Творчы вечар члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Наталлі Азаранкі адбыўся ў Горацкім раённым гісторыка-этнаграфічным музеі


21 сакавіка, у Сусветны дзень паэзіі, у Горацкім раённым гісторыка-этнаграфічным музеі прайшоў творчы вечар «Ляці, мая песня…» члена грамадскага аб’яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі» Наталлі Азаранкі

На сустрэчу з таленавітай паэтэсай завіталі вучні школ і студэнты БДСГА, члены народнага літаратурнага аб’яднання «Роднае слова», супрацоўнікі ўстаноў культуры, ветэраны працы.

Наталля Азаранка нарадзілася 22 жніўня 1973 года ў вёсцы Баронькі Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці.

Член грамадскага аб’яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі» (з 2014 г.), народнай студыі аматарскай літаратурнай творчасці «Крынічка» пры Касцюковіцкай цэнтральнай бібліятэцы імя І. Чыгрынава, кіраўнік літаратурнага аб’яднання «Прыбяседдзе» пры раённай газеце «Голас Касцюкоўшчыны». Піша на беларускай і рускай мове. Аўтар паэтычных зборнікаў «Небесных мыслей зеркала» (2010), «В аромате дождей» (2014), «Вернисаж судьбы» (2018), «Тринадцать месяцев» (2020), «Ад радзімічаў да Касцюковічаў» (2021) і зборніка прозы «Не просто проза» (2024). Яе творы друкуюцца ў раённых, абласных і рэспубліканскіх перыядычных выданнях.  

Наталля Азаранка – адзін з яркіх літаратурных талентаў касцюковіцкай зямлі. Яна лаўрэат спецыяльнай раённай прэміі імя Івана Чыгрынава «За духоўнае адраджэнне беларускай мовы і літаратуры» (2011), актыўная ўдзельніца фестывалю паэзіі і аўтарскай песні «Пісьмянкоў луг», які ладзіцца на Касцюкоўшчыне, і аўтар слоў гімна гэтага фестывалю.

У бягучым годзе Наталля Азаранка прымала ўдзел у абласным этапе рэспубліканскага фестывалю роўных магчымасцей «Время сильных» (для людзей з інваліднасцю).

Вершы Наталлі лёгка кладуцца на музыку, з’яўляючыся сапраўднай знаходкай як для мясцовых, так і знакамітых прафесійных кампазітараў. Многія з гэтых песень гучаць на фестывалях і конкурсах, дзе займаюць прызавыя месцы.

У рэпертуары Беларускага дзяржаўнага ансамбля «Песняры» ёсць песня «За Беларусь!» на словы Наталлі Азаранкі (муз. Вячаслава Шарапава). Упершыню яна прагучала на Рэспубліканскім фестывалі-кірмашы працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2009» у Кобрыне. Плённым стала супрацоўніцтва з гуртам «Спадчына». Песня «Дадому» (муз. Андрэя Шчыткаўца) гучыць у выкананні Андрэя Усанава.

Вядучая мерапрыемства дырэктар ДУК «Горацкая  раённая бібліятэчная сетка» Алена Марозава пазнаёміла прысутных з жыццёвым і творчым шляхам Наталлі Азаранкі. Паэтэса расказала аб тым, як нараджаюцца яе творы і ўвогуле аб літаратурнай дзейнасці, прачытала некалькі сваіх вершаў. Вельмі кранальнымі былі тыя вершы і песні, якія гучалі на мерапрыемстве. Яны лірычныя, але адначасова простыя і па-філасофску асэнсаваныя. Паэтка лёгка і шчымліва піша пра родную зямлю і людзей, лёс і час, пра жыццё і каханне. 

У выкананні кіраўніка інструментальнага ансамбля «Касцюковіцкія музыкі» Дзяніса Леаненкі прагучала некалькі песень, напісаных ім на словы Наталлі Азаранкі. Загадчык аддзела народнай творчасці і культурна-дасугавай дзейнасці Алеся Шаройка Касцюковіцкага РЦК прачытала вершы Наталлі Азаранкі, а затым пазнаёміла прысутных са сваёй творчасцю і асабістымі вершамі і песнямі.

Шмат шчырых і цёплых слоў за вершы і песні ў адрас таленавітай паэткі выказалі дырэктар ДУК «Горацкая раённая бібліятэчная сетка» Алена Марозава, члены Саюза пісьменнікаў Беларусі Наталля Ніканчук і Алеся Цэван, кіраўнік народнага літаратурнага аб’яднання «Роднае слова» Людміла Дзеружкова і старшыня Горацкай раённай арганізацыі ГА «Беларускае таварыства інвалідаў» Ала Малашэўская, горацкая паэтка Валянціна Мажугіна. Вядомая спявачка Надзея Курбасава ў якасці музычнага падарунка выканала песню «Колькі ў небе зор…»

Гэты творчы вечар стаў сапраўдным падарункам аматарам паэтычнага слова. І ўсе прысутныя з задавальненнем панеслі дадому песню душы Наталлі Азаранкі.

Людміла ДЗЕРУЖКОВА,
кіраўнік народнага літаратурнага аб’яднання «Роднае слова»