У горацкім музеі адбылася прэзентацыя зборніка вершаў Аляксандра Ведзянеева


14 лістапада ў Горацкім раённым гісторыка-этнаграфічным музеі адбылася прэзентацыя зборніка вершаў члена народнага літаратурнага аб’яднання «Роднае слова» Аляксандра Ведзянеева «Щепотка соли». Гэта дэбютны зборнік паэта, які выйшаў яшчэ летам гэтага года ў мінскім выдавецтве «Белпрынт». У васьмі раздзелах больш чым 200-старонкавага зборніка прадстаўлены вершы духоўнай, патрыятычнай, філасофскай, любоўнай тэматыкі. Ёмкія  вобразы, глыбокія думкі, адметны стыль…

Дарэчы, гэта першая кніга ў гісторыі горацкай паэзіі, якая адрозніваецца ад выданняў мясцовых аўтараў тым, што кожны верш тут напісаны спосабам акраверша – гэта значыць, пачатковыя літары радкоў ствараюць якое-небудзь слова або фразу.

Паводле слоў прадстаўнікоў творчых саюзаў, супрацоўнікаў бібліятэк і ўсіх, хто пазнаёміўся з вершамі Аляксандра Ведзянеева, зборнік не толькі мае свае адметнасці, але і карыстаецца папулярнасцю сярод аматараў літаратурнай творчасці.

Як адзначае ў прадмове член Саюза пісьменнікаў Беларусі Віктар Кунцэвіч, «строки Саши Веденеева греют и обжигают не только его душу, но и душу читателя, убеждают в том, что в мир поэзии шагнул поэт думающий, чувственный, оригинальный. Саша Веденеев трудолюбив. И об этом свидетельствует не только объём книги. Чувствуется, что над каждым стихотворением он поработал основательно и подобрал ему необходимое место, тем самым оправдывая авторское “ковёр стихов стелю”».

Марыя Студнёва, галоўны бібліятэкар аддзела гуманітарна-асветніцкай работы бібліятэкі імя Д. Р. Новікава БДСГА:

«Незвычайная форма вершаў першай паэтычнай кнігі Аляксандра Ведзянеева сведчыць аб яго выдатнай фантазіі і працаздольнасці. А дзякуючы яго натхненню і паэтычнаму дару перад чытачамі адкрываецца душа паэта, якая ўмее думаць, адчуваць і марыць. Можна з упэўненасцю сказаць, што маляўнічыя вобразы і трапныя рыфмы зборніка паэзіі «Щепотка соли» зробіць наша паэтычнае меню больш вытанчаным і разнастайным».

Наталля Ніканчук, член Саюза пісьменнікаў Беларусі:

«Аляксандр не перастае здзіўляць нас разнастайнасцю сваіх талентаў. То ён паўстае перад намі ў абліччы пісьменніка-паэта, то выходзіць на сцэну ў якасці артыста ансамбля «Паршынскія зоры». Таксама ходзяць чуткі, што ён неблагі скульптар, кухар і вынаходнік. І ўсё гэта нягледзячы на тое, што ён займае адказную пасаду электрыка сельскагаспадарчага прадпрыемства.

«Поэт, несущий свет людям» – менавіта такімі словамі характарызуе сябе аўтар кнігі. Я хачу яшчэ раз падкрэсліць: у першую чаргу – ПАЭТ, а потым – усё астатняе. І гэтая вечарына – яскравы таму прыклад. Вершы, якія гучалі сёння, здзіўляюць сваёй шчырасцю і неардынарнасцю. У такіх выпадках кажуць: вершы кранаюць за жывое. Аляксандр не баіцца«неудобных тем», можа і праўду-матку ў вочы выказаць, і пра каханне гаварыць пранікнёна і чулліва. Паэт паўстае перад намі як апантаны, надзелены Усявышнім звышзадачай – несці святло людзям».

Значнае месца ў зборніку займаюць вершы духоўнай тэматыкі. Чытаючы іх, адчуваеш, што паэт імкнецца сваёй творчасцю служыць людзям, каб раскрыць іх сэрцы і запаліць верай, што вядзе да святла ісціны Хрыстовай:

Поэта быт вовеки не задавит –
Он помнит то, зачем рождён на свет.
Любовь даря, он Господа восславит
И воскресит отвергнутый Завет.
Господь ему вовеки не позволит
Растрачивать себя на пустяки.
Ах, как душа поэта  трудоголит,
Фильтруя бытия черновики.

Ва ўтульнай зале горацкага музея сабраліся калегі па пяру, некаторыя кіраўнікі ўстаноў  культуры, землякі, сваякі,  прыхільнікі творчасці паэта.

У адрас аўтара прагучала шмат цёплых слоў і водгукаў ад настаяцеля Храма Усіх Беларускіх Святых айца Сергія Мосура, актыўным прыхаджанінам якога з’яўляецца Аляксандр. Свае вершы прысвяцілі творцу член Саюза пісьменнікаў Беларусі Наталля Ніканчук, мясцовыя паэты Алеся Азаранка, Валянціна Мажугіна, Святлана Ластачкіна. Дырэктар музея Святлана Макеева ўручыла паэту грамату за актыўнае супрацоўніцтва з музеем і ўдзел у рабоце літаратурнага аб’яднання «Роднае слова», а дырэктар Горацкага Дома рамёстваў Зоя Чандакова – памятныя падарункі ад сваёй установы і падзялілася ўражаннямі аб тым, якой папулярнасцю вершы  земляка карыстаюцца сярод яе сваякоў. Кіраўнік аб’яднання «Роднае слова» Людміла Дзеружкова падаравала аўтару Псалтыр, каб у цяжкія хвіліны перажыванняў паэт звяртаўся да гэтай Кнігі.

Вершы з раздзелаў зборніка дэкламавалі ўдзельнікі тэатра-студыі «Парадокс» УА БДСГА, студэнцкіх клубаў «Родник» і «Дэбют»: Ніна Глёкава, Дар’я Гарбаценка, Даулет Амангельды, Ганна Міранчук, Марыя Мельнікава, Ганна Чычына. У цудоўным выкананні горацкіх салістаў Валерыі Салянік і Андрэя Шутава ўпершыню прагучалі песні на словы Аляксандра Ведзянеева «Восеньскі ранак», «Вандроўнік», «Песня пра каханне», музыку да якіх напісала выкладчык дзіцячай школы мастацтваў і вакальна-харавога майстэрства Ганна Калікінская.

На працягу ўсяго мерапрыемства добры настрой і запал дарыў гледачам народны фальклорны аўтэнтычны ансамбль «Паршынскія зоры» (кір. Любава Владыка), актыўным удзельнікам якога таксама з’яўляецца Аляксандр.

Душэўнае музычнае віншаванне падаравала і вядомая горацкая спявачка Надзея Курбасава, якая прысвяціла паэту  яшчэ і  свой верш.

Вядома, што для творчага чалавека вельмі важна, каб яго прызналі. А для пісьменніка галоўнае – прызнанне чытачоў. Можна з упэўненасцю сказаць, што Аляксандр Ведзянееў сваю місію паэта выконвае самааддана, кранаючы струны душы самага строгага і пераборлівага чытача. А ў наступным годзе паэт плануе выдаць яшчэ не адзін зборнік.

Людміла ДЗЕРУЖКОВА, 
кіраўнік  народнага літаратурнага аб’яднання «Роднае слова»
Фота Дзмітрыя ФІЯЛКІ


Leave a Comment