Дзень ведаў у педкаледжы


1 верасня — асаблівае свята, кропка адліку новых перамен і дасягненняў, старт у будучыню. І асабліва важны гэты дзень для тых, хто ўступіў у шэрагі навучэнцаў педкаледжу — першакурснікаў.

У актавай зале ўстановы, дзе навучаюцца будучыя настаўнікі, адбылося ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае Дню ведаў. З віншаваннямі і пажаданнямі да студэнтаў звярнуліся дырэктар Горацкага педагагічнага каледжа Сяргей Барысавіч Пянчанскі, старшыня раённага Савета дэпутатаў Аксана Алегаўна Агароднікава, старшыня Ленінскага сельскага Савета Канстанцін Васільевіч Карпіцкі, настаяцель Спаса-Прэабражэнскай царквы протаіерэй Сергій, куратары і бацькі навучэнцаў. Усе шчыра жадалі юнакам і дзяўчатам поспехаў у вучобе, творчага натх­нення, зацятасці і працавітасці.

Вучоба ў каледжы — гэта не толькі авалоданне ведамі. Жыццё навучэнцаў даволі цікавае і шматграннае. Тут ёсць усе магчымасці, каб праявіць творчыя здольнасці. Пацвярджэнне таму — узнагароды за ўдзел у I адкрытым рэгіянальным фестывалі-конкурсе дзіцячай творчасці «Карагод сяброў», дзе дыпломам трэцяй ступені быў адзначаны вакальны ансамбль “Рэчанька” пад кіраўніцтвам
Г. М. Краўцовай, дыпломам другой ступені — Ксенія Гекіева, а першай — Варвара Кузьмянкова. К. В. Карпіцкі ўручыў грамату камісіі творчай дзейнасці Горацкага педкаледжа.

Пасля святочнага канцэрта ва ўсіх групах прайшлі куратарскія гадзіны на тэму «Навуковая творчасць моладзі сёння — паспяховае развіццё і росквіт Беларусі заўтра».

Затым навучэнцаў, выклад­чыкаў і гасцей запрасілі прыняць удзел у сяброўскай сустрэчы па настольным тэнісе ў рамках акцыі «У новы навучальны год — здаровымі».

Пра тое, як сёлета прайшоў набор навучэнцаў і якія задачы пастаўлены на новы навучальны год, пацікавілася ў С. Б. Пянчанскага.

— У гэтым годзе ў каледж паступілі 80 чалавек. 53 з іх на спецыяльнасць «Пачатковая адукацыя» са спецыялізацыямі «Замежная мова» і «Фізічнае выхаванне», а 27 навучэнцаў — на «Дашкольную адукацыю» са спецыялізацыяй «Творчая дзейнасць». У цэлым на месца прыйшлося 1,2 чалавека. Вядома, конкурс невялікі ў параўнанні з тым, як калісьці бывала і 3,5 на месца. Аднак план прыёму мы выканалі. Што датычыцца задач на новы навучальны год, то яны моцна не адрозніваюцца ад тых, што былі пастаўлены ў мінулым. Галоўнае — даць навучэнцам высокі ўзровень ведаў.

Ірына ТУРАВА.

На здымках: з Днём ведаў і пачаткам новага навучальнага года педагогаў і навучэнцаў каледжа віншуюць А. А. Агароднікава і К. В. Карпіцкі.

Фота Сяргея ХМАРСКАГА


Leave a Comment