Горацкай паэтцы Лідзіі Мініч – 80


 

22 студзеня  адзначыла свой 80-гадовы юбілей сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў Лідзія Мініч (Андрэева), якая ўсё сваё жыццё самааддана служыць справе і людзям.

 

 

Вось жыццёвае крэда Лідзіі Андэевай: “І справай, і ведамі рабіць людзям дабро”. Шматгранная тэматыка вершаў паэткі: грамадзянская, патрыятычная, філасофская, інтымная, пейзажная, поўная асэнсавання жыцця.

У вершах паэтэсы шмат вобразных параўнанняў, лірычных адступленняў. Яе лірыцы характэрны спагадлівасць да свайго героя, імкненне да тэматычнай завершанасці, дасканаласці формы. І гучыць паэтычны радок то ўзнёсла, задуменна, то востра, празрыста, але заўсёды праўдзіва і шчыра.

Імя Лідзіі Андрэевай добра вядомае ў паэтычных колах не толькі Магілёўскай вобласці, але і далёка за яе межамі. Аўтар ужо адзінаццаці паэтычных зборнікаў: “Спешу сказать…” (выдадзены ў 2005 г. у Магілёве, у МДУ імя А. А. Куляшова), “Жыватворная крыніца” (2007 г., Горкі), “Мая сям’я ад А да Я” (Мінск, 2010 г.), “Споведзь” (Мінск, 2010 г.), “На хвалях вечнасці” (Мінск, 2012 г.), “І боль, і мары, і любоў” (Мінск, 2013 г.), “У свам краі, як у раі” (Мінск, 2015 г.), “Цвіла каліна…” (Мінск, 2015 г.), “Ніці” (Мінск, 2017 г.), “Тут росы бялей…” (Мінск, 2018 г.), “Атожылкі” (Мінск, 2019 г.).

Пераважная большасць твораў Л. Андрэевай напісана на нашай роднай мове, таму творы гэтай таленавітай паэткі з’яўляюцца даволі значным укладам у развіццё сучаснай беларускай літаратуры.

 

 

Я ад продкаў сваіх беларуска,

У краіне двухмоўнай жыву.

Размаўляем жа ўсе мы на рускай,

Мова родная, дзе ж ты? Агу!

Я не супраць двухмоўя, дарэчы,

І сама на дзвюх мовах пішу.

Ды аб тым дарагім і адвечным

Я на родненькай мове скажу.

 

Яе вершы друкаваліся на старонках альманахаў “Брама”, “Славянская ліра – 2017”, “Славянская ліра – 2018”, “Под небом Рязанским”, часопісе “Вожык”, рэспубліканскіх газет “Літаратура і мастацтва”, “Культура”, “Белорусская ніва”, абласной газеты “Зямля і людзі”, у раённым друку і інш. Паэзія Андрэевай вызначаецца лірызмам, спавядальнасцю, у ёй дамінуе тэма кахання, прага высокага духоўнага ідэалу, роздум пра наш час, абавязак перад беларускім народам, клопат аб лёсе беларускай мовы. Паэтэса перакладае з рускай, а таксама кітайскай, іўрыту (з рускага перакладу) і іншых моў.

На яе вершы напісана больш за трыццаць песень: “Жыватворная крыніца”, “Вераснёвы раманс”, “Три звонка” (Барыс Магаліф), “Где ты, счастье?”, “Сустрэча з alma mater” (Ганна Калікінская) і інш. А на вершы “Выйду в ночь на крыльцо…”, “Хлеб” музыку напісала сама Лідзія Андрэеўна. Верш “На Пісьмянковым лузе” таксама пакладзены на музыку Андрыянам Бялясавым, і гэтай песняй у выкананні кампазітара пачынаецца абласное свята паэзіі і аўтарскай песні “Пісьмянкоў луг”.

Глыбокія, лірычныя вершы Лідзіі Андрэевай знайшлі водгук у сэрцах шматлікіх прыхільнікаў яе паэзіі.

 

 

Л. Андрэева з’яўляецца пастаяннай удзельніцай рэспубліканскага свята “Дзень беларускага пісьменства і друку”, абласнога фестывалю паэзіі і аўтарскай песні “Пісьмянкоў луг”, які праводзіцца ў Касцюковіцкім раёне, на радзіме Алеся Пісьмянкова, разнастайных раённых мерапрыемстваў. У намінацыі “Аўтарскі праект” атрымала “Дыплом спецыяльны” па выніках раённага конкурсу мастацкай самадзейнасці працоўных калектываў Горацкага раёна (2008 г.). Актыўная ўдзельніца Міжнароднага літаратурнага форуму “Славянская ліра”: у 2017 г. стала фіналістам па перакладах; у 2018 г. – пераможцам (3-е месца) таксама па перакладах. Стала лаўрэатам у трох намінацыях XV Міжнароднага конкурсу-фестывалю “Пад небам Разанскім” (2018 г.).

А творчых сустрэч з чытачамі кожны год бывае звыш дваццаці. Здзіўляе такая працаздольнасць аўтара, яе жаданне праводзіць велізарную працу па выхаванні ў маладога пакаленні пачуцця павагі да нашай Радзімы і роднай беларускай мовы.

Лідзія Андрэева нарадзілася ў вёсцы Рэкта Клімавіцкага раёна ў мнагадзетнай сялянскай сям’і (было 7 дзяцей): бацька – Галкоўскі Андрэй Лявонавіч (1898–1973 гг.), маці – Галкоўская Ганна Максімаўна (1902–1988 гг.). Радкамі з верша “Жыццё пражыць…” Л. Андрэева выказвае ўдзячнасць сваім бацькам за дабрыню і падтрымку:

 

Ох, як нярэдка ўспамінаю я

Сваіх бацькоў і ўдары долі зношу

З матуліным: “Ах, дзетухна мая…”

І бацькавым: “Дачка, не вешай носа!..”

 

 

У час Вялікай Айчыннай вайны давялося сям’і некаторы час жыць у лесе, дзе дзіця спазнала голад і холад.

Ліда вучылася ў Судзілаўскай васьмігодцы, а ў дзявятым і дзясятым класах – у сярэдняй школе № 3 г. Клімавічы, якую скончыла ў 1958 г. з сярэбраным медалём. Пасля школы вырашыла звязаць сваё жыццё з сельскай гаспадаркай і ў 1964 г. скончыла зоатэхнічны факультэт Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. Працавала ў Горацкім раённым упраўленні сельскай гаспадаркі, а з 1966 г. вучылася ў аспірантуры на кафедры развядзення сельскагаспадарчых жывёл. Пасля працавала асістэнтам на той жа кафедры, малодшым навуковым супрацоўнікам на доследчай станцыі БДСГА. У 1975 г. з мужам Аляксандрам былі накіраваны на працу ў Алжыр.

У 1989 г. Лідзія Андрэеўна абараніла дысертацыю на суісканне вучонай ступені кандыдата сельскагаспадарчых навук, з 1990 г. – дацэнт зоаінжынернага факультэта (зараз факультэт біятэхналогіі і аквакультуры). Выбіралася дэпутатам Горацкага гарадскога савета, членам прафкама акадэміі. Увесь час працуючы з моладдзю, імкнулася не толькі даць добрыя прафесійныя веды, але і далучыць да скарбаў роднай мовы, вучыла любіць зямлю, на якой нарадзіліся і жывуць.

 

 

Лідзія Андрэеўна з’яўляецца аўтарам шматлікіх навуковых артыкулаў і метадычных работ па праблемах сельскай гаспадаркі. У 1994, 1998 гг. была пераможцам Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства выкладчыкаў вышэйшых і сярэдніх сельскагаспадарчых навучальных устаноў.

Пасля выхаду на пенсію ў 1999 г. Лідзія Андрэеўна сваё прызначэнне знайшла ў паэзіі. Яе дэбют адбыўся ў 1999 г. на старонках раённай газеты “Ленінскі шлях” пад псеўданімам Лідзія Андрэева.

У 2005 г. выйшаў першы зборнік вершаў “Спешу сказать…” на рускай і беларускай мовах, у 2007 г. – другі зборнік таксама на рускай і беларускай мовах – “Жыватворная крыніца”.

Паэтэса піша вершы і для дзяцей. І ў 2010 г. выдала кніжку-алфавіт для дзяцей малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту “Мая сям’я ад А да Я”, якая ўяўляе сабой вершаваны алфавіт з незвычайным мастацкім афармленнем. Ілюстрацыямі сталі малюнкі пераможцаў IV Міжнароднага конкурсу дзіцячага малюнка “На сваёй зямлі”, які штогод праводзіць экалагічная арганізацыя “Беларускі зялёны крыж”. У прадмове аўтар кажа:

 

Словы родныя ласкава

Будуць ліцца злева, справа –

Кніжку гэту напаўняе

Водар мовы майго краю.

 

У зборніку паказаны адносіны дабрыні, любові і павагі ў сямі’і, любоў да Радзімы і сваёй роднай мовы.

 

 

Адзначаць Беларускасці Важнасць – Гэта Добрая Дзея Ёсць Еднасці, Жыццёвае Запатрабаванне. ІначаЙ Кажучы, Любіць Мову Неабходна: Одум Пераконвае, Розум Сцвярджае. Толькі Ўведаўшы, Уратуеш Фальклорнае Хараство. Цярпліва Чэрпай Штодня Эліксір Юнацкасці Яе – менавіта так, незвычайна і арыгінальна выказваючы сваю думку, Лідзія Мініч прадставіла поўны беларускі алфавіт. Кніга Лідзіі Андрэевай – удалы прыклад таго, як вершы для дзяцей могуць не толькі служыць для забавы, але і несці выхаваўчую і навучальную функцыі. У сваёй кнізе Лідзія Андрэева здзяйсняе з маленькім чытачом займальнае падарожжа па беларускім алфавіце, робячы прыпынкі на кожнай літары і такім чынам адкрываючы дзіцяці цэлы свет – з людзьмі, жывёламі, раслінамі, прадметамі побыту, заняткамі і прафесіямі, паняццямі і ідэямі.

Павел Саковіч, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, Мікола Чэмер, рэдактар аддзела культуры “Настаўніцкай газеты” ў заключэнні кнігі “Мая сям’я ад А да Я” напісалі: “Дарэчы, гэта не рэдкасць, калі літаратары ўжо ў сталым узросце пачынаюць пісаць для дзяцей. Відаць, на гэта іх падштурхоўвае ўласны бацькоўскі вопыт, назіранні за ўчынкамі, паводзінамі сваіх дзяцей і ўнукаў, а таксама не выказаныя да канца пачуцці любові і ўдзячнасці за шчасце і радасць, якія даюць нам дзеці. І яшчэ адна важная адметнасць “алфавітных” вершаў – гэта яснасць, прастата ў спалучэнні з тонкім гумарам, цёплай усмешкай. Кніга “Мая сям’я ад А да Я” – шчырая спроба аўтара як бы разгаварыць дзіця, зацікавіць яго, падштурхнуць да роздуму аб відавочных і яшчэ не пазнаных рэчах”.

 

Вось радкі з верша “Хлеб”:

Мне бацькі казалі: “Ў хаце

Хлеб – галоўнае багацце”.

Не кідай зярнятка ў смецце –

Бохан на стале звядзецца.

Зерне пакладзі ў пасцельку –

Ў мяккую, як пух, зямельку.

Даглядай, як толькі ўзыдзе,

Як дзіця, – і поспех прыйдзе.

 

У другой кнізе для дзяцей “У сваім краі, як у раі” (2015 г.) паэтка на простых будзённых прыкладах знаёміць дзяцей з багаццем роднай мовы, вучыць ганарыцца і даражыць усім сваім: сваёй мовай, сваёй Радзімай, сваім радаводам. Многія вершы з’яўляюцца прыказкамі: “Пасееш вецер – пажнеш буру”, “Зямля затуліць, як родная матуля”, “Быў бы сад, а салаўі прылятуць”, “Пры бабульцы, як пры сонейку”, “У дружбе жыць – не тужыць”, “Што дом – то і нораў”, “Пустая гаворка – не пагаворка”. А апавяданне “Прыгоды аднаго дня” наогул пабудавана на беларускіх прыказках і прымаўках.

У 2010 г. выйшла і кніга вершаў “Споведзь”, у якой прадстаўлены розныя формы верша, паэзія абрадавага накірунку і г. д. У кнізе “На хвалях вечнасці” (2012 г.) паэтка ў вершах звяртаецца да неўміручых міфаў і легенд старажытнай Элады, славутых паэм “Іліяда” і “Адысея” геніяльнага Гамера, якія “ў думках спевакоў жылі… праз іх і ў вечнасць адышлі”. Лідзія Андрэева ставіла мэтай перадаць у вершах міфы аб жыцці багоў і звязаныя з імі легенды аб стварэнні Сусвету і Зямлі. Кніга вельмі пазнавальная.

Верш Л. Андрэевай “Любоўю абдымаю” гучаў у прадмове да ўрачыстага адкрыцця Рэспубліканскай грамадска-культурнай акцыі “Беларусь у маім сэрцы”, якую распачаў Нацыянальны акадэмічны вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь 14 лютага 2012 года.

 

Да зары выйду з дому, на золку,

Каб убачыць, як сонца ўстае,

Павітаць бы мне першаю толькі

Залатыя прасторы твае.

 

І такую у сэрца лагоду

Лье мне водар зямлі дарагой.

Я – твая ад спрадвечнага роду,

З беларускаю светлай душой.

 

Васільковы вяночак сплятаю –

Твой, Радзіма, пасаг берагу.

Я любоўю цябе абдымаю

І нашчадкам яе падару.

 

І шапчу я каханню таемна:

“Ты не можаш мяне абмінуць –

Беларусь і любоў неад’емна

Ў маім сэрцы адзіна жывуць”.

 

У 2013 г. Лідзія Андрэева была прынята ў Саюз беларускіх пісьменнікаў.

Пераклады вершаў Г. Ахматавай, А. Блока, М. Някрасава, А. Майкава, К. Сіманава, С. Шчыпачова і іншых паэтаў, аўтараў папулярных рускіх рамансаў XIX ст. разам з яе вершамі ўвайшлі у кнігу “І боль, і мары, і любоў” (2013 г.), такую ж разнастайную па тэматыцы і глыбокую па сэнсе. Акрамя вершаў аб Радзіме, прыродзе, каханні, ёсць у ёй і прысвячэнні класікам айчыннай літаратуры Янку Купалу і Якубу Коласу, Максіму Гарэцкаму і Максіму Багдановічу, Алесю Пісьмянкову, грамадскім дзеячам, а таксама мясцовым горацкім знакамітасцям. Некаторыя творы ў гэтым зборніку напісаны ў формах санета, акрасанета, актавы, трыялета, рандо.

А рускія пераклады кітайскай паэзіі на беларускую мову атрымалі новае гучанне. Вось пераклад верша паэткі Лі Цін-Чжао (1084–1151гг.), зроблены Л. Андрэевай:

 

Сон незвычайны мне сніўся,

Як бы я ў небе лунала,

Голас з бяздоння нябёсаў

Звернуты быў да мяне.

 

Ласкава так і спагадна

Неба ў мяне запытала:

“Шлях свой куды скіравала

Ты на зямной старане?”

 

Горкае Небу прызнанне

Так я зрабіла на гэта:

“Сонца ўсё ходзіць на захад,

Шлях жа заўсёды далёк.

 

Мой шлях жыцця – разуменне

Справы нялёгкай паэта,

А дасканалы так рэдкі

Створаны мною радок!”

 

Вядомы беларускі пісьменнік Анатоль Зэкаў, лаўрэат літаратурных прэмій імя Васіля Віткі і “Залаты Купідон”, напісаў: “І ўсё ж я не магу пагадзіцца з той думкай, што паэзія абудзілася ў душы Лідзіі Андрэевай запознена. Хутчэй за ўсё, яна там паволі выспявала, каб аднойчы, як той вулкан, вырвацца вогненнай лавай, ускалыхнуць і прымусіць жыць ёю. Відаць, наспеў час, калі паэтычнаму слову стала цесна ў душы, яно імкнулася на волю, каб крыляць самому і акрыляць паэтку, а разам з ёй і ўсіх тых, хто прачытае яе акрыленыя вершы. А яны і насамрэч акрыленыя. Пра што б ні пісала Лідзія Андрэева (а яе паэзія вылучаецца тэматычнай разнастайнасцю), паэтка кожны радок прапускае праз уласнае нераўнадушнае сэрца, яна перажывае ўсё апісваемае сама і змушае (няхай і нязмушана) перажываць разам з ёй сваіх чытачоў. У вершах Лідзіі Андрэевай цесна знітаваны і пераплецены і радасць, і боль. Ды і хіба можа быць інакш, калі і само наша жыццё даволі шматграннае і стракатае, дзе на кожным кроку суседнічаюць і смех, і слёзы? Паэтка з любоўю і замілаваннем піша пра нашу родную Беларусь, і ў той жа час яе не можа не трывожыць сённяшні стан беларускай мовы, без якой мы, беларусы, не здольныя “людзьмі звацца”.

 

 

Піша Л. Андрэева і прозу. Яе нарысы з’явіліся ў кнізе “Цвіла каліна: вершы і проза” (2015 г.), выдадзенай да 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне з прысвячэннем: “Святому неўміручаму імені Маці і яе адданым сынам прысвячаю”. Напэўна, нікога не пакіне абыякавым верш “Для матулі чытаю радкі”, у якім паэтка з вялікай любоўю і замілаваннем піша пра маці:

 

У ёй схаваны праменьчык цяпла,

Ён у непагадзь нас сагравае,

І нябесная сіла святла

Шлях нязведаны нам адкрывае.

 

Жыватворная кропелька – ты

Пасланец на зямельцы нябесны.

Без цябе – акіян без вады,

Без цябе – ручаёчак без песні.

 

У 2017 г. выйшла дзявятая кнігі Лідзіі Андрэевай – “Ніці”. Назва зборніка заклікана падкрэсліць духоўныя сувязі кожнага чалавека і Сусвету. Зборнік мае наступныя раздзелы: “Гасцінец дабрыні”, “Імя як помнік”, “Выслоўі”, “Пераклады”. Эпіграфам да кнігі з’яўляюцца вельмі ёмістае выказванне Лідзіі Андрэевай: “У кожнага чалавека ёсць спадчына – яго зямля, яго Радзіма. Яе немагчыма ні аддаць, ні прадаць, ні падарыць – яе трэба любіць і рабіць так, каб гэтая спадчына свяціла добрым Святлом, бо водбліск Яго – кожны з нас”. У гэтых радках заключаецца мэта ўсяго жыцця паэткі – праслаўляць у сваіх вершах і паэмах свой родны край, зберагаць найкаштоўнейшы скарб – родную мову, каб нашы нашчадкі змаглі ганарыцца за гэта пакаленнямі сваіх бацькоў і дзядоў.

Раздзел “Гасцінец дабрыні” адкрываецца вершам “Ты – адзіная”, у якім паэтка выказвае любоў да сваёй Радзімы:

 

Ты – адзіная ў нас, і другой нам не трэба.

Не пасмее ніхто ні прадаць, ні забыць.

А не дай Бог бяда… я скарыначкай хлеба

Падзялюся, каб вечна магла ты свяціць.

 

У многіх вершах паказаны асаблівасці нацыянальнага характару беларусаў: іх працавітасць. дабрыня, спагадлівасць, адкрытасць, талерантнасць.

Адзін з раздзелаў новага зборніка мае назву “Імя як помнік”. Яго складаюць прысвячэнні вядомым паэтам, знакамітым асобам, сярод якіх Ніл Гілевіч, Уладзімір Мулявін, Яўгенія Янішчыц, Уладзімір Высоцкі.

У раздзеле 3 змешчаны выслоўі аўтара, кароценькія, але вельмі ёмістыя паводле сэнсу. У іх выказаны погляды на сэнс жыцця, адносіны паміж людзьмі, любоў да Радзімы:

 

Любіць сваю Радзіму

Вучу я родным словам:

Яна мяне радзіла

І з вераю, і з мовай.

 

Вельмі добра Лідзія Андрэева сказала пра Горкі, якія сталі для яе другой малой радзімай, бо тут пражыта большая частка жыцця: “Горкі – асаблівы куток Радзімы, які спалучае ў сабе лепшае: прыгажосць, інтэлект, духоўнасць”.

Пра любоў паэткі да нашага горада сведчыць верш “Мая альма-матэр”:

 

Павольнаю крочу хадою:

Так люба спатканне з табою –

Куточак маёй Беларусі

З такой непаўторнай красою.

 

А верш “Жыватворная крыніца”, прысвечаны нашай акадэміі, удзельнічаў у конкурсе на гімн БДСГА.

 

Вечна сонцу свяціць

І зямлі вечна жыць!

Нам любіць яе, ёй ганарыцца.

Акадэмія, вечна красуй,

Ты імя сваё ў свеце шануй,

Жыватворная наша крыніца!

 

Паэтка вучыць нас не зайздросціць іншым, не павучаць людзей, а навесці парадак у сваёй душы і ў сваіх справах, імнуцца заўсёды рабіць усё па праўдзе, цягнуцца да разумных людзей, любіць зямлю, старацца жыць гарманічна: “Вялікай прыцягальнаю сілаю валодае чалавек, калі ягоразумныя думкі агранены прыгожым словам і справы адпавядаюць таму – гэта гармонія. Адным словам, гармонія думкі, слова і справы – самая каштоўная і прыцягальная сіла”.

Адметная рыса новага зборніка – значная колькасць перакладаў вершаў з рускай мовы на беларускую. Вершы вядомых рускіх паэтаў дзякуючы таленту Лідзіі Андрэевай набываюць асаблівую беларускамоўную адметнасць. У апошні час пісьменніца натхнёна працуе ў гэтай сферы. Захаваць асаблівасці арыгіналу, яго змест, рытміку і памер – усё гэта патрабуе ад аўтара вялікага майстэрства, і Лідзія Андрэеўна прадэманстравала сваю здольнасць авалодаць гэтай складанай паэтычнай працай. Прачытаным ёю перакладам вядомых рускіх паэтаў характэрна асаблівая беларускамоўная адметнасць.

Усім добра вядомы верш Марыны Цвятаевай “Мне нравится, что Вы больны не мной…” і незабыўны раманс у выкананні Алы Пугачовай. Лідзія Андрэева зрабіла цудоўны пераклад верша на беларускую мову:

 

Мне люба, што Вы мроіце не мной,

Мне люба, што баліць душа не Вамі,

І цяжкі шар, што мы завём Зямлёй,

Не паплыве пад нашымі нагамі.

 

Вельмі прыгожа гучыць Марына Цвятаева на беларускай мове, як і Сяргей Ясенін (“Заспявай мне песню”), Міхаіл Святлоў (“На Парнасе”), Канстанцін Сіманаў (“Чакай мяне”, “Радзіма”), Ганна Ахматава (“У каханай шмат просьбаў заўжды”).

І, вядома, галоўная думка зборніка выказваецца ў вершы “Ніці”. Паэтка заклікае нас не рваць тоненькія ніці, якія звязваюць людзей, не адхіляць тых, хто помніць пра нас, падтрымліваць сувязі з нашымі роднымі і блізкімі людзьмі, цягнуцца да іх, асабліва ў цяжкія для нас хвіліны: “калі спустошанасць душу скрабе”.

 

Цяпер душа твая не камертон,

А гукі ў ёй нібы металу скрыгат.

Трымайся ніцей – і заціхне стогн,

На раздарожжы знойдзецца той выхад.

 

І ты пачуеш гукі дабрыні –

Яны жывуць ужо ў тваёй прасторы.

Ты струны-ніці лёгенька крані,

І сэрца тваё іх настрой паўторыць.

 

Словы гэтыя гучаць вельмі актуальна ў наш імклівы час, калі людзі заўсёды некуды спяшаюцца, у іх тысячы спраў, а ў гэтым кругавароце забываюць напісаць ліст, патэлефанаваць сваім бацькам, родным і блізкім людзям, наведаць іх. А ніці, якія звязваюць нас з роднымі людзьмі, рваць не трэба, бо гэта тое, што дае нам сілы, дазваляе годна пражыць сваё жыццё.

Лідзія Андрэева – аўтар паэмы “Тут росы бялей…” (2018 г.), прысвечанай Году малой радзімы і Дню вызвалення горада Горкі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, дзе паэтка апавядае пра гісторыю Горацкага краю, усе найбольш значныя падзеі, якія адбываліся ў Горках на працягу стагоддзяў – з глыбіні вякоў да нашага часу. У кнізе змешчаны цудоўныя фатаграфіі М. М. Ляўцова, А. У. Гурыкава, А. М. Храмко.

У 2019 г. выйшла яшчэ адна кніга, якая называецца “Атожылкі”, і прысвечана яна малой радзіме паэткі.

Атожылкі – гэта маладыя парасткі расліны. У пераносным сэнсе атожылкамі называюць нашчадкаў.

Прэзентацыя кнігі адбылася на малой радзіме Л. Андрэевай, у Клімавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэцы. Сама аўтар называе свой твор патрыятычна-філасофскім сказам (народная філасофія ў мастацкіх вобразах).

Твор пачынаецца вось такімі цудоўнымі радкамі:

 

Мой куток! Ты мяне не адрынь –

Працягні сваёй ласкі далоні,

Мне даруй і надзею пакінь

Я чалом прыпадаю да ўлоння.

 

Галоўныя героі кнігі – сям’я Галкоўскіх з вёскі Судзілы: гаспадар Аляксандр Мікалаевіч, пчаляр, яго жонка Людміла Аляксандраўна, бухгалтар, іх дзеці, унукі, а таксама іх продкі.

Аповед падаецца праз успаміны землякоў – вучонага Міколы і мужа і жонкі Галкоўскіх. У госці да Галкоўскіх прыехаў Мікола, гарадскі жыхар, які шмат гадоў не быў у сваёй роднай вёсцы і цяпер ледзьве яе пазнаў, бо не было ўжо тут ні школы, ні клуба, ні пошты, толькі дрэвы навявалі ўспамін пра былое.

Сям’я Галкоўскіх сардэчна, гасцінна сустрэла земляка.

Мікола з Галкоўскімі перабралі ў памяці сваіх родных, пагаварылі пра артэфакты даўніны: у мясцовасці шмат курганаў – чые яны? вялікі камень з выявай крыжа і паўмесяца – хто пакінуў пячатку? А вобраз вучонага Міколы хоць і з’яўляецца збіральным, але ж, як патлумачыла ў час сустрэчы паэтка, спісаны, збольшага, з яе самой.

У Аляксандра Мікалаевіча і Людмілы Аляксандраўны трое дзяцей (Дар’я, Захар, Аляксандр) і чацвёра ўнукаў (Настасся, Аляксей, Вера, Альгерд). У сям’і берагуць народныя традыцыі і абрады. І малыя, і дарослыя ўмеюць добра і працаваць, і адпачываць. А Аляксандр Мікалаевіч і пчаляр, і шапавал, і цясляр; ён змайструе і сані, і калёсы; і сатчэ, і спрадзе. Словам, майстар на ўсе рукі.

Ён добра ведае гісторыю свайго краю, свайго роду, мноства казак, прыказак, народных песень і сам спявае. Лідзіі Андрэеўне Мініч і Аляксандру Мікалаевічу Галкоўскаму былі ўручаны падзячныя лісты райвыканкама.

У гэты дзень, 30 ліпеня, Аляксандр Мікалаевіч Галкоўскі адзначаў адразу два святы: дзень сваіх народзінаў (шасцідзесяцігадовы юбілей) і дзень народзінаў кнігі пра сябе.

Любіць радзіму, вялікую і малую, ведаць свае карані, ведаць гісторыю роднага краю – такі лейтматыў гэтага твора.

Словы Л. Андрэевай:“Мне вельмі хочацца, каб, чытаючы мае вершы, кожны задумаўся пра сэнс жыцця і пра сваё месца на нашай зямлі. Для мяне самай высокай ўзнагародай будзе тое, калі чытач будзе вяртацца да маіх вершаў і папаўняць сваю душу любоўю і дабрынёй”, –выражаюць творчае і жыццёвае крэда паэткі – служыць сваёй творчасцю людзям.

Пра значэнне паэзіі Л. Андрэевай і прыгажосць, дасканаласць яе вершаў вельмі ёміста і трапна сказаў Анатоль Зэкаў: “Паэзія Лідзія Андрэевай чыстая, як настоенае на зёлках баравое паветра, і празрыстая, як ранішнія росы. У ёй не заблытаешся, як у нейкім мудрагелістым лабірынце, бо вершаваныя радкі не кружляюць па абсягах думак і пачуццяў, а пад мернае рытмічнае перагукванне слоў выводзяць нас на шырокі прасцяг разваг над нашым існаваннем у гэтым складаным і супярэчлівым свеце. Паэтка не дае канкрэтных рэцэптаў, хіба што падштурхоўвае чытача да ўсведамлення свайго высокага прызначэння на зямлі”.

 

Ганна Малько, дацэнт кафедры лінгвістычных дысцыплін

Фота Міхаіла Ляўцова


Leave a Comment