Фестываль паэзіі  і аўтарскай песні «Пісьмянкоў луг-2023»


20 мая ў Касцюковічах прайшоў VII рэгіянальны  фестываль паэзіі  і аўтарскай песні «Пісьмянкоў луг-2023». Свята сабрала творчыя калектывы, паэтаў, пісьменнікаў, майстроў народнай творчасці

Па выніках конкурсу, які праходзіў сярод моладзі ў трох узроставых катэгорыях, вучаніца  ДУА «Сярэдняя школа № 3 г. Горкі» Аліна Фісенка атрымала дыплом I ступені.

Алесь Пісьмянкоў некалькі разоў бываў у Горках, сустракаўся са студэнтамі, школьнікамі, паэтамі. Ён пісаў: «Горкі – адзін з маіх самых любімых гарадоў. Ёсць там, дзякуючы прысутнасці знакамітай акадэміі, нейкая своеасаблівая аўра, светлая і чыстая. Можа, таму, што ў гэтым горадзе шмат прыгожых інтэлігентных людзей з адухоўленымі тварамі і яснымі вачыма, можа, таму, што ягонымі вуліцамі хадзілі і думалі волаты беларускага духу браты Гарэцкія, а магчыма, проста сваю высакародную справу робіць слаўная спадарыня Гісторыя».

Сяброўскія адносіны звязвалі Алеся Пісьмянкова з краязнаўцам Уладзімірам Ліўшыцам і паэтам Аляксандрам Клачковым. Пры падтрымцы Горацкага раённага гісторыка-этнаграфічнага музея выйшаў зборнік паэта «Журавель над студняй».

У 1997 годзе, пабываўшы ў Горках, Алесь Пісьмянкоў напісаў такі верш:

Восень. Пагодзіна. Горкі.

Цэдзіць святло маладзік.

Тут па былінных пагорках

Калісьці Гарэцкі хадзіў.

Гэтак жа падалі зоркі,

Антонаўкі спелі ў садах.

Пахла бульбоўнікам горкім,

Калі ён пра долю гадаў.

Спеліў шчымлівае слова,

Каб праўдаю высветліць сказ,

Каб слова дыхнула жытнёва

І нам растлумачыла нас.

На свята прыехалі ўнук народнага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова Уладзімір Бербераў, сын паэта-земляка Аляксея Русецкага Уладзімір Бурдзялёў, члены Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі на чале са старшынёй Аляксандрам Казекам і іншыя ганаровыя госці.

У сёмы раз горацкая дэлегацыя прыняла ўдзел у фестывалі. У яе складзе былі кіраўнік народнага літаратурнага аб’яднання «Роднае слова» Людміла Дзеружкова, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Алеся Цэван, паэт Аляксандр Ведзянееў, настаўніца ДУА «Сярэдняя школа № 3 г. Горкі» Аксана Волкава і  вучаніца гэтай школы Аліна Фісенка.

Наша дэлегацыя разам з іншымі гасцямі наведала гісторыка-культурны аб’ект «Пісьмянкоў луг» на малой радзіме Алеся Пісьмянкова ў вёсцы Бялынкавічы, прыняла ўдзел у літаратурна-музычнай кампазіцыі «Будзем, людзі, шчаслівыя ўсе!» і паэтычных чытаннях «У родным слове цэлы свет».

У рамках фестывалю паэзіі і аўтарскай песні «Пісьмянкоў луг» праходзіў рэгіянальны пленэр майстроў разьбы па дрэве «Драўляная прыгажосць». Сертыфікатамі ўдзельнікаў адзначаны і нашы горацкія майстры Уладзімір Бразгуноў і Аляксандр Дамарацкі.

Людміла ДЗЕРУЖКОВА,
кіраўнік народнага літаратурнага аб’яднання «Роднае слова»