«…Як пражыў я жыццё — не шкадую»: 75-гадовы юбілей адзначыў Андрэй Пугач


1 студзеня гэтага года Андрэю Пугачу споўнілася 75 гадоў. Андрэя Міхайлавіча добра ведаюць не толькі ў нашым раёне як асобу шматбаковых інтарэсаў і здольнасцей, высокакваліфікаванага педагога, навуковага даследчыка, умелага кіраўніка, таленавітага літаратара, журналіста, выканаўцу, саліста народнага акадэмічнага хора “Спадчына” РЦК, народнага аркестра народных інструментаў і народнай студыі эстраднай песні “Золак” ЦСМТ БДСГА

А. М. Пугач нарадзіўся ў вёсцы Звераўшчына Навамышскага раёна Баранавіцкай вобласці (зараз Брэсцкай вобласці). Пасля заканчэння Палонкаў­скай СШ паступіў на эканамічны факультэт БСГА. Затым працаваў старшым эканамістам у калгасе ім. Чапаева Баранавіцкага раёна, служыў у Савецкай арміі. З 1970 года лёс зноў звязаў яго з альма-матар. Пасля вучобы ў аспірантуры 47 гадоў працаваў выкладчыкам на кафедры эканомікі і міжнародных эканамічных адносін у АПК, быў дэканам факультэта грамадскіх прафесій, намеснікам дэкана эканамічнага факультэта, па сумяшчальнасці працаваў карэспандэнтам газеты “Советский студент”.

У А. М. Пугача заўсёды побач з асноўнай дзейнасцю былі і ёсць захапленні мастацкай самадзейнасцю, журналістыкай, літаратурнай творчасцю. Ён член Беларускага саюза журналістаў. У 1996 г. выйшаў першы аўтарскі зборнік вершаў, апавяданняў, нарысаў “Вёска стамілася”. У наступным у сааўтарстве выдадзены другі зборнік “Горы”, дзе надрукаваны яго добрыя нарысы аб людзях. Пазней убачылі свет кнігі “Акадэмія: людзі і іх справы”, “Выбранае”, куды ўключаны лепшыя празаічныя і публіцыстычныя творы аўтара, напісаныя ў розныя гады. У прадмове да кнігі “Выбранае” ён піша: “…аб пражытым і зроб­леным не шкадую”. У 2000–2021 гадах А. М. Пугач быў кіраўніком аматарскага літаратурнага аб’яднання “Парнас”, якому ў 2003 г. прысвоена ганаровае званне “Народны аматарскі калектыў”. Пры непасрэдным удзеле Андрэя Міхайлавіча былі выдадзены 10 калектыўных зборнікаў, у тым ліку 7 кніг “Акадэмічнага вянка” і яшчэ “Маладыя галасы “Парнаса”, шэраг аўтарскіх зборнікаў. Значнага поспеху юбіляр дасягнуў, выступаючы на сцэне ў якасці саліста-вакаліста. З’яўляецца лаўрэатам і дыпламантам саюзных, рэспубліканскіх, абласных, раён­ных фестываляў мастацкай самадзейнасці.

А. М. Пугач — актыўны ўдзель­нік грамадскага жыцця акадэміі і раёна, у розныя часы выбіраўся дэпутатам раённага Савета, узначальваў раённую арганізацыю ГА “Беларускі фонд міру”, з’яўляецца членам акадэмічнага і раённага саветаў ветэранаў.

За творчыя поспехі і бездакорную працу А. М. Пугач не­аднаразова адзначаўся Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Бела­русь, абласной і раённай уладамі, адміністрацыяй акадэміі і грамадскімі арганізацыямі. У 1990 г. узнагароджаны нагруд­нымі знакамі Міністэрства куль­туры СССР і ЦК прафсаюза работнікаў культуры “За дасягненне ў самадзейнай мастацкай творчасці” і Дзяржаўнага камітэта СССР па народнай адукацыі, ЦК прафсаюза работнікаў народнай адукацыі “За выдатныя поспехі ў працы”. У 2005 г. — юбілейным медалём “60 год Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.”

На старонках газет Андрэй Міхайлавіч часцей сам выступае як аўтар, на гэты раз мы папрасілі яго дапоўніць сказанае.

— Андрэй Міхайлавіч, раскажыце аб сваіх каранях.

— Я з сялянскага роду. Прозвішча, якое мне дасталося ад бацькі Міхаіла Андрэевіча, у вёсцы Звераўшчына насілі некалькі сем’яў. Бацька казаў, што пачатак роду ў нашай вёсцы даў яго дзед Павел. Мой дзед Андрэй Паўлавіч быў селянінам, у яго сям’і было шмат дзяцей. З боку маці, Антаніны Якаўлеўны (дзявочае прозві­шча Казак), звестак аб пачатку роду вельмі мала. Маці зусім не памятала сваіх бацькоў. Нічога не магу сказаць пра дзядоў і ба­буль, бо сам нарадзіўся дзявятым, калі бацькі ўжо былі ў сталым узросце. Жылі беднавата, але на стале заўсёды былі хлеб, малако, яйкі, бульба. Баць­ка працаваў настаўнікам пачатковай школы. Маці не мела ніякай адукацыі, з малых гадоў працавала ў якасці прыслугі ў яўрэйскай сям’і. Як яна сама казала, гэта была выдатная школа жыцця. Яна навучылася ў гаспадароў добра рыхта­ваць ежу, культуры паводзін у сям’і. Наша мама была добрай паварыхай, выпякала вельмі смачны хлеб і да нас, дзяцей, адносілася з любоўю і павагай. Нялёгкім было жыццё нашых бацькоў, але яны ніколі не гублялі чалавечую год­насць. Іх у вёсцы вельмі паважалі, з імі раіліся. Светлую памяць аб іх мы захоўваем з нашымі дзецьмі і ўнукамі.

— Чаму вы вырашылі пайсці вучыцца у БСГА?

— Калі вучыўся ў школе, захап­ляўся чытаннем, хацеў маляваць, любіў спорт, марыў стаць трэнерам па спорце, журналістам або кіраўніком калгаса ці саўгаса. Вырашыў паступіць на эканамічны факультэт сельгасакадэміі ў Горках па рэкамендацыі аднаго са студэнтаў, з якім сустракаўся на спартыўных пляцоўках у час летніх канікулаў. У акадэміі знайшоў сяброў, тут была магчымасць развіваць свае вакальныя здольнасці і займацца спортам. Добры ўплыў на мяне аказвалі выкладчыкі вну, асабліва дэкан факультэта І. С. Рулінскі і яго намеснік І. У. Джафараў, прафесар А. З. Латыпаў, рэктар К. М. Сонцаў і іншыя. Акадэмія для мяне была добрай школай жыцця. У час вучобы я пазнаёміўся з горацкай дзяўчынай Раяй. У 1968 годзе мы пажаніліся, і ўжо 53 гады жывём разам.

Як вы прыйшлі ў журналістыку, літаратурную творчасць?

— Спрабаваў пісаць яшчэ ў школе, але не пайшло: думак было шмат, а слоў не хапала. Першыя вершы былі надрукаваны ў 1967 г., у час вучобы ў акадэміі. Вялікі ўплыў на мяне аказала Н. І. Тулупава, рэдактар акадэмічнай шматтыражкі. Калі стаў працаваць у БСГА, мяне ўвялі ў рэдакцыйны савет газеты “Советский студент”. Стаў пісаць рэпартажы аб падзеях у жыцці акадэміі, з часам перайшоў да нарысаў, інтэрв’ю. Не забываў і літаратурныя жанры. Вучыўся ў прафесійных журналістаў. Сваімі настаўнікамі лічу Тамару Холад, Міхаіла Ісаева, Тамару Драздоўскую, Людмілу Ганчарову і іншых. Дасягненні ў журналістыцы і літаратурнай дзейнасці не прынеслі мне матэрыяльных здабыткаў, але я адчуваю неабходнасць такой дзейнасці для людзей.

— Як вы сталі кіраўніком літ­аб’яднання?

— З аматарскім літаратурным аб’яднаннем “Парнас” я звязаны з 1967 г. У 90-я гады ў аб’яднанне ўваходзілі людзі, якія шмат увагі надавалі літаратурнай творчасці. У першую чаргу гэта Аляксей Багамолаў, Святлана Варухіна, Леў Васільеў, Вольга Зяньковіч, Сяргей Кісялёў, Уладзімір Ліўшыц, Таццяна Скікевіч і іншыя. У. Ліўшыц,
С. Варухіна, Л. Васільеў і я ўжо мелі свае зборнікі. Да святкавання 160-гадовага юбілею акадэміі было вырашана вы­даць першы калектыўны зборнік “Акадэмічны вянок”. Адказнымі за выпуск былі У. Ліўшыц і А. Пугач. Прэзентацыя кнігі супала з арганізацыйным сходам аб’яднання, на якім прынялі Статут і выбралі кіруючыя органы. Старшынёй рады (праўлення) абралі мяне.

— Вы і іншыя грамадскія даручэнні выконвалі. А яшчэ сям’я. Як на ўсё знаходзілі час?

— Кажуць, калі конь цягне, то на яго воз кладуць груз. Выконваў шмат розных грамадскіх даручэнняў за гэтыя гады. Калі быў маладзейшы, то цяжкасці не так заўважаліся, а ў апошнія гады ад некаторых адмаўляўся.

А яшчэ я ўдзячны жонцы Раісе Макараўне, бо большую частку сямейных клопатаў яна ўзяла на сябе. У нас двое дарос­лых дзяцей: сын Андрэй і дачка Таццяна. Лічу, што далі ім належнае выхаванне і адукацыю. Сын — кандыдат сельскагаспадарчых навук, дацэнт кафедры раслінаводства УА БДСГА. Дачка — настаўнік вышэйшай катэгорыі, выкладае беларус­кую і рускую мову і літаратуру ў Аўсянкаўскай сярэдняй школе. У нас тры ўнукі. Аляксандр закончыў БДУІР і працуе ў Мінску. Міша і Мікіта вучацца ў 11 класе. Мы радуемся поспехам дзяцей і ўнукаў, ганарымся імі.

— Дзякуй, Андрэй Міхайлавіч, за змястоўныя адказы. Прыміце віншаванні з вашым значным юбілеем і словы па­дзякі ад калектыву бібліятэкі імя Д. Р. Новікава акадэміі за нашу плённую сумесную працу. Здароўя вам моцнага, дабрабыту сям’і і новых творчых знаходак!

Вікторыя ГАРДЗЕЕВА,
супрацоўнік бібліятэкі імя Д. Р. Новікава УА БДСГА,
кіраўнік клуба творчай моладзі “Дэбют”