У музеі адбылася вечарына з нагоды 140-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа


 “Песняры зямлі беларускай” – пад такой назвай у Горацкім раённым гісторыка-этнаграфічным музеі была праведзена літаратурная вечарына,  прысвечаная 140-гадоваму юбілею класікаў беларускай літаратуры, народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа.

Песняры стварылі сапраўдныя шэдэўры нацыянальнай літаратуры, узнялі яе да ўзроўню перадавых літаратур свету. У сваіх творах яны раскрылі нацыянальны характар, асаблівасці духоўнага складу жыцця беларусаў, выявілі незвычайную сілу і магутнасць роднага беларускага слова.

Аповед аб жыццёвым і творчым шляху песняроў суправаджаўся паказам мультымедыйнай прэзентацыі. На прыкладзе іх твораў прысутныя  дакрануліся да класічных узораў беларускай літаратуры, напоўненых святлом і любоўю да Радзімы і мовы.

У выкананні студэнтаў народнага тэатра-студыі “Парадокс” БДСГА гучалі вершы класікаў. Прысутныя пазнаёміліся з цікавымі фактамі наведвання Янкам Купалам і Якубам Коласам Горак і нашай акадэміі.

Прагучалі і сусветна вядомыя песні на словы Якуба Коласа “Мой родны кут”, Янкі Купалы “Спадчына” і “Явар і каліна”. Пра значнасць іх творчасці, актуальнай ва ўсе часы, прыгажосць і мілагучнасць роднай мовы вялі размову настаўнік беларускай мовы і літаратуры Людміла Дзёменская, ветэраны працы Любоў Валчкова і Надзея Курбасава. Людміла Уладзіміраўна адзначыла: “Янка Купала і Якуб Колас пакінулі вялікі след у маім жыцці і працы, сфарміравалі светапогляд, прывілі любоў да мовы і Радзімы”. Яна прачытала прысутным і свой новы твор – казку “Скарга”, галоўная думка якой, што зямля і Радзіма – важныя паняцці ў жыцці чалавека. Паэт Аляксандр Ведзянееў прачытаў верш-прысвячэнне класікам.

Увазе аўдыторыі была прапанавана літаратурная выстава, падрыхтаваная супрацоўнікамі Цэнтральнай бібліятэкі імя Максіма Гарэцкага. Вучні сярэдніх школ № 1 і № 2 г. Горкі пазнаёміліся з кнігамі аб жыцці і дзейнасці класікаў, з іх творамі, са зборнікамі горацкіх аўтараў Ніны Кавалёвай і Лідзіі Андрэевай, дзе змешчаны вершы і нават цэлыя раздзелы, прысвечаныя Янку Купалу і Якубу Коласу.

Спадчына, якую пакінулі народныя песняры, бязмежная. Будзем жа і мы не толькі ведаць і помніць імёны славутых класікаў, але і чытаць іх неўміручыя творы.

Літаратурная выстава будзе працаваць у музеі да канца лістапада. Заходзьце і дакраніцеся да лепшых узораў нацыянальнай мастацкай літаратуры!

Алена Марозава,
выконваючая абавязкі дырэктара ДУК “Горацкая раённая бібліятэчная сетка”
Людміла Дзеружкова,

кіраўнік народнага літаратурнага аб’яднання “Роднае слова”
Фота Міхаіла Ляўцова