У добры шлях, горацкія таленты!


Працуй и спявай-14У мінулую пятніцу, 28 сакавіка, у канцэртнай зале дзіцячай вакальна-харавой школы адкрыўся IV агляд-конкурс мастацкай самадзейнасці працоўных калектываў раёна “Працуй і спявай, наш Горацкі край!”.

Ён праводзіцца адзін раз у два гады. І сёлетні прысвечаны слаўнай даце — 70-годдзю вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Адкрыў урачыстую праграму пераможца ІІІ конкурсу ў намінацыі “Лепшы творчы праект” — ансамбль КСУП “Племзавод “Леніна”. Выдатнае выкананне, цудоўныя галасы спявачак, працаўніц гаспадаркі, задалі высокую планку для ўдзельнікаў сёлетняга агляду-конкурсу.

Тое, што Горацкі край багаты на таленты, пацвердзілі і іншыя калектывы і індывідуальныя выканаўцы, якія выходзілі на сцэну. Яны не прафесіянальныя спевакі і музыканты, працуюць у медыцыне, камунальнай гасападарцы, установах адукацыі, на прамысловых і ў сельскагаспадарчых прадпрыемствах. Але ўсіх іх яднае любоў да песні, самадзейнай народнай творчасці, жаданне праслаўляць традыцыі нашага Горацкага краю.

Цёпла прымалі гледачы выступленні прадстаўнікоў працоўнага калектыву УКПП “Камунальнік” Міхаіла Азаранкі, Юрыя Азарава, медыцынскіх работнікаў Надзеі Курбасавай, Яны Жарыкавай, выканаўцы прыпевак Алы Баркулавай з акампаніятарам Мікалаем Усавым.

З задавальненнем зала сустракала пераможцаў папярэдняга агляду-конкурсу — спявачак з ААТ “Копцеўская ніва”, якія ў мінулым былі адзначаны ў намінацыі “Лепшая канцэртная праграма” і лепшага выканаўцу Дзмітрыя Мартыненку.

Удзельнікаў сёлетняга агляду-конкурсу вітала старшыня прафкама  УЗ “Цэнтральная раённая бальніца” Ала Іваністава і член журы конкурсу, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Марыя Студнева. Словамі: “Горацкія таленты, у добры шлях!” Марыя Міхайлаўна адкрыла IV агляд-конкурс.

Дарэчы, у спаборніцтве самадзейных выканаўцаў будуць удзельнічаць артысты з розных працоўных калектываў: КСУП “Племзавод “Леніна”, ААТ “Копцеўская ніва”, УКПП “Камунальнік”, Горацкага педкаледжа, УЗ “ЦРБ”, раёна газазабеспячэння, СШ № 1 і гімназіі № 1.

Пажадаем усім ім удачы і паспяховых выступленняў.

Наталля СЦЕПЯНКОВА.


Leave a Comment