70 год вядомаму горацкаму краязнаўцу, пісьменніку і літаратуразнаўцу Уладзіміру Ліўшыцу


1 лютага споўнілася 70 год вядомаму горацкаму краязнаўцу, пісьменніку і літаратуразнаўцу, члену Саюза беларускіх пісьменнікаў і Беларускага саюза журналістаў, ганароваму прафесару Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, першаму дырэктару Горацкага гісторыка-этнаграфічнага музея Уладзіміру Маісеевічу Ліўшыцу.

«І запішацца ў кнігах Ліўшыца Ўся гісторыя нашых дзён». Ніна Кавалёва.

Нарадзіўся Уладзімір Маісеевіч у горадзе Красны Кут Саратаўскай вобласці, дзе маці з дзецьмі была ў эвакуацыі. Аднак ужо ў сакавіку сям’я вярнулася ў Горкі.

VLivshic

З дзяцінства Валодзю падабаліся горацкія вулачкі, ваколіцы горада. У хлопчыка часта ўзнікалі зусім не дзіцячыя пытанні: чаму вуліца называецца Бруцара-Ерафееўская, а горка – Пятрова. А як пайшоў у школу, пытанняў стала больш. Уладзімір вучыўся добра, асабліва захаплялі яго гуманітарныя навукі ─ гісторыя і грамадазнаўства, літаратура і геаграфія. Настаўніца гісторыі В. Р. Пухоўская, якая і сама захаплялася края-знаўствам, заўсёды падтрымлівала цікаўнасць Ліўшыца, прымушаючы яго самастойна знаходзіць адказы на пытанні, якія задаваў. Валянціна Рыгораўна часта прапаноўвала расказаць вучню новую тэму замест сябе, чым Валодзя вельмі ганарыўся.

Потым была вучоба на гістарычным факультэце Магілёўскага педінстытута. Тут ён ужо быў, як кажуць, у сваёй стыхіі. Уладзімір наведваў студэнцкі навуковы гурток, займаўся даследаваннямі, пісаў шмат работ. Для падрыхтоўкі іх карыстаўся матэрыяламі абласнога архіва. У час студэнцкіх канікул наведваў архівы Віцебска і Гомеля.

Вывучаючы гісторыю розных краін свету, Уладзімір не забываў пра свой горад, ды і праца ў архівах давала магчымасць шукаць матэрыялы пра Горкі.

А пасля армейскай службы Уладзімір едзе не дадому, а ў Кіеў, у Цэнтральны дзяржаўны гістарычны архіў Украіны, дзе знаходзіць «Справу аб палітычнай дэманстрацыі ў Горы-Горках 16 студзеня 1905 года», адкрывае новыя, невядомыя раней дакументы аб рэвалюцыйным руху ў Горках.

Ні ў час працы настаўнікам гісторыі ў Панкратаўскай сярэдняй школе ці ў Горацкім раённым аддзеле адукацыі, ні тады, калі выкладаў у Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі, Уладзімір Маісеевіч не здраджваў сваёй мары стаць краязнаўцам. Ён актыўна вывучаў гісторыю горада і раёна, акадэміі, выступаў з артыкуламі ў друку.

Калі назбіралася шмат матэрыялаў, Уладзімір Маісеевіч абагульніў усё знойдзенае і прадаставіў у выдавецтва «Беларусь» рукапіс кнігі «Горки. Историко-экономический очерк», якая складалася з 200 старонак машынапісу. Аўтару вельмі хацелася, каб будучыя чытачы атрымалі як мага больш інфармацыі аб родным краі, аднак выдавецтва скараціла кнігу да 60 старонак. Гэта была «першая ластаўка» ў шэрагу публікацый па гісторыі Горак. Потым яшчэ былі «Горкі» (1989 г.), «Горки и окрестности. Справочник-путеводитель» (1993 г.), «Летапіс горада Горкі» (1995 г.). У. Ліўшыц – адзін з аўтараў калектыўнай мана-графіі, якая выйшла да 150-годдзя БСГА, аўтар навукова-папулярных кніг пра акадэмію, ініцыятар выдання і аўтар-складальнік энцыклапедычнай кнігі «Летапіс Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі».

Дзякуючы плённай працы Уладзіміра Маісеевіча, яго нястомным краязнаўчым пошукам, у Горках у 1989 годзе быў адчынены музей. Стварэнне экспазіцыі пачалося ў верасні 1987 года па складзенаму Ліўшыцам плану. Ён разам з мастакамі абмяркоўваў стварэнне кожнага стэнда. Сам аддаў у музей усё, што было ім сабрана за гады края-знаўчых пошукаў.

І таму нікога не здзівіла, што менавіта Уладзімір Маісеевіч стаў першым дырэктарам раённага гісторыка-этнаграфічнага музея. На гэтай пасадзе яго талент даследчыка-краязнаўцы праявіўся ў поўнай меры. З дапамогай архіўных дакументаў ён адкрывае новыя старонкі гісторыі Горак і раёна. У Цэнтральным дзяржаўным гістарычным архіве ў Санкт-Пецярбургу знаходзіць герб горада Горкі, вывучае гісторыю партызанскага руху, збірае матэрыялы аб баявых дзеяннях Чырвонай Арміі па вызваленню родных мясцін ад нямецка-фашысцкіх акупантаў, папаўняе звесткі аб героях і ахвярах вайны.

У першыя ж гады работы музея яго калектыў пад кіраўніцтвам Уладзіміра Маісеевіча працуе над рукапісам кнігі «Памяць», якая была надрукавана ў 1996 годзе. Па аб’ёму кніга гэта з’яўляецца сапраўднай энцык-лапедыяй Горак і Горацкага раёна. Больш за 20 артыкулаў для яе было напісана Уладзімірам Ліўшыцам.

Па яго прапанове пры музеі сталі дзейнічаць два аматарскія аб’яднанні: «Роднае слова» і «Мастацтва», якія пазней атрымалі званні «народныя». З набыццём аддзелам культуры ліцэнзійнага права на выдавецкую дзейнасць У. Ліўшыц са-дзейнічаў выданню кніг мясцовых аўтараў і мінскіх паэтаў: Ніны Кавалёвай, Святланы Цярэшка, Аляксандра Клачкова, Сяргея Лоцманава, Таццяны Гіссер, Пятра Прыходзькі, Алеся Пісьмянкова.

Асобнае месца ў дзейнасці Уладзіміра Маісеевіча займае літаратурнае краязнаўства, якім ён даўно і апантана займаецца.

Яго літаратурныя даследванні абагульнены ў брашурах і кнігах: «Раскопкі вакол горацкага «Парнаса». Метадычны матэрыял і парады ў дапамогу прапагандыстам кнігі» (1992); «Максім Гарэцкі – жыццё і творчасць» (1993); «Літаратурны музей Максіма Гарэцкага. Кароткі даведнік» (1997); «Сын вёскі. Кароткі нарыс аб жыцці і дзейнасці пісьменніка Васіля Каваля» (1997); «Даследчык беларускай літаратуры. Кароткі нарыс аб жыцці і творчасці літаратуразнаўцы Барыса Іофе» (1999), «Раскопкі вакол горацкага «Парнаса». Літаратуразнаўчыя нарысы» (2001); «Горацкая студыя «Аршанскага Маладняка» (1926–1928). Кароткі нарыс аб гісторыі стварэння і дзейнасці» (2013). У іх цікавыя звесткі аб тым, што менавіта студэнтам Горы-горацкага земляробчага інстытута была напісана славутая паэма «Тарас на Парнасе», ці аб тым, што студэнт гэтага інстытута Бахмецьеў паслужыў прататыпам Рахметава ў рамане М. Г. Чарнышэўскага «Что делать?». Тут шмат звестак аб перапісцы студэнтаў гэтай установы з пісьменнікамі-сучаснікамі Т. Шаўчэнкі, Л. Талстым, А. Чэхавым і іншымі. Ім адкрыты цікавыя факты з жыцця Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Гарэцкага, Васіля Каваля.

У. Ліўшыц быў ініцыятарам правядзення Гарэцкіх чытанняў, якія ўпершыню праходзілі ў Беларусі на базе Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў 1992 годзе. Дарэчы, па яго ініцыятыве ў вучэбным корпусе № 4 быў адкрыты музей-кабінет Гарэцкага. Пры ўдзеле У. Ліўшыца быў створаны Беларускі рэспубліканскі фонд імя братоў М. і Г. Гарэцкіх.

Энтузіязм, шырокія веды гісторыі раёна, горада, акадэміі здабылі Уладзіміру Маісеевічу заслужаны аўтарытэт краязнаўцы. І гэта так. За парадай і дапамогай да У. Ліўшыца звяртаюцца калегі, настаўнікі, студэнты і школьнікі. Яму прысылаюць заказы на краязнаўчыя артыкулы з рэдакцый, энцыклапедый, газет і часопісаў.

Нягледзячы на тое, што Уладзімір Маісеевіч з 2007 года знаходзіцца далёка за межамі Беларусі (жыве ў Ізраілі), ён не парывае сувязі з роднымі мясцінамі і Горацкім музеем, амаль кожнае лета прыязджае ў Горкі. Уладзімір Маісеевіч друкуе свае нарысы ў мясцовых газетах і часопісах, займаецца «літаратурнымі раскопкамі». Яго артыкулы змяшчаюцца на старонках зборніка па выніках раённай краязнаўчай канферэнцыі «Бацькаўшчына», у матэрыялах міжнародных і рэспубліканскіх навуковых канферэнцыях, у рэспубліканскім, абласным і раённым друку.

У 2013-2015 гадах У. М. Ліўшыц апублікаваў серыю кніг «Гордасць і слава зямлі горацкай». Першая кніга была прысвечана землякам-вучоным, другая – героям Савецкага Саюза, генералам Узброеных Сіл і Міністэрства ўнутраных спраў, ураджэнцам Горацкага краю, трэцяя – Героям Сацыялістычнай Працы і заслужаным работнікам, дзеячам культуры БССР і Рэспублікі Беларусь, а таксама пісьменнікам і мастакам, жыццёвы і творчы шлях якіх пачынаўся ў Горацкім раёне.

Зараз Уладзімір Маісеевіч працуе над трэцяй часткай кнігі «БСГА: гісторыя і сучаснасць. 1945-2015 гг.». Рыхтуе другую кнігу, прысвечаную жыццю і творчасці класіка беларускай літаратуры М. Гарэцкага. Таксама падрыхтаваў біябібліяграфічны паказальнік «Летапісец Горацкага краю», у якім абагульніў сваё жыццё і творчыя здабыткі.

Так, усе яго пражытыя гады – час улюблёнасці ў свой родны край і яго людзей. Есць у Ліўшыца планы аб выданні цыкла брашур па гісторыі горацкіх вёсак, стварэнні навучальнага дапаможніка для школ «Наш край».

Пажадаем юбіляру моцнага здароўя, доўгіх год плённага жыцця,
здзяйснення мар.

Таццяна КАРАЕЎСКАЯ, старшы навуковы супрацоўнік Горацкага раённага гісторыка-этнаграфічнага музея. Людміла ДЗЕРУЖКОВА, кіраўнік народнага аматарскага аб’яднання «Роднае слова».


One Thought to “70 год вядомаму горацкаму краязнаўцу, пісьменніку і літаратуразнаўцу Уладзіміру Ліўшыцу”

  1. Дмитрий

    А мужчина-то за границу свалил от своего края родного любимого, насколько я знаю???

Leave a Comment