Паэту Анатолю Прохараву – 70


 

Шмат таленавітых людзей, сярод нямала пісьменнікаў, нарадзіла і ўзгадавала Горацкая зямля. Сваю Бацькаўшчыну яны ўслаўляюць у творах, напоўненых ласкай і пяшчотай, непаўторным своеасаблівым пачуццём любові да малой радзімы. У чытачоў — аматараў і знаўцаў добрага слова — асаблівае стаўленне да тых, хто прысвячае сваю творчасць малым, піша для іх апавяданні ці рыфмаваныя радкі. Адным з іх з’яўляецца наш зямляк Анатоль Прохараў. Варта адзначыць, што яго вершы ведаюць не толькі ў нашым раёне. Да таго ж Анатоль Васільевіч 21 ліпеня адзначае свой жыццёвы юбілей: яму спаўняецца 70 год.

 

Анатоль Прохараў — член Саюза пісьменнікаў Беларусі, член народнага літаратурнага аб’яднання “Роднае слова”, аўтар трох паэтычнах зборнікаў для дзяцей на беларускай мове. Фото Міхала Ляўцова

 

Анатоль Васільевіч нарадзіўся ў вёсцы Рудкаўшчына Горацкага раёна 21 ліпеня 1949 года. Скончыў там школу-васьмігодку. Затым ГПТВ-18 горада Маркса Саратаўскай вобласці. Атэстат аб заканчэнні сярэдняй школы атрымаў ужо ў Горацкай СШ № 1 (завочна). Будучы пісьменнік служыў у ракетных войсках.

Першы верш мастака слова “Родная мова” быў змешчаны ў раённай газеце “Ленінскі шлях”. Тады Анатоль яшчэ вучыўся ў Рудкаўшчынскай школе. З гэтага перыядычнага выдання і пачаўся паэтычны шлях, які з часам перарос у літаратурную дзейнасць. У 1983 годзе выйшаў яго першы зборнік вершаў для дзяцей “Вуркаток”, у 1988-м — “Птушыны гарадок”, а ў 2005-м — “Вясёлы карагод”. Некаторыя творы паэта змешчаны ў школьных падручніках па беларускай літаратуры. У 2007 годзе Анатоль Прохараў быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў Беларусі. Трэба адзначыць, што чацвёрты зборнік вершаў для дзяцей “Чарадзейка” поўнасцю падрыхтаваны да друку і зараз знаходзіцца ў выдавецтве. Да таго ж ёсць яшчэ і песня на словы гэтага аўтара.

Анатоль Прохараў таксама друкаваўся і ў калектыўных горацкіх зборніках: “Галасы з Горацкага Парнаса” (2000), “Эхо нашей Победы” (2014), “На крылах натхнення” (2016), калектыўных выданнях Саюза пісьменнікаў Беларусі. Творы гэтага паэта можна сустрэць і на старонках часопісаў “Вясёлка”, “Родная прырода”, “Нёман”, “Вожык”, у газеце “Літаратура і мастацтва” і інш.

 

 

На яго жыццёвым шляху сустракаліся знакамітыя людзі — класікі беларускай літаратуры. Цікава тое, што ў свой час на пленумах, з’ездах Саюза пісьменнікаў госць бачыў славутых Рыгора Барадуліна, Максіма Танка, меў зносіны з імі. А Рыгор Барадулін нават дапамог Анатолю Прохараву ў час сур’ёзнай хваробы. Гэтыя знаёмствы таксама наклалі адбітак на творчасць нашага земляка.

Як адзначае кіраўнік народнага літаратурнага аб’яднання “Роднае слова” Людміла Дзеружкова, “з Анатолем Васіьевічам заўсёды прыемна і лёгка працаваць. Яго вершы прыцягваюць да сябе ўвагу дарослых і маленькіх чытачоў, кранаюць сваёй непасрэднасцю светаўспрымання, лёгкасцю і дакладнасцю рыфмаванага слова, удалым гумарам і пластыкай вобразаў. З Анатолем Прохаравым часта ладзім сустрэчы сярод школьнікаў, яго вершы з цікавасцю чытаюць на памяць дзеці малодшага ўзросту, па яго творах робяць інсцэніроўкі вучні тэатральных класаў адукацыйных устаноў. Ад сустрэчы з ім становіцца добра і светла на душы”.

“Горацкі веснік” і яго чытачы, народнае літаратурнае аб’яднанне “Роднае слова” віншуюць Анаталя Прохарава з юбілеем і жадаюць яму здароўя, шчасця, шмат радасных момантаў і, вядома ж, творчага натхнення.

 

Валерыя Драздоўская


Leave a Comment