Акцыя «Дзякуй, доктар» у Горках – фота і відэа


 

Чарговы тыдзень для горацкіх медыкаў пачаўся з акцыі раённага цэнтра культуры. Як паведаміла яго кіраўнік Анжаліка Северцава, сёння людзі ў белых халатах літаральна жывуць на сваіх працоўных месцах.

 

 

“Вельмі важна ўключацца ў дабрачынныя акцыі, але не менш значным з’яўляецца настрой, з якім ты пачынаеш новы тыдзень, дзень або змену. Таму мы вырашылі падтрымаць нашых дактароў добрымі словамі падзякі за іх сумленную працу, за тое, што яны змагаюцца за самае каштоўнае, што ёсць у кожнага з нас, — за здароўе і жыццё”, — адзначыла Анжаліка Мікалаеўна.

 

 

Супрацоўнікі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, раённага цэнтра  культуры дружна сказалі “дзякуй!” і запусцілі ў фае бальніцы банер з надпісам “Дзякуй, доктар!” на паветраных шарах.

 

 

Відэа-пажаданні сваім калегам адрасавалі медыкі, якія знаходзяць час спяваць у творчых калектывах РЦК. Медыцынская сястра інфекцыйнага кабінета Алена Драздоўская з’яўляецца ўдзельніцай народнага ансамбля народнай музыкі і песні “Жывіца”. Урач-рэнтгенолаг, загадчык аддзялення прамянёвай дыягностыкі Віктар Карповіч — удзельнік народнага акадэмічнага хора “Спадчына”. Яны пажадалі калегам моцнага здароўя, аптымізму, добрага настрою і ўсяго самага найлепшага.

 

 

 

 

Падтрымалі акцыю і выхаванцы дзіцячай школы мастацкіх рамёстваў. Хлопчыкі і дзяўчынкі кожны на сваім ватмане намалявалі літары, якія ўсе разам склаліся ў яркі хэштэг #дзякуйдоктар.

 

 

 

 

Спадзяёмся, гэтыя знакі павагі хоць на хвілінку прымусілі медыкаў усміхнуцца і дазволілі адчуць, што іх праца хоць і цяжкая, але ўдзячнасць пацыентаў і выратаваныя жыцці каштуюць такіх намаганняў.

 

 

Вольга Кіммель

Фота і відэа — Міхаіл Ляўцоў


Leave a Comment