Народнаму літаратурнаму аб’яднанню «Роднае слова» — 35!


Ужо 35 гадоў народнае літаратурнае аб’яднанне «Роднае слова» выступае ў якасці культурнага цэнтра, вакол якога збіраюцца таленты горацкага краю. Яно заснавана ў 1986 годзе. На працягу трох з паловай дзясяткаў год яно выдатна спраўляецца з галоўнай задачай выхавання любові і павагі да свайго роднага краю, да матчынай мовы, вывучэння і прапаганды творчасці пісьменнікаў-землякоў, аказання дапамогі маладым творцам.

Члены народнага літаратурнага аб’яднання «Роднае слова»

Першымі ўдзельнікамі аб’яднання былі ветэран Вялікай Айчыннай вайны краязнаўца Ілля Стальмашонак, паэтэса Ніна Кавалёва, настаўнікі Леў Васільеў і Сяргей Лоцманаў, рэдактар раённага радыё Міхаіл Ісаеў, медсястра Святлана Цярэшка, былы кіраўнік народнага літаб’яднання «Парнас» Андрэй Пугач і іншыя. У розныя гады аб’яднаннем кіравалі Вольга Зяньковіч, Марыя Студнёва, Святлана Скаромная, Таццяна Караеўская, Наталля Ермалаева, Валянціна Белавусава, з 2005 года яго ўзначальвае Людміла Дзеружкова.

Жыццядзейнасць «Роднага слова» яшчэ больш узмацнілася ў 1990 г., калі яно перайшло пад крыло раённага гісторыка-этнаграфічнага музея. У 1996-м аб’яднанню прысвоена ганаровае званне «народны калектыў». З таго часу трывала ўвайшлі ў практыку прэзентацыі кніг, творчыя вечарыны, лекцыі, конкурсы, літаратурныя гасцёўні. Да горацкіх аматараў прыгожага пісьменства ў розныя часы прыязджалі ў госці вядомыя беларускія паэты і празаікі Ніл Гілевіч, Алесь Пісьмянкоў, Навум Гальпяро­віч, Змітрок Марозаў, Васіль Макарэвіч, Анатоль Зэкаў, Уладзімір Саламаха, Казімір Камейша, Віктар Карамазаў, Павел Саковіч.

— За перыяд дзейнасці аб’яднання выдадзена больш за 200 зборнікаў яго членаў, — распавядае кіраўнік Людміла Дзеружкова. — У тым ліку калектыўныя: «Горацкія крыніцы», «Блики памяти», «Радуга над храмом», «Над родным краем жураўлі», «Эхо нашей Победы», «На крылах натхнення», «Дарогі памяці жывыя…» і інш. Некаторыя члены аб’яднання былі прыняты ў Саюз пісьменнікаў Беларусі. Першай да яго радоў далучылася Ніна Кавалёва, пазней — Міхаіл Уласенка, Анатоль Прохараў, Сяргей Кісялёў, Наталля Ніканчук, Алеся Цэван.

Як адзначае старшыня Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаўБеларусіАляксандр Казека, «Горкі — адзіны раённы цэнтр на Магілёўшчыне, дзе літаратурнае аб’яднанне актыўна дапамагае абласному аддзяленню шукаць і гуртаваць літаратурныя таленты».

Сёння плённа працуюць на ніве літаратурнай творчасці Таццяна Гаўрыленка, Алеся Цэван, Аляксандр Ведзянееў, Алёна Петрусенка, Алеся Азаранка, Вікторыя Сулімава і многія іншыя. Адны з іх ужо выдалі асабістыя кнігі, другія друкуюцца ў СМІ, калектыўных альманахах і зборніках.

Нашы аўтары з’яднаны прагай да творчасці і любоўю да літаратуры, плённа і цесна супрацоўнічаюць з установамі культуры і адукацыі, грамадскімі арганізацыямі раёна і вобласці, — адзначае кіраўнік «Роднага слова».Яны частыя госці ў школах, студэнцкіх аўдыторыях, дзе чытаюць свае творы і распавядаюць пра ўласны шлях у літаратуру.

Мы актыўна ўдзельнічалі ў Рэспубліканскім свяце «Дзень беларускага пісьменства» ў Шклове, Быхаве, Бялынічах, рэгіянальным фестывалі паэзіі і аўтарскай песні «Пісьмянкоў луг», Міжнародным літаратурным форуме «Славянская лира» ў г. Мінску і фестывалі народнай творчасці «Порубежье» у г. п. Шумячы Смаленскай вобл., Нацыянальным музейным форуме «Музеі Беларусі» і інш. Горацкія аўтары станавіліся пераможцамі міжнародных літаратурных конкурсаў памяці К. Сіманава і А. Пушкіна, «Славянская лира», «По слову Твоему», рэспубліканскіх — «Славянский калейдоскоп», «За што я люблю родную зямлю» і інш.

На словы членаў аб’яднання прафесійнымі і самадзейнымі кампазітарамі Валянцінай Макеевай, Барысам Магаліфам, Ганнай Калікінскай, Аляксандрам Кажурыным, Сяргеем Ганаболевым, Яўгенам Магаліфам напісаны дзясяткі песень, якія палюбіліся жыхарам Горацкага краю і гучаць за межамі краіны. Сярод іх песні «Бус­лы Беларусі» (сл. А. Клачкова, муз. Я. Магаліфа); «Вясковы ветэран» (сл. Н. Кавалёвай, муз. В. Макеевай); «Песня пра ветэранаў (сл. Л. Васільева, муз. Я. Касалапава) і інш.

Ганаруся тым, што члены нашага аб’яднання самааддана займаюцца творчасцю, сустракаюцца са сваімі чытачаміі робяць усё гэта для людзей, нашай роднай зямлі і на карысць Бацькаўшчыны, — адзначылаЛ. Дзеружкова. — Гэта агульная справа аб’ядноўвае ўсіх нас.

Некаторыя аўтары выкладваюць свае творы ў сацыяль­ных сетках, маюць асабістыя сайты. Супрацоўнікі мясцовых бібліятэк сцвярджаюць, што чытачы актыўна цікавяцца творамі горацкіх пісьменнікаў і паэтаў. Пра гэта сведчаць іх шчырыя водгукі.

Тамара Стрыжэннікава, ветэран педагагічнай працы:

—Літаратурнае аб’яднанне «Роднае слова» — гэта куточак культуры, адукацыі, месца сустрэч з таленавітымі і натх­нёнымі людзьмі. Наколькі ж бедным і шэрым было б наша жыццё без гэтых сустрэч, пасля якіх адчуваеш, што і ў цябе нараджаюцца чыстыя думкі, якімі хочацца падзяліцца. «Роднае слова» — гэта слова матулі, таты, аднавяскоўцаў, гэта і маё слова, гэта нашы карані.

Аляксандр Крывянкоў, старшыня раённай ветэран­скай арганізацыі:

Наша «Роднае слова» ажыццяўляе вялікую працу па грамадска-патрыятычнаму і духоўнаму выхаванню студэнцкай і вучнёўскай моладзі. Прапагандуе творчасць беларускіх і горацкіх аўтараў. Значнымі выданнямі лічу зборнікі «Эхо нашей Победы», «Дарогі памяці жывыя…», кнігі ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Леаніда Самусенкі, Ніны Кавалёвай. Хачу выказаць падзяку членам аб’яднання і кіраўніку за захаванне гістарычнай памяці аб вайне.

Наталля Ніканчук, член Саюза пісьменнікаў Беларусі:

—Для нас, пісьменнікаў Горацкага краю, «Роднае слова» — своеасаблівы штаб, які мацуе сувязі з грамадскасцю, робіць усё, каб паэты і празаікі актыўна займаліся творчасцю, удзельнічалі ў розных мерапрыемствах. Добра, што кожнаму навічку надаецца асаб­лівая ўвага, падтрымка і дапамога больш дасведчаных членаў літ­аб’яднання і яго кіраўніка, пакуль
малады аўтар адчуе моц у сваіх творчых крылах. Так было і са мною, калі ў 2008 годзе я пры­ехала ў горад Горкі…

Алесь Клачкоў, прафесар:

«Роднае слова», сапраўды, аб’ядноўвае творчых людзей, і справа не ў колькасцi праве­дзеных пасяджэнняў i абмеркаванняў, а ў вынiках працы ўсiх удзельнiкаў аб’яднання. Выдаюцца калектыўныя зборнiкi, асабiстыя кнiгi, у якiх аўтары розных творчых накiрункаў выказваюць свае думкi, чаму можна толькi радавацца. Асаб­лiвую ролю ў гэтай агуль­най мэтанакiраванай працы выконвае наш кiраўнiк Людміла Мікалаеўна Дзеружкова. З неверагодным энтузiязмам яна дапамагае аўтарам у рэдагаваннi іх твораў i наладжваннi стасункаў з газетамі, часопiсамi, выдавецтвамi.

Падрыхтавала Галіна КАЖЭЎНІКАВА
Фота Міхаіла ЛЯЎЦОВА