Таццяна Дземянкова: Школа — гэта асаблівы свет


10 сакавіка прыгожы жыццёвы юбілей у настаўніцы Аўсянкаўскай сярэдняй школы Таццяны Уладзіміраўны Дземянковай. Тут яна вучыць сельскіх дзяцей, нясе ім «добрае і вечнае» больш за 35 гадоў.

Пра прафесію настаўніка наша калега марыла з малых год. Памятае, як у дзіцячым узросце гулялі з дзяўчынкамі ў «настаўніка»: правяралі сшыткі, выстаўлялі адзнакі, спісвалі крэйдай дошчачкі. У старэйшых класах гэтай мары не здрадзіла. Тут ужо канчаткова вызначыла, што будзе настаўніцай беларус­кай мовы і літаратуры. Любіла пісаць сачыненні, многа чытала.

Мара яе здзейснілася: хоць і не з першага разу, але паступіла ў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя М. Горкага на філалагічны факультэт.

— Лічу, што ў выбары прафесіі не памылілася, — разважае Таццяна Уладзіміраўна. — Школа — гэта асаблівы свет, дзе кожны наступны дзень не падобны на папярэдні. Жыццё тут б’е крыніцай, пастаянна трэба спяшацца да­рыць энергію, веды, уменні сваім вучням. Маё педагагічнае крэда — «Не з ведамі да вучняў, а з вучнямі да ведаў». Дэвіз кожнага ўрока — пошук і творчасць. Мой ідэал у прафесійнай творчасці:

І — ініцыятыва, індывідуаль­ны падыход.

Д — дабрыня, добразычлівасць.

Э — энергія.

А — актыўная жыццёвая пазіцыя.

Л — любоў да дзяцей і сваёй справы.

Для Таццяны Уладзіміраўны вельмі важна навучыць дзяцей самастойна думаць, шукаць неабходную інфармацыю, супа­стаўляць факты. Тады яны не перастануць вучыцца ўсё жыццё, незалежна ад сваёй прафесіі.

Настаўніца ўпэўнена, што сучасны ўрок павінен быць напоўнены творчасцю. Як у любой справе, не кожны дзень прыносіць поспех. Тады даводзіцца ўдумліва аналізаваць няўдачы, не засмучацца ад пралікаў. Галоўнае — не расчароўвацца. Поспех сучаснага ўрока зале­жыць ад многіх фактараў: ад настрою ў класе, падрыхтаванасці вучняў, іх працавітасці і жадання атрымліваць веды самастойна і інш. Аднак важную ролю адыгрывае сам настаўнік. Таму Таццяна Уладзіміраўна дакладна прадумвае план кожнага ўрока, ведае напамяць усе яго этапы, па неабходнасці можа імправізаваць у межах тэмы. Калі правільна падабраны метады і прыёмы работы ў залежнасці ад класа, тады поспех забяспечаны. І яшчэ вельмі важна, каб на ўроку пераважалі добрыя эмоцыі, узаемная павага і давер. Плануючы ўрок, неабходна памятаць, што ён павінен быць эмацыянальным, цікавым, на­сіць выхаваўчае значэнне.

Перад намі, філолагамі, праблема духоўнага і патрыятычнага выхавання стаіць вельмі востра, — упэўнена вопытны педагог. — Мы маем асноўную зброю ў руках — слова, мастацкую мову, кнігі. Знаёмячы вучняў з творамі класікаў і сучасных аўтараў, маем багаты матэрыял для выхавання, які ўплывае на разуменне духоўных каштоўнасцяў у жыцці.

Спецыфіка нашай работы такая, што мы сеем зярняты розуму і дабра, але прараста­юць яны яшчэ не хутка, не адразу. А бывае, на жаль, не прарастуць зусім… Але калі пасля маіх урокаў вучні ста­нуць хоць крыху дабрэйшыя душой адзін да другога і да акружаючых людзей, калі паняц­ці «абавязак», «павага», «адказнасць», «прыстойнасць» не застануцца для многіх фразай з кнігі, то я магу лічыць сваю задачу выкананай, няхай і не поўнасцю.

Валянціна КРЭМІС,
дырэктар ДУА «Аўсянкаўская сярэдняя школа Горацкага раёна»
Фота Міхаіла ЛЯЎЦОВА