Выйшла новая кніга Лідзіі Андрэевай


 

На кніжнай паліцы бібліятэкі імя Д. Р. Новікава Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі з’явілася новая кніга з прыгожай і незвычайнай назвай “Атожылкі”. Яе аўтарам з’яўляецца наша зямлячка, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў Лідзія Андрэева. Гэта ўжо адзінадццатая кніга нашай паэткі і, як усе яе папярэднія паэтычныя зборнікі, яна была падаравана аўтарам з  надпісам: “Дарагім чытачам бібліятэкі маёй alma matar…” з пажаданнямі здароўя і дабрабыту.

 

 

“Атожылкі” – слова, якое не часта пачуеш ці прачытаеш і, напэўна, не лішнім будзе патлумачыць яго значэнне. У прамым сэнсе – гэта малады парастак расліны, у пераносным – нашчадак, патомак. У якім значэнні было выкарыстана такое слова паэткай – кожны для сябе зробіць свой вывад, калі пазнаёміцца з гэтым творам, форма якога вызначана аўтарам як патрыятычна-філасофскі сказ (народная філасофія ў мастацкіх вобразах). Неабходна заўважыць, што гэта паэма ці сказ пачынаецца наступнымі словамі: “Малой радзіме прысвячаецца”. (Варта адзначыць, што ў мінулым годзе “Малой радзіме і Дню вызвалення горада Горкі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў” прысвечана гістарычная паэма Лідзіі Андрэеўне “Тут росы бялей…”).

 

Прысвячэнне і першыя радкі твора:

Мой куток! Ты мяне не адрынь –

Працягні сваёй ласкі далоні,

Мне даруй і надзею пакінь –

Я чалом прыпадаю да ўлоння…

 

Яна дае нам зразумець, што адрасавана яны родным мясцінам Лідзіі Андрэевай, дзе “…Вузел з продкамі самы тугі, Дабраслаўлены Крыжам, Іконай…” ці, калі яшчэ больш канкрэтна – сям’і Галкоўскіх з вёскі Судзілы Клімавіцкага раёну – гаспадару (краяведу) Аляксандру Мікалаевічу, яго жонцы Людміле Аляксандраўне, іх дзецям, унукам, а таксама іх продкам. (Да гэтага прозвішча мае дачыненне і аўтар – яе дзявочае прозвішча – Галкоўская).

 

Фото Міхаіла Ляўцова

 

Здавалася б, твор аб гісторыі вялікай сям’і і аб яе няхай вельмі працавітых, адметных, смелых і дасціпных прадстаўніках павінен быць цікавым толькі тым, хто іх ведае, хто рос, працаваў разам з імі, хадзіў агульнымі сцяжынкамі і піў ваду з адных крыніц. Аднак не… Здаецца, не памылюся, калі скажу, што змест гэтай своеасаблівай паэмы вельмі лёгка праецыруецца на лёсы і гісторыі шматлікіх сем’яў нашай Беларусі, бо аўтару ўдалося ў прыватным убачыць агульнае, звязаць лёс аднаго рода з гісторыяй усёй Бацькаўшчыны. (Дарэчы, ці не так мы праз сям’ю коласаўскага Міхала з “Новай зямлі” ўбачылі жыццё ўсяго сялянства Беларусі канца XIX пачатку XX стагоддзяў?).

У сваім сказе аўтар дзеліцца з намі тымі думкамі, якія рана ці позна прыходзяць амаль да кожнага з нас:

… А мы жывём нібыта ў сне:

Прачнуўся – і шыбуеш брава,

Бы ў фільме кадрам прамільгнеш

Апошнім, белым, нецікавым…

…”А хто я сапраўды, і што ж

Пра вас я знаю, мае продкі?”

Тут – белы кадр. Метамарфоз

Мо не адбудзецца ніколькі…

 

Нельга не заўважыць, што кніга выдадзена з вялікім паліграфічным густам. Высокую якасць друку зноў нам паказала мінскае  выдавецтва “Белпрынт”, у якім, дарэчы выхадзілі і папярэднія кнігі Лідзіі Андрэевай. Глыбокі змест твора, напісаны сакавітай беларускай мовай, разам з якаснай паперай, прыгожым шрыфтам, адмысловымі фотаздымкамі, мастацкім афармленнем вокладкі  робяць выданне сапраўднай падзеяй у літаратурнай  прасторы і Клімавіцкага раёну, і Горак. Засталося толькі дабавіць, што кніга выдадзена за кошт аднаго з яе герояў Аляксандра Мікалаевіча Галкоўскага.

30 ліпеня ў Клімавіцкай раённай бібліятэцы імя Івана Пехцерава адбылася прэзентацыя кнігі з удзелам аўтара і некаторых герояў паэмы. (падрабязней аб гэтым мерапрыемстве можна даведцца на сайце бібліятэкі).

Бясспрэчна, што ў кожнага чытача новая паэма, ці патрыятычна-філасофскі сказ Лідзіі Андрэевай выкліча свае асабістыя асацыяцыі, свае ўражанні, а ў адным можна быць упэўненым – яна нікога не пакіне раўнадушным… Але ж каб мець сваё меркаванне, трэба “Атожылкі” прачытаць. Кнігі (а іх у горадзе пакуль што толькі дзве) чакаюць вас, дарагі чытач, у бібліятэцы акадэміі і ў раённай бібліятэцы імя М. Гарэцкага. Чытайце, разважайце, духоўна ўзбагачайцеся і памятайце пра сваіх продкаў!

 

 

 Студнёва Марыя, галоўны бібліятэкар аддзела

гуманітарна-асветніцкай работы  бібліятэкі імя Д Р. Новікава


Leave a Comment