У Горках з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы прайшла творчая сустрэча


“Не сказаў на роднай мове — аб галоўным не сказаў…” Пад такой назвай у чытальнай зале раённай бібліятэкі прайшло мерапрыемства, прымеркаванае да Міжнароднага дня роднай мовы. Арганізатарамі выступілі народнае літаратурнае аб’яднанне “Роднае слова” (кіраўнік Людміла Дзеружкова), якое дзейнічае пры раённым гісторыка-этнаграфічным музеі, і Цэнтральная бібліятэка імя Максіма Гарэцкага. А ўдзельнікамі цікавай, павучальнай і змястоўнай сустрэчы сталі мясцовыя паэты і пісьменнікі і вучні 8 “А” класа сярэдняй школы № 2 разам со сваёй настаўніцай Святланай Трафіменка

Да мерапрыемства была падрыхтавана літаратурная выстава “У родным слове — сэрца пачуццё”, дзе былі прадстаўлены факсімільныя выданні: копіі першага беларускага Буквара, Баркулабаўскага летапісу, Гісторыі беларускай (крыўскай) кнігі, выданні класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Уладзіміра Караткевіча, кнігі па гісторыі, стылістыцы і культуры маўлення, а таксама зборнікі горацкіх аўтараў на беларускай мове: Ніны Кавалёвай, Міхаіла Уласенкі, Наталлі Ніканчук, Аляксандра Клачкова, Лідзіі Андрэевай, Валянціны Мажугінай і іншых. Тут жа выразныя, пранікнёныя радкі, цытаты аўтараў пра родную мову.

Загадчык аддзела абслугоўвання бібліятэкі Алена Марозава расказала пра гісторыю свята, зрабіла змястоўны агляд прадстаўленых на выставе выданняў. Многія з горацкіх аўтараў пішуць на роднай беларускай мове. Некаторыя з іх займаюцца і перакладамі. Напрыклад, Лідзія Андрэева выдала асобны зборнік “Сугучнасць душ… Сугучнасць слоў…”, дзе змешчана больш за 100 перакладаў вершаў рускіх паэтаў Ганны Ахматавай, Марыны Цвятаевай, Аляксандра Блока, Канстанціна Сіманава, а таксама рамансаў. Займаецца перакладамі на родную мову і член Саюза пісьменнікаў Беларусі Наталля Ніканчук.

У рамках гэтага мерапрыемства сваю творчасць прадставілі горацкія  аўтары: член Саюза пісьменнікаў Беларусі Алеся Цэван, паэт Аляксандр Ведзянееў і пісьменніца, ветэран педагагічнай працы, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Людміла Дзёменская. Менавіта кожны з іх выказаў свае адносіны да роднай мовы, меркаванні і спадзяванні пра яе далейшы лёс.

Мерапрыемства прайшло ў атмасферы цеплыні і шчырасці, садзейнічала выхаванню павагі і любові да роднай беларускай мовы.

Галіна КАЖЭЎНІКАВА
Фота Міхаіла ЛЯЎЦОВА