Горацкія пісьменнікі атрымалі ўзнагароды ад Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі


26 сакавіка 2021 года ў Вялікай канферэнц-зале Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адбылася ўрачыстая цырымонія падвядзення вынікаў і ўзнагароджанне пераможцаў І Рэспубліканскага конкурсу творчых пісьмовых работ «За што я люблю родную зямлю». Конкурс быў аб’яўлены ў рамках Года малой радзімы Цэнтрам даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі яшчэ ў 2020 годзе. У ліку конкурсных работ — вершы, апавяданні, эсэ і творы іншых жанраў, якія раней не дасылаліся на конкурсы і не друкаваліся.

У конкурсе прынялі ўдзел 847 чалавек рознага ўзросту і прафесій з усёй Беларусі. Журы вызначыла 200 лепшых работ у 12 намінацыях: “З легендаў і казак былых пакаленняў…”, “Натхняе родная зямля”, “Магутная сіла паэзіі”, “Скарбонка ўспамінаў”, “Старонкі мінулага”, “Краязнаўчы далягляд”, “Мінулае і сучаснасць”, “Мова маёй Радзімы”, “Маладыя галасы”, “Замілаванне родным краем”, “Родныя краявіды”, “Скарбы роднай зямлі”.

Народнае літаратурнае аб’яднанне “Роднае слова” прадставіла на конкурс творы пяці горацкіх аўтараў, і кожны з іх адзначаны дыпломам за выдатныя дасягненнні ў конкурсе творчых пісьмовых работ і каштоўным энцыклапедычным выданнем пра Беларусь. У творах адлюстраваны пачуццё гонару і любоў да малой радзімы, да яе гераічнага мінулага, дасягненні ў развіцці рэгіёна на сучасным этапе.

Дыпломам другой ступені І Рэспубліканскага конкурсу творчых пісьмовых работ «За што я люблю родную зямлю» ўзнагароджана член Саюза пісьменнікаў Беларусі Наталля Ніканчук.

Пераможцамі ў намінацыі “Магутная сіла паэзіі” сталі Лідзія Мініч, ветэран педагагічнай працы, член Саюза беларускіх пісьменнікаў, і Аляксандр Клачкоў, прафесар кафедры сельскагаспадарчых машын факультэта механізацыі сельскай гаспадаркі БДСГА. У намінацыі “Замілаванне родным краем” — Алеся Азаранка, выхавацель групы падоўжанага дня дзяржаўнай установы адукацыі “Добраўскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа Горацкага раёна”; у намінацыі “Натхняе родная зямля” дыплом пераможцы атрымала дацэнт кафедры кадастра і зямельнага права землеўпарадкавальнага факультэта БДСГА Святлана Ластачкіна.

Шчыра віншуем нашых шаноўных пісьменнікаў з новымі творчымі дасягненнямі, выдатнай перамогай на рэспубліканскім узроўні і жадаем плёну і натхнення на ніве літаратурнай дзейнасці!

Людміла ДЗЕРУЖКОВА,
кіраўнік народнага літаратурнага аб’яднання “Роднае слова”
Фота Марыны ВАРАПАЙ, Міхаіла ЛЯЎЦОВА, Сяргея ДУБОВІКА


Leave a Comment