Рэдкі Майстар газетнага і паэтычнага слова: юбілей адзначае Міхаіл Уласенка


Сёння 85-гадовы юбілей адзначае наш старэйшы, вопытнейшы калега, вядомы журналіст, публіцыст, таленавіты паэт і пісьменнік, майстар трапнага войстрага слова, славуты зямляк по Магілёўшчыне і наогул вядомая ў краіне асоба Міхаіл Уласенка. Міхаіл Аляксандравіч састаіць у радах двух грамадскіх аб’яднанняў — “Беларускі саюз журналістаў” (а ў рады Саюза журналістаў СССР ён быў прыняты яшчэ ў далёкім 1965 годзе) і “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, таксама ў складзе народнага літаратурнага аб’яднання “Роднае слова” пры Горацкім раённым гісторыка-этнаграфічным музеі.

За плячыма Міхаіла Уласенкі доўгае вялікае насычанае жыццё, цікавы лёс, плённыя здабыткі і значныя дасягненні, высокія адзнакі за працу і талент. Літаратурная і журналісцкая творчасць Міхаіла Уласенкі адзначана шматлікімі ўзнагародамі, у тым ліку Ганаровымі граматамі высокага рангу і прэстыжнымі літаратурнымі прэміямі, нагруднымі знакамі “За вялікі ўклад у літаратуру” (Саюза пісьменнікаў Беларусі), “За заслугі” (Беларускага прафсаюза работнікаў АПК) і іншымі.

Гэты чалавек заўсёды поўны энергіі, ідэй, творчых планаў. Што казаць, калі на заслужаны адпачынак ён пайшоў толькі ў … 83 гады! І ўвесь час быў запатрабаваным прафесіяналам, цікавым аўтарам газетнага і мастацкага слова. Яго творы і артыкулы і сёння друкуюцца ў розных выданнях.

Міхаіл Аляксандравіч нарадзіўся 10 лютага 1937 года ў в. Юшкавічы Мсціслаўскага раёна. Скончыў аддзяленне журналістыкі Вышэйшай партыйнай школы пры ЦК КПСС. Працаваў карэспандэнтам Крычаўскай раённай газеты, галоўным рэдактарам Магілёўскага абласнога камітэта па тэлебачанні і радыёвяшчанні, галоўным рэдактарам Горацкай раённай газеты «Ленінскі шлях», уласным карэспандэнтам абласных газет «Магілёўская праўда» і «Зямля і людзі». Творы впытнага журналіста, прыхільніка і майстра гумарыстычнай мініяцюры, друкаваліся таксама на старонках рэспубліканскай газеты «Літаратура і мастацтва», у часопісе «Вожык», у абласным альманаху «Прыдняпроўе. Магілёўшчына літаратурная», калектыўных сборніках народнага літаратурнага аб’яднання «Роднае слова», іншых перыядычных выданнях.

За перыяд творчай дзейнасці Міхаілам Уласенка напісаны сотні артыкулаў аб дасягненнях аграпрамысловага комплексу і іншых сфер  народнай гаспадаркі, аб знакамітых людзях Магілёўшчыны: ветэранах вайны і працы, кіраўніках прадпрыемстваў, пісьменніках, паэтах, мастаках.

Міхаіл Уласенка аўтар зборнікаў «Мелочи жизни» (2005), «Базар житейской суеты» (2010), «Вершаплёт» (2016), «Маскарад перабудовы» (2020). Талент сатырыка дазволіў увасобіць у мастацкіх вобразах багаты жыццёвы вопыт, набыты за дзесяцігоддзі плённай працы на журналісткай ніве. У разнастайных жанравых формах (гэта пераважна эпіграмы, эпіграмаваныя прыказкі і прымаўкі, мініпародыі, афарызмы) паэт закранае істотныя бакі нашага жыцця, з лёгкай іроніяй пазірае на розныя з’явы ў сацыяльнай, эканамічнай і культурнай сферах грамадства. Вострым пяром змагаючыся з заганамі і недахопамі, ён заўсёды падтрымлівае добры пачатак у чалавеку.

Галоўнымі тэмамі яго творчасці – з’яўляюцца любоў да Радзімы, роднай беларускай прыроды, працавітых землякоў.

Калектывы раённай газеты «Горацкі веснік» і народнага літаратурнага аб’яднання «Роднае слова» віншуюць Міхаіла Аляксандравіча са значным жыццёвым юбілеем, жадаюць яму моцнага здароўя, новых творчых знаходак і дасягненняў на карысць нашай роднай Беларусі.

Фота Міхаіла ЛЯЎЦОВА