У Горацкім раённым гісторыка-этнаграфічным музеі прайшла літаратурная гадзіна «Чароўны свет дзяцінства»


20 снежня ў рамках рэспубліканскай акцыі «Разам з кнігай мы расцём» у Горацкім раённым гісторыка-этнаграфічным музеі для вучняў пачатковых класаў сярэдняй школы № 1 г. Горкі прайшла літаратурная гадзіна «Чароўны свет дзяцінства»

Вучні пазнаёміліся з творчасцю горацкіх аўтараў, членаў ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» Анатоля Прохарава, Ніны Кавалёвай, Наталлі Ніканчук і Алесі Цэван. У даступнайдля дзяцей форме супрацоўніца Цэнтральнай бібліятэкі імя Максіма Гарэцкага Вольга Максімава расказала пра кожнага пісьменніка, раскрыла адметнасць іх твораў для дзяцей. Вучні таксама дзяліліся ўражаннямі аб творах, задавалі пытанні, выказвалі пажаданні. Удзельнікі тэатральнага класа «Светлячок» Дзіцячай школы мастацтваў і вакальна-харавога майстэрства г. Горкі (кіраўнік Алена Сідлерава) Алеся і Вераніка Шумінскія, Маргарыта Гнедзянкова, Данііл Паўлаў і Руслан Лепскі дэкламавалі вершы Анатоля Прохарава і Ніны Кавалёвай, апавяданне Наталлі Ніканчук пра згублены гузічак і казку Алесі Цэван пра дзяўчынку Мілу імайскага жука.

Вершы паэта Анатоля Прохарава прыцягваюць да сябе ўвагу маленькіх чытачоў непасрэднасцю аўтарскага светаўспрымання, лёгкасцю і дакладнасцю рыфмаванага слова, зразумелым для іх гумарам і пластыкай вобразаў.

Разам з матчынай калыханкай увабраў Анатоль Прохараў хараство, прыгажосць і тонкае адчуванне роднага слова. Паэтычны талент, працавітасць і любоў да дзяцей спрыялі стварэнню вершаў, якія знаходзяць водгук у сэрцах маленькіх чытачоў. Анатоль Прохараў — аўтар зборнікаў вершаў для дзяцей «Вуркаток» (1983), «Птушыны гарадок» (1988), «Вясёлы карагод» (2005). Некаторыя яго творы змешчаны ў школьных падручніках па беларускай мове для малодшых класаў, друкаваліся на старонках часопісаў «Вясёлка», «Родная прырода», «Нёман», «Вожык».

Ніна Кавалёва пісала для дзяцей так, быццам пляла вяночкі з добрых цёплых слоў:

Што такое хараство?

Гэта вочы маці.

Што такое хараство?

Гэта смех дзіцяці.

Гэта ніва і лясок,

І дзядок на ганку.

Гэта Шарык ля яго —

Хвосцік абаранкам.

Гэта з коміна дымок,

Тлусты, як авечка,

І з гарачаю слязой

Ля іконы свечка.

Ніна Кавалёва — аўтар 25 зборнікаў, восем з іх адрасаваны дзецям: «Вода-чудесница» (1994), «Есть у дождика подружка» (1998), «Хто галоўны на сяле» (2004), «Божья заповедь» (2005), «Нарисуем всё про нас» (2007), «Ангел над колыбелью» (2017), «Я шагаю по земле» (2017). Асобны раздзел для дзяцей маецца і ў кнізе «Як купалі ў купелі» (2018). Героі вершаў Ніны Кавалёвай любяць родны край, разумеюць яго прыроду, блізкіх і сяброў, вучаць дабрыні і спагадзе, адказнасці за свае ўчынкі.

Ужо два гады няма побач з намі гэтай цудоўнай таленавітай жанчыны. У Ніны Дзмітрыеўны быў няпросты лёс: шмат гадоў была прыкавана да ложка, а вершы, якія яна складала, запісвалі людзі, што да яе прыходзілі.

З членамі Саюза пісьменнікаў Беларусі Наталляй Ніканчук і Алесяй Цэван горацкія школьнікі сустракаюцца даволі часта.

Наталля Ніканчук — аўтар трох кніг для дарослых (зборніка вершаў «Любоў — крылатая істота», кнігі прозы «…Кранаючы неба рукамі», рамана «Иоланта»), а таксама казачнай аповесці для дзяцей «Дэльфінчык Агу». Пісьменніца не змагла прысутнічаць на мерапрыемстве, але падрыхтавала зварот да маленькіх чытачоў. У ім расказала пра свае першыя творы і казачную аповесць «Дэльфінчык Агу», якая выйшла ў гэтым годзе.

«Маім першым і самым вялікім жаданнем было пісаць для дзяцей, і менавіта на беларускай мове. Таму адразу я паспрабавала стварыць некалькі невялікіх вершаў для Дзеда Мароза, а потым былі вершы-гульні. А ўжо далей з’явіліся апавяданні, такія як «Згублены гузічак», «Мухі-шчабятухі», «Бобік», «Павучок Пеця», «Блакітнае кацяня». З цягам часу, калі я зразумела, што ў мяне нядрэнна атрымліваецца, я замахнулася на напісанне кнігі для дзяцей, выданне якой адбылося ў гэтым годзе.

Гэтая кніга называецца «Дэльфінчык Агу». Галоўная падзея твора, якому адводзіцца адразу некалькі частак, — гэта барацьба дружных і ўдалых дэльфінаў з вялізнай ненажэрнай акулай Фросяй, якая заплыла ў Сінюю бухту і не давала спакойна жыць дэльфінам і астатнім жыхарам узбярэжжа. Каб перамагчы Вялізную Белую акулу, дэльфінам спатрэбіліся такія якасці, як згуртаванасць і вынаходлівасць. Менавіта яны дапамаглі статку дэльфінаў перамагчы зубатага монстра. Акрамя гэтага, з маёй казачнай аповесці вы даведаецеся аб тым, як дружаць дэльфіны і людзі. Агу таксама спрабуе завесці знаёмства з дзяўчынкай Таццянкай і выратоўвае яе падчас небяспекі. Каб даведацца, як ён гэта робіць, трэба прачытаць кнігу.Таму, мае паважаныя маленькія чытачы, не губляйце сувязі з друкаванымі выданнямі, чытайце, любіце іх — і тады вы, як і мой галоўны герой — дэльфінчык Агу, зможаце выйсці пераможцамі з любых складаных сітуацый. Поспехаў вам і ўсяго самага найлепшага!»

Алеся Цэван — аўтар двух паэтычных зборнікаў для дарослых «Овеянная нежностью небес» і «Отпечаток Мечты». У апошнія гады Алеся Дзмітрыеўна, назіраючы за паводзінамі сваіх траіх дзяцей, пачала пісаць казкі, апавяданні, вершы і для маленькіх чытачоў.

Дзеці з цікавасцю слухалі пісьменніцу і яе казкі пра непаслухмянае мышаня і сараканожку Фросю, пра майскага жука, вершы пра непаўторную прыгажосць роднага краю, прыродныя з’явы і поры года, пра дзяцей, іх паводзіны і мары, узаемаадносіны між сабой і дарослымі. Яны актыўна адказвалі на пытанні па яе творах, разважалі аб ўчынках герояў, выказвалі свае меркаваннні і задавалі пытанні аўтару пра творчасць.

Людміла ДЗЕРУЖКОВА,
 кіраўнік народнага літаратурнага аб’яднання “Роднае слова”
Фота Міхаіла ЛЯЎЦОВА