30 гадоў спаўняецца народнаму літаратурнаму аб’яднанню «Роднае слова»


У якасці цэнтра, вакол якога збіраюцца таленты Горацкага краю, ужо шмат гадоў выступае народнае літаратурнае аб’яднанне «Роднае слова». Яму ў гэтым годзе спаўняецца 30 гадоў. Аб тым, што было зроблена за гэты час, а што яшчэ толькі наперадзе, – наша гутарка з яго кіраўніком Людмілай Дзеружковай.

img_4243-deryuzhkova

– Трыццаць гадоў для літаратурнага аб’яднання – гэта многа ці мала?

– Для дзейнасці аб’яднання гэта, безумоўна, значны прамежак часу, за які нямала зроблена. Надрукавана 190 літаратурных зборнікаў, праведзена больш за дзве тысячы творчых сустрэч, вечарын, прэзентацый, конкурсаў.

Мы цесна і плённа супрацоўнічаем з установамі культуры і адукацыі, грамадскімі арганізацыямі раёна, вобласці, рэспублікі. Члены «Роднага слова» актыўна ўдзельнічаюць у рэспубліканскім свяце «Дзень беларускага пісьмен-ства», абласным фестывалі паэзіі і аўтарскай песні «Пісьмянкоў луг», міжнародных, рэспубліканскіх, абласных і раённых літаратурных конкурсах. На вершы нашых паэтаў прафесійнымі і самадзейнымі кампазітарамі напісаны дзесяткі песень, і гучаць яны не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі.

– З якімі складанасцямі давялося сутыкнуцца падчас працы? Што ўдалося пераадолець і чым больш за ўсё ў гэтым плане вы, як кіраўнік, ганарыцеся?

– Калі любіш сваю справу, то і робіцца яна з душой,  многія цяжкасці не заўважаеш. На гонар жа неяк і часу не застаецца…

– Ці цяжка ў сучасных умовах працаваць менавіта з родным словам? Які, на вашу думку, лёс у беларускай мовы?

– Нягледзячы на тое, што ў нашай краіне дзве дзяржаўныя мовы, мы, беларусы, павінны даражыць роднай, ведаць яе, каб адчуваць сябе сапраўднымі грамадзянамі сваёй краіны. Рабіць усё, каб папулярыза-
ваць яе, – святы абавязак такіх аб’яднанняў, як наша.

Беларускай мове зараз надаецца значная ўвага з боку дзяржавы. Таму лічу, што яе чакае светлая будучыня.

– Ёсць меркаванне, што сучасны пісьменнік павінен быць яшчэ і добрым менеджэрам, каб заявіць пра сваю асобу як мага большай колькасці чытачоў. Што аб гэтым вы думаеце?

– У савецкія часы, хаця і цэнзура была строгай, дзяржаўныя выдавецтвы былі зацікаўлены ў вялікіх тыражах, і пісьменнікі за гэта атрымоўвалі нямалыя ганарары. Зараз аўтар у асноўным павінен самастойна шукаць грошы на выданне сваіх зборнікаў, але не кожны творчы чалавек на гэта здольны.

– Вашаму аб’яднанню хапае чытацкіх водгукаў і ўвагі?

– Кожны паэт ці пісьменнік, безумоўна, мае сваіх чытачоў. Да таленавітага творцы заўсёды цягнуцца людзі, яго кнігі хочацца чытаць.

Асабіста мяне з горацкіх аўтараў кранаюць лірычныя творы Сяргея Кісялёва, Аляксандра Клачкова, Льва Васільева.

– Ці адзначалі вашу дзейнасць вядомыя беларускія пісьменнікі, крытыкі?

– У аб’яднанні працуюць
ужо прызнаныя Саюзамі пісьменнікаў творцы: Ніна Кавалёва, Міхаіл Уласенка, Лідзія Андрэева, Аляксандр Клачкоў, Анатоль Прохараў, Наталля Ніканчук і інш. Яны не толькі маюць асабістыя зборнікі, але і друкуюцца на старонках газет і часопісаў, у калектыўных выданнях. Станоўчыя водгукі аб дзейнасці нашых творцаў мы чулі з вуснаў Ніла Гілевіча, Алеся Пісьмянкова, Анатоля Зэкава, Рамана Ярохіна, Казіміра Камейшы, Паўла Саковіча, Васіля Макарэвіча, Уладзіміра Саламахі, Віктара Карамазава і інш. Дарэчы, прадмовы да зборнікаў горацкіх аўтараў напісаны многімі з гэтых вядомых пісьменнікаў.

– З большасці, удзельнікі вашага аб’яднання – людзі дарослыя. Як зацікавіць моладзь літаратурай і што канкрэтна дзеля гэтага робіце вы?

– Наш калектыў папаўняецца і маладымі аўтарамі. Узгадаю толькі некалькі прозвішчаў: Вера Варанкова,Таццяна Гаўрыленка, Алеся Азаранка, Кірыл Какшынцаў, Алёна Петрусенка і інш. Яны, як і старэйшыя калегі, частыя госці ў школах і студэнцкіх аўдыторыях, дзе чытаюць свае творы, распавядаюць пра літаратурны шлях. Маладыя актыўна ўдзельнічаюць у абласных і рэспубліканскіх літаратурных фестывалях і конкурсах. Неаднаразова выходзілі пераможцамі.

У раёне таксама з 1999 года праводзіцца літаратурны конкурс «Маладыя таленты», у якім прымае ўдзел таленавітая моладзь нашага краю.

– Ваш юбілей выпаў на Год культуры. Што такое сёння – быць культурным чалавекам?

– Для мяне быць культурным чалавекам – гэта ўсведамляць сябе часткай свайго народа, любіць і ведаць сваю мову, звычаі, гісторыю, шанаваць традыцыі роднай краіны, несці адказнасць за свае ўчынкі і словы.

– Якія планы аб’яднанне ставіць перад сабой на бліжэйшы год, а чаго хочацца дасягнуць у глабальных маштабах?

– У 2017-м годзе аб’яднанне прадоўжыць працу па ўсіх распачатых накірунках дзейнасці. Адна з важных задач – далейшае папаўненне нашых радоў таленавітай творчай моладдзю.

Будзе праведзены шэраг мера-прыемстваў, прысвечаных юбілейным датам беларускіх пісьменнікаў: 135-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа, 105-годдзю Максіма Танка, 60-годдзю Алеся Пісьмянкова, 110-годдзю ўраджэнца в. Сава Васіля Каваля. Таксама нас чакаюць творчыя вечарыны юбіляраў, удзельнікаў нашага аб’яднання Міхаіла Уласенкі і Аляксандра Клачкова, выданне зборніка вершаў для дзяцей Анатоля Прохарава, паэмы Лідзіі
Андрэевай пра Горкі, фальклорнага зборніка Ніны Кавалёвай «Як купалі ў купелі» і інш. Плануецца ўсталяванне памятнага знака на месцы дома, дзе падчас працы ў Горках жыў Максім Гарэцкі.

Недзе ў душы цепліцца на-дзея, што ў Горках аднойчы з’явіцца літаратурны музей, бо, гаворачы словамі паэта Алеся Пісьмянкова, «…ёсць тут нейкая своеасаблівая аўра, светлая і чыстая», якая прыцягвае майстроў слова, нараджае новыя імёны, натхняе на творчыя задумы.

Гутарыла

Каця КАРПІЦКАЯ.

Фота Міхаіла ЛЯЎЦОВА.


Leave a Comment