24 красавіка ў бібліятэцы імя Д. Р. Новікава адбылася творчая сустрэча з беларускім пісьменнікам Змітраком Марозавым


24 красавіка ў бібліятэцы імя Д. Р. Новікава Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі адбылася творчая сустрэча з беларускім пісьменнікам, нашым земляком Змітраком Марозавым

Змітрок Марозаў нарадзіўся ў вёсцы Язбы Крупскага раёна Мінскай вобласці. Скончыў агранамічны факультэт Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі.

Змітрок Марозаў – член Саюза пісьменнікаў СССР, Саюза пісьменнікаў Беларусі. Аўтар 36 кніг вершаў і прозы для дарослых і дзяцей, у тым ліку першага ў еўрапейскай літаратуры вянка вянкоў санетаў “Апакаліпсіс душы” (1991). Ён аўтар слоў гімна БДСГА. Заўсёды з вялікім задавальненнем прыязджае ў Горкі, дзе прайшлі яго дзіцячыя (в. Балбечына Горацкага раёна) і студэнцкія гады. За час літаратурнай дзейнасці Змітрок Марозаў быў удастоены прэмій Ленінскага камсамола, Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Ён двойчы лаўрэат Рэспубліканскай літаратурнай прэміі “Залаты Купідон”, лаўрэат Міжнароднага літаратурнага конкурсу “Сям’я – Яднанне – Айчына” і інш. Узнагароджаны медалём Максіма Багдановіча і інш.

На сустрэчу са Змітраком Марозавым прыйшлі ўдзельнікі народных літаратурных аб’яднанняў “Роднае слова” і “Парнас”, супрацоўнікі акадэмічнай бібліятэкі імя Д. Р. Новікава і цэнтральнай бібліятэкі імя Максіма Гарэцкага, сябры аўтара, студэнты агратэхналагічнага факультэта.

Галоўнай дзеючай асобай на сустрэчы была паэзія Змітрака Марозава, якая нікога не пакінула раўнадушным. У выкананні аўтара гучалі і пранікнёныя вершы аб роднай Беларусі, і шчырыя філасофскія разважанні аб нашым часе, і лірычныя радкі пра жанчыну і каханне.

У сваім выступленні пісьменнік успамінаў сваю вучобу ў акадэміі, сур’ёзныя заняткі спортам (лёгкая атлетыка), сваю працу аграномам у гаспадарках Магілёўшчыны, на розных пасадах у Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання і Міністэрстве гандлю.

У выкананні ўдзельнікаў студэнцкага тэатра-студыі “Парадокс” Цэнтра студэнцкай мастацкай творчасці Русланы Дуброўскай і Веранікі Харковай прагучалі вершы “Мне Богам дадзена Радзіма…” і “Зіма. Мароз. Снягі. Завеі…”

Асаблівую эмацыянальнасць сустрэчы надалі выступленні тых людзей, з якімі Змітрок Марозаў сябраваў у гады вучобы, – Мікалая Пятровіча Рашэцкага і Міхаіла Мікалаевіча Старавойтава.

Да паэта звярнулася член Саюза пісьменнікаў Беларусі Наталля Ніканчук, таксама выпускніца акадэміі. Наталля Валянцінаўна прачытала вершы Змітрака Марозава, якія ёй асабліва спадабаліся, падкрэсліла значнасць яго паэзіі ў беларускай літаратуры.

Былы кіраўнік народнага літаратурнага аб’яднання “Парнас” Андрэй Пугач падзяліўся сваімі ўспамінамі і ўражаннямі, прачытаў вершы Змітрака Марозава і прысвечаныя госцю свае паэтычныя радкі.

На мерапрыемстве прагучалі песні на словы Змітрака Марозава “Сіні-сіні сон асін…” (музыка Алега Чыркуна) і “Акадэмія – песня матчына…” (гімн акадэміі) на музыку Генадзя Багамолава.

Завяршыла паэтычнае свята арганізатар мерапрыемства, загадчык бібліятэкі імя Д. Р. Новікава Святлана Ісаева, якая падзякавала паэту за яго творчасць і выказала надзею на новыя творчыя сустрэчы.

На памяць аб гэтай цёплай вечарыне Змітрок Марозаў падарыў чытачам цэнтральнай і акадэмічнай бібліятэк і прыхільнікам яго творчасці кнігу “Радзіма, радзіна, рабіна мая” (эсэ) – шчымлівы аповед паэта пра свой радавод, пра сваіх блізкіх і родных, якія ішлі і ідуць поруч з ім з самае калыскі і дзякуючы якім ён сфарміраваўся як асоба і грамадзянін сваёй Бацькаўшчыны.

Кніга стане каштоўным набыткам для бібліятэк і ўсіх чытачоў, якія цікавяцца творчасцю таленавітага майстра беларускага слова.

Наталля САФРОНАВА,
загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі цэнтральнай бібліятэкі імя Максіма Гарэцкага Ларыса ПАНУС, бібліятэкар 1-й катэгорыі бібліятэкі імя Д. Р. Новікава Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі