой, інструктарам раённага Дома культуры, загадчыкам аддзела райкама камсамола, а потым доўгі час была рэдактарам газеты «Советский студент».

А нарадзілася яна 1 лютага 1938 года ў сям’і настаўніка ў вёсцы Капань Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці. Дзяцінства прайшло на акупіраванай фашыстамі тэрыторыі і Нэля Іванаўна не па чутках ведала пра тое, што такое вайна… У 1955 годзе яна скончыла Гомельскае медыцынскае вучылішча і ў гэты час у газетах свае паэтычныя радкі аб непаўторнасці жыцця, аб каханні, аб дабрыні чалавека ў яе розных праяўленнях. У многіх яе вершах ёсць радкі пра Горкі, якія яна шчыра палюбіла і якія назаўсёды сталі ёй роднымі. Нэлі Іванаўна працавала шмат і плённа, у друку з’явіліся яе паэтычныя зборнікі «Станцыя надзей» (1971), «Дабрадзея» (1977), «Босая цішыня» (1980), «Гарывада» (1984), «Сонца ў хату» (1986), “Я чакаю цябе” (1993) і іншыя. Дарэчы, менавіта ў акадэміі выйшла кніга яе вершаў, якую паэтэса не паспела ўбачыць пры жыцці. Зборнік “Вочы ў вочы” быў выдадзены ў 2013 годзе, якраз да 75-годдзя з дня нараджэння Анэлі Іванаўны.

Кожны зборнік – гэта эмацыянальная размова з чытачом, якая вядзецца праз паэтычны вобраз, трапную рыфму, арыгінальнае параўнанне. Кожны зборнік гэта яшчэ і песня пра Радзіму, пра Беларусь. Шмат яе вершаў пакладзены на музыку. Да яе творчасці звярталіся такія кампазітары як Юрый Семеняка, Ігар Лучанок, Уладзімір Буднік, Надзея Мікуліч, Валянціна Макеева і іншыя. І у гэтым няма нічога дзіўнага, таму што вершы яе на дзіва меладычныя, і, здаецца, самі кладуцца на ноты.

На вечары памяці, які адбыўся ў бібліятэцы акадэміі, прысутнічалі тыя, хто асабіста ведаў Анэлю Тулупаву. Кіраўнік народнага літаратурнага аб’яднанна “Парнас” Андрэй Міхайлавіч Пугач успомніў свае сустрэчы з Анэляй Іванаўнай у час яе працы рэдактарам “Советского студента”, як вельмі патрабавальнага да слова журналіста і ў той жа час як вельмі прыгожую, абаяльную і аптымістычную жанчыну.

Святлана Паўлаўна Козік (у былым настаўнік рускай мовы і літаратуры, зараз на заслужаным адпачынку) усё жыццё падтрымлівала добрыя сяброўскія адносіны з сям’ёй Анэлі Іванаўны, сябравала і сябруе зараз з яе дачкой Алесяй. На сустрэчу яна прынесла шмат фотаздымкаў, кнігі Анэлі Іванаўны і паэтычныя зборнікі ўнучкі паэтэсы Валерыі, якой ад бабулі перадаўся літаратурны талент. Святлана Паўлаўна расказала пра нялёгкія выпрабаванні лёсу паэтэсы (трагічная смерць бацькоў, хвароба дачкі, заўчасная смерць мужа), пра яе шлях да Бога, да веры.

Сапраўды, творчасць Анэлі Іванаўны была цесна звязана з духоўным пошукам, прагай да веры. Яна шукала ўсё жыццё. І знайшла. Паэтэса напрыканцы жыцця стала манахіняй Неанілай. Яна пераступіла за тую мяжу, за якой слава – нішто, калі сэнс жыцця толькі ў Веры і Любові, у служэнні Богу і бліжнім. 

Вечар памяці быў удала дапоўнены ўрыўкамі з відэафільма Аляксандра Дамарацкага “Свет далекай зоркі”, удумлівага і шчырага разважання аб лёсе і творчасці Анэлі Тулупавай.

І вядома ж, на сустрэчы гучалі паэтычныя радкі Нэлі Іванаўны з яе зборнікаў, розныя па тэматыцы: ад высокага патрыятызму да пяшчотнай лірыкі, ад глыбокіх філасофскіх разваг да іскрыстага гумару, напоўненыя спагадлівасцю і міласэрнасцю пачуццяў, жаданнем рознабакова асэнсаваць гэты свет.

Вершы прагучалі ў выкананні удзельнікаў клуба творчай моладзі “Дэбют” Віталіны Скрунды, Веранікі Нарон, Вікторыі Чыгілейчык (факультэт бізнеса і права), Алега Кучынскага (эканамічны факультэт), Марыі Талсташовай (факультэт бухгалтарскага уліку), Рамана Максіменкі (факультэт біятэхналогіі і аквакультуры).

У паэтэсы ёсць такія радкі:

Як памру,

Дарагіх не стаўце мне помнікаў,

Толькі крыж, святы, ратавальны.

Засумуеце раптам – успомніце,

Мы заўсёды з Богам і з вамі.

На сустрэчы ў бібліятэцы і ўспомнілі гэтую светлую жанчыну з такой адкрытай і трапяткой душой. Успомнілі яе паэзію – з глыбокімі пачуццямі, яркімі вобразамі, прыгожымі рыфмамі. Успомнілі і адчулі, што яна, Анэля Тулупава, беларуская ластаўка, сапраўды разам з намі, бо памяць – гэта працяг жыцця чалавека ў нашых душах.

Марыя СТУДНЁВА,

галоўны бібліятэкар

аддзела гуманітарна-асветніцкай

работы бібліятэкі імя Д. Р.Новікава

УА “БДСГА”.

Фота Міхаіла ЛЯЎЦОВА.


Leave a Comment