Нясуць землякам узнёслае жывое слова


Урачыстасць з нагоды 35-годдзя ўтварэння народнага літаратурнага аб’яднання “Роднае слова” (кіраўнік Людміла Дзеружкова), якое дзейнічае пры Горацкім раённым гісторыка-этнаграфічным музеі, адбылася ва ўтульнай зале гэтай установы культуры. Тут сабраліся не толькі актыўныя члены суполкі, але і верныя сябры горацкіх паэтаў і празаікаў, госці і прыхільнікі літаратурнага слова і таленту мясцовых аўтараў, хто не развучыўся цаніць прыгожае і добрае, а таксама нязменны паважаны спонсар выдавецкай дзейнасці аб’яднання — дырэктар УП “Горацкі элеватар” Пётр Панасюга. У рамках творчай вечарыны таксама прайшла прэзентацыя чарговага калектыўнага зборніка “Зоркі над Горкамі”, які прысвечаны юбілейнай даце і Году народнага адзінства

Святочнае мерапрыемства можна параўнаць з жаданай сустрэчай вялікай дружнай сям’і, дзе пануюць самыя шчырыя і пяшчотныя ўзаемаадносіны, дзе рады вітаць адзін аднаго, ганарацца дасягненнямі і перамогамі блізкіх людзей, з павагай і любоўю ставяцца да кожнага. Менавіта такімі, адкрытымі і цёплымі, радаснымі і сардэчнымі былі ўсе выступленні падчас літаратурнай вечарыны ў цесным асяроддзі аднадумцаў: членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі Наталлі Ніканчук і Алесі Цэван, членаў “Роднага слова” Аляксандра Ведзянеева, Святланы Цярэшкі, Алесі Азаранкі, Людмілы Дзёменскай, Ларысы Івановай і іншых.

Былі таксама заслуханы відэазвароты-віншаванні да юбіляраў ад старшыні абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Аляксандра Казекі, члена “Роднага слова” Аляксандра Клачкова, ліст ад адного з першых кіраўнікоў аб’яднання Марыі Студнёвай.

Пра гісторыю стварэння, ранейшых кіраўнікоў і плённую працу аб’яднання распавядала дырэктар музея Святлана Макеева. Святлана Міхайлаўна ўручыла лісты падзякі за творчае супрацоўніцтва рэдакцыі раённай газеты “Горацкі веснік”, супрацоўніку раённай бібліятэкі Алене Марозавай, бібліятэкару Цемналесскай сельскай бібліятэкі Дрыбінскага раёна Алене Шавардовай, народнай тэатральнай студыі БДСГА “Парадокс“ (кіраўнік Валянціна Маркевіч),  тэатральнаму калектыву “Светлячок” (Алена Сідлерава) дзіцячай школы мастацтваў і вакальна-харавога майстэрства.

У сваю чаргу “Роднае слова” і яго кіраўнік атрымалі ўзнагароды і падарункі за плённую дзейнасць, духоўна-патрыятычнае выхванне моладзі ад Упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама, Магілёўскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, таксама за цеснае супрацоўніцтва і актыўную грамадзянскую пазіцыю, развіццё і захаванне літаратурна-краязнаўчай спадчыны — ад аддзела па адукацыі Горацкага райвыканкама, адзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Дрыбінскага райвынкама, Горацкай раённай бібліятэкі, калектыва элеватара.

Падчас прэзентацыі зборніка “Зоркі над Горкамі” Людміла Дзеружкова падрабязна расказала пра змест кнігі і аўтараў, прадаставіла некаторым з іх слова для выказвання сваіх меркаванняў. А студэнты студыі “Парадокс” чыталі ўрыўкі і вершы са зборніка. Кіраўнік аб’яднання разам з дырэктарам музея адзначылі, што выхад зборніка “Зоркі над Горкамі” стаў магчымы дзякуючы дапамозе КУП “Горацкі элеватар” і яго дырэктара Пятра Панасюгі, раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” і яго старшыні Наталлі Кавалёвай і шчыра падзякавалі ім за фінансавую дапамогу.

Вельмі шмат добрых шчырых слоў падзякі і павагі прагучала ад удзельнікаў вечарыны ў адрас кіраўніка аб’яднання Людмілы Дзеружковай. Яна сапраўдны генератар ідэй і той рухавік, які не дае спакою членам аб’яднання, заўсёды імкнецца актывізаваць іх творчую дзейнасць, удзел у розных конкурсах і фестывалях. Былі адзначаны выдатныя арганізатарскія здольнасці Людмілы Мікалаеўны і яе чалавечыя адносіны да кожнага аўтара.

На свяце прагучала песня на словы Ніны Кавалёвай “Беларусі”, музыку Уладзіміра Воранава ў выкананні Наталлі Краснаслабодцавай.

Галіна КАЖЭЎНІКАВА
Фото Міхаіла ЛЯЎЦОВА