У дзіцячай школе мастацкіх рамёстваў адбылося “Пасвячэнне ў рамяство”


У дзіцячай школе мастацкіх рамёстваў стала традыцыйным праводзіць на восеньскіх канікулах  свята для першакласнікаў і іх бацькоў “Пасвячэнне ў рамяство”. Гэты дзень для вучняў-першакласнікаў  асаблівы, таму што іх прымалі ў рамеснікі. А пачалося ўсё з восеньскага кірмашу. Зазывала ўсіх прысутных запрашала на свята і пазнаёміла  з  выстаўкай работ дэкаратыўна-прыкладного мастацтва першакласнікаў “Першыя крокі да творчасці”, якая ўразіла  ўсіх прысутных сваім каларытам і арыгінальнасцю.

Развесяліла удзельнікаў свята Нехачуха, якая прынесла з сабою чароўны клубочак і смеху мяшочак. Першакласнікі з вялікім жаданнем гулялі ў розныя гульні, прымалі ўдзел у эстафетах, адгадвалі загадкі, малявалі. Твар дзяцей не пакідала добрая, радасная ўсмешка, а вочы зіхацелі шчырасцю і натхненнем.

Усіх усхваляваў урачысты момант пасвячэння першакласнікаў у рамеснікі. Узяўшыся за рукі, настаўнікі школы рамёстваў стварылі імітаваны ручай, праз які праходзілі дзеці. На памяць аб свяце кожны першакласнік атрымаў медаль. Дзеці зразумелі, што рукі, якія могуць пераўтвараць матэрыял у цудоўныя рэчы называюцца залатымі, а людзей з такімі рукамі – рамеснікамі.

 Людміла СТАЎСКАЯ
Дырэктар дзіцячай школы мастацтваў і мастацкіх рамёстваў г. Горкi