Сустрэча з членам Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесяй Цэван


7 жніўня была арганізавана сустрэча з членам Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесяй Цэван для вучняў дзіцячага летняга лагера «Пазітыў» сярэдняй школы № 4 г. Горкі

Алеся Дзмітрыеўна — аўтар паэтычных зборнікаў «Овеянная нежностью небес» і «Отпечаток мечты». Яна актыўны член народнага літаратурнага аб’яднання «Роднае слова». Пісьменніцу часта запрашаюць на мерапрыемствы ў школы і студэнцкія аўдыторыі. Гэтыя сустрэчы з пісьменніцай заўсёды выклікаюць жывую цікавасць не толькі ў дарослай аўдыторыі, але і ў самых маленькіх слухачоў.

Алеся Дзмітрыеўна — шматдзетная маці. І, назіраючы менавіта за паводзінамі сваіх траіх дзяцей, яна піша казкі, апавяданні, вершы для юных чытачоў. Героі яе твораў любяць свой край, родных і сяброў, вучаць дабрыні і спагадзе, адказнасці за свае ўчынкі.

Вучні з цікавасцю слухалі пісьменніцу і яе добрыя і павучальныя казкі пра дзяўчынку Мілу і бурклівавага жука, пра сараканожку Фросю і велічэзны кавун, пра хлопчыка Эліаса і прагнага мельніка; вершы пра непаўторную прыгажосць роднага краю, пра дзяцей, іх паводзіны і мары, узаемадносіны паміж сабой і дарослымі. У час дыялогу дзеці адказвалі на пытанні па творах, разважалі аб учынках герояў, выказвалі меркаванні, расказвалі цікавыя гісторыі са свайго жыцця, прапаноўваючы аўтару напісаць новыя казкі і апавяданні.

А напрыканцы сустрэчы маленькія слухачы выказвалі шмат шчырых пажаданняў пісьменніцы: натхнення, поспехаў у творчасці і новых твораў. Алеся Дзмітрыеўна таксама пажадала дзецям добра вучыцца, быць уважлівымі, адказнымі і паслухмянымі і заўсёды любіць сваю родную Беларусь.

Людміла ДЗЕРУЖКОВА,
кіраўнік народнага літаратурнага аб’яднання “Роднае слова”