Смачна есці: чацвер беларускай кухні


З верасня мінулага года Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ажыццяўляе іншы падыход да школьнага харчавання: у 20 школах краіны рэалізуецца пілотны праект, які прадугледжвае апрабацыю новых тэхналогій і прынцыпаў арганізацыі. У сярэдняй школе № 2 нашага горада таксама вырашылі ўкараніць новаўвядзенне. Цяпер тут чацвер — дзень беларускай кухні

У чарговы чацвер журналісты наведалі СШ № 2 і даведаліся, якія нацыянальныя стравы кухары рыхтуюць дзецям і ці падабаецца навучэнцам беларускае меню.

Дырэктар установы адукацыі Іван Леснік адзначыў, што вырашылі далучыцца ў некаторым сэнсе да пілотнага праекта па харчаванні, укараніць новыя стравы. Выбралі беларускія. Узялі іх з зацверджанага санітарнай службай 10-дзённага меню, якое прайшло атэстацыю.

— Раз чацвер «беларускі», то і сталовую афармляем сімвалічна, — расказаў Іван Іванавіч. — Прадстаўлены ручнікі з вышыўкай, посуд з гліны, кнігі з рэцэптамі нацыянальных страў. На кожным стале ста­яць сурвэтніцы з беларускім пажаданнем «Смачна есці!»

Загадчыца сталовай Эла Кавалёва паведаміла, што гатуюць стравы па тэхналагічных картах. Большасць з іх знаёмыя, а вось некаторыя давялося вывучыць. У меню ўсімі любімыя боршч і маннік, ёсць біточкі па-беларуску, з’явілася тварожная запяканка «Зебра», драчона і інш.

Вучаніца 2 «Б» класа Мілана Сівакова сказала, што яна з задавальненнем ідзе ў сталовую ў «беларускі» чацвер. Любіць і боршч, і запяканку, і рысавую кашу. Усё смачна.

Кухары Алеся Прохарава, Аксана Бондарава і Людміла Каравосава рыхтуюць усё з любоўю. Жанчыны гавораць, што заўсёды прыемна чуць ад дзяцей словы падзякі, а самае лепшае для работнікаў сталовай — бачыць, як вучні ўплята­юць ежу і пакідаюць пасля сябе чыстыя талеркі. Гэта сведчанне таго, што стравы спадабаліся.

У наступным навучальным годзе ў адпаведнасці з пілотным праектам у кожнай школе краіны будуць запушчаны новыя тэхналогіі і прынцыпы арганізацыі харчавання. Па выніках анкетавання дзяцей і бацькоў складуць разнастайнае меню, якое павінна быць даспадобы навучэнцам. Так што ісці ў сталовую яны будуць з задавальненнем.

Прыемнага апетыту, школьнік!

Кухар Алеся Прохарава дэманструе меню са стравамі беларускай кухні

Валерыя ДРАЗДОЎСКАЯ
Фота аўтара
Відэа Марыны АНДРОСАВАЙ