«Асяроддзе дзяцей у пераважнай большасці рускамоўнае». Горацкая настаўніца беларускай мовы – пра вучняў і прафесію


 

Каб часцей і больш упэўнена гучала наша родная мова, на думку настаўніцы гімназіі №1 Алены Аляксандраўны Шкуратавай, не трэба цурацца яе. Кожнаму беларусу варта паспрабаваць адчуць сябе часцінкай гісторыі роднай старонкі, часцінкай прыгожага і працавітага народа.

 

Дзевяцікласніца Кацярына Яцутка — гордасць яе настаўніцы Алены Шкуратавай. Фота Міхаіла Ляўцова

 

Гімназія №1 — родная навучаль­ная ўстанова Алены Аляксандраўны. Тут прайшлі незабыўныя школьныя гады, калі спасцігала вучэбныя прадметы, шукала жыццёвыя арыенціры. Тут зрабіла першыя крокі ў прафесійнай дзейнасці пасля заканчэння Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. А. Куляшова.

Некалькі момантаў паўплывала на выбар прафесіі. Найперш быў добры прыклад бабулі Марыі Нікіфараўны Гладкай, простай настаўніцы ў вёсцы Панк­ратаўка. Яна вучыла сель­скіх дзетак у пачатковых класах. Змагла і ўнучку далучыць да роднай мовы. З дзяцінства Алена чула яе, і памяць на гады захавала пэўныя выразы, словы.

А потым была сустрэча з настаўніцай Святланай Уладзіміраўнай Каржуевай, якая стала любімай. Яна проста зачароўвала дзяцей мілагучнасцю беларускай мовы, стаўленнем да яе. У Алены ўзнікла неадольнае жаданне вучыць дзяцей так, як рабілі сваю справу паважаныя Марыя Нікіфараўна і Святлана Уладзіміраўна. І так, як яе калега Тамара Віктараўна Крамінкіна, якая першым часам дапамагала асвоіцца ў прафесійнай дзейнасці.

Больш за два дзясяткі гадоў нясе Алена Аляксандраўна прыгажосць роднага слова дзецям, вучыць іх любіць і паважаць беларускую мову, якая лічыцца адной з прыгажэйшых у Еўропе. Не можа сказаць, што гэта лёгка.

 

Асяроддзе ж дзяцей у пераважнай большасці рускамоўнае. Алена Аляксандраўна імкнецца прыстасаваць свае веды, свой светапогляд да сучаснай моладзі

 

Цяпер у настаўніцы, дарэчы, старшакласнікі, вучні 8-10 класаў. Яна заўсёды ў пошуку такіх момантаў, праз якія можна ўсхваляваць юнакоў і дзяўчат, зацікавіць іх. Атрымліваецца гэта лепш на тэмах агульначалавечых, на ўсім, што звязана з пачуццямі спагады, дабрыні, кахання. Вялікія магчымасці дае ў гэтым плане беларуская літаратура.

Асаблівая ўвага настаўніцы — вучням, якія праяўляюць павышаны інтарэс да роднай мовы. З імі Алена Аляксандраўна шмат займаецца дадаткова, рыхтуе да алімпіяд, дае творчыя заданні, вучыць пісаць сачыненні. Гэта не зусім устаноўка настаўніцы на тое, каб вучань заняў месца.

Яна лічыць, што трэба спрабаваць свае сілы, алімпіяда якраз дае такую магчымасць. Сёлета шэсць яе вучняў сталі ўдзельнікамі раённага вучэбнага першынства. Яны “ўзя­лі” чатыры прызавыя месцы. Дзве дзяўчынкі выступілі на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды. І, да радасці настаўніцы, Кацярына Яцутка заняла трэцяе месца сярод лепшых юных знаўцаў беларус­кай мовы Магілёўшчыны.

Даўно, як прызнаецца педагог, не бачыла такіх дзяцей. Дзяўчынка з цікавым светапоглядам, выключнай працавітасцю. З разуменнем, што мала мець здольнасці ад прыроды, іх яшчэ трэба развіваць, а гэта значыць — шмат працаваць.

 

І за шчасце лічыць Алена Аляксандраўна бачыць вочы такіх вось дзяцей, калі ў выніку намаганняў і старання ў іх нешта атрымліваецца

 

Намеснік дырэктара гімназіі Ірына Халюкова адзначыла, што Алена Шкуратава — аўтарытэтны педагог, які творча падыходзіць да справы і як настаўнік, і як класны кіраўнік. Яна ініцыятар многіх пазакласных мерапрыемстваў, удзельнік усіх інавацыйных праектаў. У любы час гатова даць майстар-клас калегам па методыцы выкладання любімага прадмета.

Не без удзелу Алены Аляксандраўны праходзіць у гімназіі і гэты тыдзень, які мае філалагічную накіраванасць. Павышаная ўвага — мовам братніх народаў, рускай і беларускай. Педагогі-мовазнаўцы падрыхтавалі шэраг цікавых мерапрыемстваў.

А сённяшні дзень ўстанова адукацыі пражыве пад дэвізам “Наша мова — мова для размовы”. Гімназістам малодшых класаў прапануюць відэападарожжа па цікавых мясцінах Беларусі. Старшакласнікі на перапынках змогуць паслу­хаць і пры жаданні патанцаваць пад музыку вядомых беларускіх груп. І галоўнае — калектывы настаўнікаў і гімназістаў будуць імкнуцца размаўляць на роднай мове.

 

Тамара Івановіч


Leave a Comment