Хачу пазнаёміць вас з незвычайнай дзяўчынай. Хто ж яна такая? І чаму менавіта пра яе захацелася напісаць?
На першы погляд, звычайная школьніца, худзенькая, сціплая, з блакітнымі вачыма. Але зазірніце ў іх глыбей і вы ўбачыце, колькі ў іх дабрыні, пяшчоты, шчырасці.
Таццяна Жарыкава жыве ў вёсцы Пална нашага раёна. Яна з мнагадзетнай сям’і. Маці — хатняя гаспадыня, займаецца выхаваннем дзяцей і дамашняй гаспадаркай. Бацька працуе ў жывёлагадоўлі КСУП «Аўсянка імя І. І. Мельніка». Сям’я дружная, працавітая. І дачку прывучылі быць адказнай, справядлівай і спагадлівай.
Таццяна ў гэтым годзе заканчвае ДУА «Аўсянкаўская сярэдняя школа Горацкага раёна», і нам, настаўнікам, шчыра кажучы, шкада расставацца з такой выпускніцай. Застаецца задавальненне і радасць ад працы з такімі вучнямі.
Таццяна на працягу ўсёй вучобы ў школе актыўна ўдзельнічала ў многіх навуковых і творчых конкурсах, алімпіядах і займала прызавыя месцы. Толькі ў гэтым навучальным годзе яна заняла 2-е месца на ІІ-м этапе і 3-е месца на ІІІ-м этапе рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры (настаўнік Т. А. Калько), 3-е месца на ІІ-м этапе рэспубліканскай алімпіяды па нямецкай мове (настаўнік М. Ф. Калько), 3-е месца на раённым этапе алімпіяды па курсе «Вялікая Айчынная вайна» (настаўнік Л. М. Бандарэнка).
Таццяна Жарыкава з’яўляецца фіналістам рэспубліканскага літаратурнага конкурса «БрамаМар-Юні 2017» у намінацыі «проза» (фантастыка). Яна ўдзельнічала ў рэспубліканскім завочным конкурсе літаратурных работ юных паэтаў і празаікаў «Слова ў пераплёце», прысвечаным 500-годдзю беларускага кнігадрукавання, дзе заняла 2-е месца на раённым этапе (настаўнік Т. А. Калько).
У Таццяны 3-е месца за даследчую работу па біялогіі «Назіранне за ростам і развіццём базіліка звычайнага на тэрыторыі Горацкага раёна» (настаўнік В. С. Хутлікава), а таксама 3-е месца на раённым этапе алімпіяды школьнікаў Саюзнай дзяржавы «Россия и Беларусь: историческая духовная общность». У конкурсе «Молодежь – за жизнь, нравственность и семейные ценности» — гэта сумесны праект упраўлення адукацыі Магілёўскага аблвыканкама і сацыяльна-асветніцкай установы «Цэнтр падтрымкі Сям’і, Мацярынства і Дзяцінства «Пакрова» — у намінацыі «Целомудрие и верность — основа будущей успешной семейной жизни» заняла 2-е месца (настаўнік Т. А. Калько).
За ўклад у рэалізацыю маладзёжнай палітыкі, за якасную і добрасумленную работу, накіраваную на развіццё маладзёжнага руху, Таццяна Жарыкава ўзнагароджана граматай Горацкага раённага камітэта ГА «БРСМ».
І гэта яшчэ далёка не ўсё, што можна сказаць пра нашу выпускніцу. А якая цудоўная яна артыстка і спявачка! Усю душу і сэрца ўкладвае Таццяна ў песню. Амаль ніводнага канцэрта ў школе, а таксама на сцэне СДК аграгарадка Аўсянка і вёскі Пална не праходзіць без яе ўдзелу. Мы захапляемся яе талентам.
Вось такая вучаніца заканчвае нашу школу. Яна ніколі не спыняецца на дасягнутым, заўсёды ў творчым пошуку. Жадаем Таццяне поспехаў на выпускных іспытах. Няхай здзейсняцца яе мары пры паступленні ў вну.
Таццяна ДЗЕМЯНКОВА,
кіраўнік метадычнага аб’яднання настаўнікаў
ДУА «Аўсянкаўская сярэдняя школа Горацкага раёна» гуманітарнага цыкла.