Горкі першымі на Магілёў­шчыне прымаюць сацыяльна-адукацыйны праект «Чытаем па-беларуску з velcom»


Гэты праект — сацыяльна-адукацыйная ініцыятыва рэспубліканскага маштабу. Да яе ўжо далучыліся больш за 14000 малодшых школьнікаў у Мінску, Гродзенскай, Брэсцкай і Гомельскай абласцях. У лютым і сакавіку спецыяльныя інтэрактыўныя ўрокі, прысвечаныя беларускай мове і літаратуры, пройдуць у Магілёўскай вобласці. І першым горадам, куды прыедзе праект у рэгіёне, стануць Горкі.

IMG_1008

Прэс-урок пройдзе 15 лютага ў 11 гадзін у сярэдняй школе № 1 горада.

Ініцыятарам праекта з’яўля­ецца кампанiя velcom пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Мэта гэтай ініцыятывы — папулярызацыя беларускай мовы і літаратуры. Урокі ў рамках праекта праходзяць у інтэрактыўнай форме і ўключаюць у сябе гульні, загадкі, казкі.

Асаблівасць гэтай сацыяльнай адукацыйнай ініцыятывы — далучэнне школьнікаў да нацыянальнай культуры праз інтэрактыўную форму і, перш за ўсё, праз беларускую мову. Рэалізаваць гэтую ідэю на кожным уроку арганізатары запрашаюць незвычайных настаўнікаў. Да ініцыятывы ўжо далучыліся вядомыя дзеячы культуры, спорту, тэатральнага мастацтва. Раіса Баравікова, Юрый Жыгамонт, Алена Масла, Наталля Бучынская сталі пастаяннымі настаўнікамі праекта, як і Уладзімір Ліпскі. Беларускі паэт і празаік, галоўны рэдактар дзіцячага часопіса «Вясёлка», член Нацыянальнай камісіі па правах дзяцей і кіраўнік праўлення Беларускага дзіцячага фонду правядзе інтэрактыўныя ўрокі ў Горках.

«Быць настаўнікам у такім праекце — адчуваць сябе патрэбным, адчуваць упэўненасць у тым, што твая справа прыносіць карысць — фарміруе духоўнасць у дзецях. Бо мова, літаратура і культура ў цэлым — тое, без чаго духоўнасць прадставіць нельга. На ўроках я не ацэньваю дзяцей, а прашу, каб яны ацанілі мяне. Гэта іх вельмі падбадзёрвае і захапляе. У такім фармаце атрымліваецца сапраўды добры дыялог пра мову і літаратуру. Так склалася, што многія стагоддзі беларуская мова не магла фарміравацца паўнавартасна. І зараз такімі вось маленькімі крокамі, як беларускамоўныя выданні, сацыяльна-адукацыйныя і куль-
турныя праекты, у тым ліку і «Чытаем па-беларуску з velcom», мы адраджаем нацыянальную ідэнтычнасць, фарміруем культурную спадчыну. Такія праекты — прыклад для ўсіх беларускіх кампаній
», — падзяліўся ўражаннямі Уладзімір Сцяпа­навіч Ліпскі.

Для даведкі. Праект «Чытаем па-беларуску з velcom» пачаўся ў Мінску ў кастрычніку 2015 года і «наведаў» ужо больш за 110 устаноў адукацыі. Вясной 2016 года ён выйшаў на рэспубліканскі ўзровень, бо арганізатары атрымалі мноства лістоў з просьбамі правесці падобныя ўрокі ў рэгіёнах краіны. У займальных занятках на беларускай мове прынялі ўдзел больш за 14000 школьнікаў. Як чакаецца, па ўсёй Беларусі удзел у сацыяльнай адукацыйнай ініцыятыве «Чытаем па-беларуску з velcom» возьмуць у агульнай складанасці 150 школ і больш за 20000 вучняў.

 


Leave a Comment