Праз перавал Саланг


15 лютага ў Беларусі адзначаецца Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. У гэты дзень у 1989 годзе завяршыўся вывад савецкіх войскаў з Афганістана. Вайна доўжылася 9 гадоў. 29 гадоў таму савецкія войскі пакінулі межы дзяржавы, на тэрыторыі якой афіцэры і салдаты праяўлялі бяспрыкладную стойкасць і мужнасць. Напярэдадні святога для кожнага Дня памяці мы сустрэліся з воінам-інтэрнацыяналістам, былым супрацоўнікам Горацкага РАУС Аляксандрам Рыгоравічам Целяпнёвым. З дапамогай намесніка начальніка РАУС па ідэалагічнай рабоце і кадраваму забеспячэнню Аляксея Лагуценкі звязаліся з Аляксандрам Рыгоравічам, які жыве ў аграгарадку Леніна, і дамовіліся аб сустрэчы.

Звычайная кватэра на вуліцы Леніна. Нават пры прывітанні ў гаспадары ўзгадваеш рысы афіцэра. Знаёмімся. Хутка становіцца зразумела: наш суразмоўца – адкрыты і шчыры чалавек.

Аляксандр Рыгоравіч родам з суседняга Мсціслаўскага раёна. У 1978 годзе скончыў школу і восенню, у дзень свайго 18-годдзя, быў прызваны ў рады Узброеных Сіл. Прыступіў да тэрміновай вайсковай службы ў Германіі. Пазней, там жа ў Германіі, здаў уступныя экзамены ў вышэйшае ваеннае вучылішча тылу ў Горкім, цяпер гэта Ніжні Ноўгарад. Вучыўся з 1979 па 1983 гады. Па размеркаванні трапіў у ракетную брыгаду ў Асіповіцкім раёне, у ваенным гарадку Цэль. Там стаў начальнікам службы ракетнай брыгады, пазней у гэтай жа брыгадзе – намеснікам камандзіра ракетнага дывізіёна па тылу. “Ну, а далей Афган”, – Аляксандр Рыгоравіч на хвіліну спыняе свой расказ. З глыбіні памяці аднаўляе падзеі далёкага часу.

17 красавіка 1988 года ён у складзе абмежаванага кантынгенту савецкіх войск перасёк мяжу Афганістана. У хуткім часе быў прызначаны намеснікам камандзіра аўтамабільнага батальёна падвозу гаручага.

Аляксандр Рыгоравіч сціплы ў размове пра свае заслугі, але за яго гавораць узнагароды: ордэн Чырвонай Зоркі, медалі «За баявыя заслугі», «За адзнаку воінскай службы» першай ступені.

За што атрымаў ордэн Чырвонай Зоркі нават жонцы расказаў толькі гадоў праз 10.

Камандзір і намеснікі хадзілі старэйшымі калон, у якой было 70-80 машын. 18 тон гаручага ў адной машыне, а ў батальёне – 4 калоны. Паліва забіралі на мяжы з Таджыкістанам (чыгунка існавала з Саюза толькі праз Таджыкістан, самы першы прыгранічны горад Хайратон). Дайшлі да месца дыслакацыі часткі – Пулі-Хумры. І толькі мінулі перавал Саланг, як калону абстралялі.

Зенітка, дзе ехаў Аляксандр Рыгоравіч, змоўкла. Зенітчык быў паранены. Давялося выводзіць калону з-пад агню. Разам з параненым таварышам заўважылі кропку абстрэлу, той, з цяжкасцю заняўшы месца ў крэсле зенітнай устаноўкі,  выпусціў ленту. Далей дзейнічаў Аляксандр. Калона паспяхова вый­шла.

Колькі разоў потым памяць вяртала Аляксандра Рыгоравіча ў гэтае пекла вайны. Прыгадаў і пра выпадак у Пулі-Хумры. Пры абстрэле модуляў згарэла ўсё – і яго дакументы, і рэчы. Аляксандра выратавала толькі тое, што ў гэты час ён знаходзіўся ў шпіталі. Перад вачыма зноў жудасныя карціны. 9 жніўня 1988 года рэактыўны снарад трапіў у калону з боепрыпасамі. Склад, 140 вагонаў боепрыпасаў і, у тым ліку, рэактыўных снарадаў, узляцеў у паветра. Выбухі доўжыліся больш за 8 гадзін, пасля чаго засталася толькі груда металу…

Сваё мірнае жыццё пасля Афганістана наладжваў у горадзе Ваўкавыск Гро­дзенскай вобласці, дзе з 1989 па 1992 гг. быў начальнікам матэрыяльна-тэхнічнага аддзела перавалачнай базы. Затым пераехаў у Горацкі раён, 5 гадоў прапрацаваў у органах унутраных спраў. У 38 гадоў пайшоў на пенсію. Але ветэран не сядзіць без справы. Працуе старэйшым майстрам у камунальніку ў Леніна, адказвае за жыллёвы фонд.

У сям’і Аляксандра Целяпнёва прайшоў вайну і яго бацька. Дарэчы, розніца паміж нумарамі іх з бацькам ордэнаў – каля мільёна. Па слядах старэйшых Целяпнёвых пайшоў і сын Аляксандра Рыгоравіча Дзмітрый, цяпер ён начальнік пагранзаставы.

Аляксандр Рыгоравіч галоў­нымі сваімі ўзнагародамі лічыць поспехі сына і дачкі. А яшчэ ён шчаслівы дзядуля выдатных двайнятак.

З цеплынёй успамінае ветэран баявых дзеянняў сваіх таварышаў па Афганістану, з якімі да гэтага часу падтрымлівае сувязь: “З такімі людзьмі можна жыць, можна служыць і дасягаць поспехаў!” Сям’ёй ездзілі ў госці да камандзіра ў Калінінград, у Ленінградзе збіраліся. Вось і цяпер, у Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў чакаюць у госці сябра – падпалкоўніка з Баранавічаў.

15 лютага Дзень памяці не толькі для такіх воінаў-інтэрнацыяналістаў. Ён для ўсіх нас. Дзень, калі мы ўсе разам успомнім загінуўшых, аддадзім павагу тым, хто застаўся ў жывых, воінам-інтэрнацыяналістам, якія пра­дэманстравалі прыклады гераіз­му пры выкананні воінскага абавязку, вернасці доўгу, муж­насці і стойкасці.

Ірына ТУРАВА.

Фота Міхаіла ЛЯЎЦОВА.


Leave a Comment