У раённым гісторыка-этнаграфічным музеі адбыўся літаратурна-музычны вечар, прысвечаны Дню горада


«Мой край — маё натхненне» — пад такой назвай напярэдадні Дня вызвалення Горацкага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у раённым гісторыка-этнаграфічным музеі адбыўся літаратурна-музычны вечар.

Ва ўтульнай зале горацкага музея сабраліся мясцовыя паэты, члены народнага літаратурнага аб’яднання «Роднае слова», студэнцкая моладзь, прысутнічалі дырэктар ДУК «Горацкая раённая бібліятэчная сетка» Ірына Пачэкіна, ветэран педагагічнай працы Тамара Стрыжэннікава. На мерапрыемства завітаў і настаяцель Свята-Троіцкага храма аграгарадка Расна іерэй Генадзь Мартынаў. Ён звярнуўся ў першую чаргу да моладзі: у любых абставінах заставацца чалавекам, любіць і не асуджаць бліжняга, рабіць добрыя справы і быць годным памяці продкаў, а таксама параіў чытаць вершы сваёй зямлячкі Ніны Кавалёвай, якія маюць духоўную каштоўнасць, бо напісаны сэрцам, што выпраменьвала бясконцую любоў да Бога і да людзей.

У выкананні прысутных аўтараў – члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Наталлі Ніканчук, паэтаў Аляксандра Ведзянеева, Алесі Цэван, Валянціны Мажугінай, Ганны Аронавай – гучалі вершы пра нашу сінявокую Беларусь, пра дарагія кожнаму сэрцу родныя мясціны і наш горад Горкі, які для кожнага з гэтых паэтаў з’яўляецца месцам натхнення і стварэння новых вершаў. Пяшчотныя радкі, яркія вобразы, глыбокія думкі раскрываюць багаты ўнутраны свет горацкіх аўтараў, паказваюць іх неабыякавыя адносіны да сваёй вялікай і малой радзімы.

На мерапрыемстве гучалі і вершы Ніны Кавалёвай, якія дэкламавалі ўдзельніца народнага тэатра-студыі «Парадокс» Дар’я Гарбаценка  і вядучая мерапрыемства, кіраўнік аб’яднання  «Роднае слова» Людміла Дзеружкова. Усе выступленні і  вершы гучалі пераважна на беларускай мове. Гэта была сапраўды сумленная споведзь душы кожнага паэта, які шчыра любіць сваю родную зямлю.

Вядомыя мясцовыя салісткі Надзея Курбасава і Наталля Краснаслабодцава выканалі песні пра Горкі і Беларусь на словы горацкіх аўтараў: «Майму гораду» (сл. Ніны Кавалёвай), «Ты – адзіная» (сл. Лідзіі Андрэевай), «Горкі-Горы» (сл. Святланы Цярэшка). Напрыканцы мерапрыемства прагучала песня на словы Алеся Бадака «Добрыя людзі».

Дапытлівым студэнтам Ганна Аронава падаравала свае кнігі «Горки: люди и судьбы» з аўтографам.

Для сапраўднага патрыёта сваёй зямлі самае дарагое – гэта не багатае  жыццё і не камфортны клімат, а нешта глыбіннае, што месціцца ў душы кожнага, і аднойчы ты разумееш, што для цябе няма нічога даражэй за гэтыя азёры з празрыстай вадой, неабсяжныя палі лёну і чырвоныя гронкі рабін:

Ты  – адзіная ў нас, і другой нам не трэба.
Не пасмее ніхто ні прадаць, ні забыць.
А не дай Бог бяда… я скарыначкай хлеба
Падзялюся, каб вечна магла ты свяціць.
(Лідзія Андрэева. Ты – адзіная)

 Мерапрыемства атрымалася вельмі цёплым, вядома, дзякуючы не толькі надвор’ю, але і таму настрою, які стварылі аўтары і іншыя ўдзельнікі мерапрыемства, і стала добрым урокам у справе духоўна-патрыятычнага выхавання студэнцкай моладзі і жыхароў горада.

Людміла ДЗЕРУЖКОВА,
кіраўнік народнага літаратурнага аб’яднання «Роднае слова»

Фота Дзмітрыя Фіялкі


Leave a Comment