Горацкую паэтэсу прынялі ў Саюз пісьменнікаў Беларусі


14 верасня ў актавай зале Магілёўскай абласной бібліятэкі імя У. І. Леніна адбылася літаратурна-музычная сустрэча «Хай мацнее штогод наш адзіны народ», прысвечаная Дню народнага адзінства. На мерапрыемстве прысутнічалі пісьменнікі з розных куточкаў Магілёўшчыны — члены Магілёўскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі: з Магілёва, Горак, Чавус, Крычава, Касцюковіч, Клічава. Госці пазнаёміліся з творчасцю Віктара Кунцэвіча, Валянціны Габрусевай, Наталлі Міхальчук, Алены Кісель, Аляксандра Косцерава і іншых.

Напрыканцы жніўня рашэннем Прэзідыума Саюза пісьменнікаў Беларусі да пісьменніцкай сям’і далучыліся і новыя творцы, у іх ліку і наша зямлячка Алеся Цэван. Членскія білеты ўручыў член Саюза пісьменнікаў Беларусі Віктар Кунцэвіч.

«Гэта вельмі важная падзея ў маім творчым жыцці, што мяне прынялі ў Саюз пісьменнікаў маёй краіны. Мне вельмі прыемна знаходзіцца ў аб’яднанні аднадумцаў, служыць сваім словам народу Беларусі», — адзначыла Алеся Дзмітрыеўна.

Алеся Цэван родам з Магілёва (нар. у 1982 годзе). Скончыла Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію. Працуе асістэнтам кафедры арганізацыі вытворчасці ў АПК. Замужам. Выхоўвае траіх дзяцей. Яна актыўны член народных літаратурных аб’яднанняў «Роднае слова» і «Парнас». Аўтар паэтычных зборнікаў «Овеянная нежностью небес» (2010), «Отпечаток Мечты» (2020). Вершы піша з дзяцінства. Яшчэ калі вучылася ў школе, удзельнічала ў літаратурных конкурсах, займала прызавыя месцы. Друкавалася ў абласных выданнях Магілёўшчыны, газеце «Савецкі студэнт», у розных выпусках альманаха «Акадэмічны вянок», у калектыўным зборніку «Дарогі памяці жывыя…» і інш. Лаўрэат Міжнароднага паэтычнага конкурсу «Новые голоса», абласных, раённых і акадэмічных літаратурных конкурсаў. Некаторыя вершы Алесі Цэван пакладзены на музыку магілёўскім кампазітарам Аляксандрам Кажурыным.

Віншуем Алесю Дзмітрыеўну з важнай падзеяй у яе жыцці, жадаем ёй здароўя, крылатага натхнення, творчага даўгалецця, плёну на літаратурнай ніве і новых сустрэч з чытачом.

Людміла ДЗЕРУЖКОВА,
кіраўнік народнага літаратурнага аб’яднання “Роднае слова”
Фота — mogilevnews.by