У Паршына прэзентавалі два зборнікі вершаў горацкага паэта


У мінулыя выхадныя ў Паршынскім цэнтры культуры адбылася прэзентацыя двух зборнікаў вершаў вядомага на горацкай зямлі творчага чалавека, паэта, члена народнага літаратурнага аб’яднання  «Роднае слова», удзельніка народнага аўтэнтычнага фальклорнага ансамбля «Паршынскія зоры» Аляксандра Ведзянеева. Гэта была цудоўная сустрэча з земляком, бо ўсе прысутныя — і выканаўцы, і гледачы, ды і сам паэт — нарадзіліся альбо жывуць у аграгарадку Паршына.

Цёплая ўтульная абстаноўка, якая панавала падчас мерапрыемства, ахутвала гледачоў. Было прыемна пачуць хіты «Паршынскіх зор», якія выконваліся на беларускай і рускай мовах.

Гучалі вершы Аляксандра Ведзянеева са зборнікаў «Щепотка соли», «Миражи любви, или Анна». Трэба адзначыць, што Аляксандр чытае ўсе свае вершы напамяць, што таксама з’яўляецца рэдкасцю, бо не кожны паэт вось так можа дэкламаваць уласныя творы.

Асабліва спадабалася ўсім прысутным выступленне былой настаўніцы рускай мовы і літаратуры Зінаіды Канстанцінаўны Ціханавай, якая зрабіла своеасаблівы аналіз творчасці Аляксандра Ведзянеева, параўнала некаторыя вершы аўтара з вытанчанай лірыкай Фёдара Цютчава. Як прыгожа, чулліва і грунтоўна-важка гучалі словы з яе вуснаў! Здаецца, пасля яе выступлення ўсе прысутныя іншымі вачамі зірнулі на творчасць нашага земляка. Яна як быццам расчыніла дзверы ў творчую майстэрню аўтара, праліла святло на яго таленавітыя задумы. Засяродзіла ўвагу слухачоў на самым галоўным, на тым пасыле справядлівасці і неабсяжнай любові, якую нясе аўтар. Школьная настаўніца расказала прысутным аб тым, якім вучнем быў Аляксандр, назвала яго асноўныя якасці характару: гэта творчы падыход да справы, розум і бунтарства. Настаўніца нават не магла злічыць усіх талентаў, якімі надзяліла матухна-прырода альбо сам Бог Аляксандра Ведзянеева. «Напэўна, яшчэ не ўсе яго таленты раскрыты, і ён будзе працягваць нас здзіўляць».

Былы класны кіраўнік Аляксандра Сяргей Фядосавіч Шакуноў таксама павіншаваў аўтара, успомніў, якім ён быў вучнем і актывістам у школе. А бібліятэкар Паршынскай бібліятэкі Наталля Заяц заўважыла, што яго вершы карыстаюцца папулярнасцю ў чытачоў.

Кіраўнік народнага літаратурнага аб’яднання «Роднае слова» Людміла Дзеружкова адзначыла неабыякаваць да паэтычнай справы, яго актыўную грамадскую працу і пажадала аўтару новых зборнікаў.

Нельга не адзначыць асаблівую «изюминку» творчасці Аляксандра: усе яго творы напісаны ў форме акраверша. Гэтую адметнасць заўважылі і ў Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі, куды на конкурс адпраўляў свае творы Аляксандр.

І, вядома ж, тон усяму мерапрыемству задавалі «Паршынскія зоры». Гэты калектыў ужо на працягу многіх год радуе нас, слухачоў, цудоўнай аўтэнтычнай і народнай песняй. У іх выкананні прагучалі вядомыя «Мы из деревни родом», «Мельница» і многія іншыя, любімыя ў народзе.

Такія творчыя сустрэчы патрэбны не толькі гледачам, а ў першую чаргу і самім творцам, бо яны надаюць сілы і прыбаўляюць энергіі і працаздольнасці.

Наталля НІКАНЧУК,
член Саюза пісьменнікаў Беларусі
Фота Вольгі ШАЧОНАК