У Горацкім раённым музеі арганізавалі мерапрыемства да 110-годдзя з дня нараджэння Аркадзя Куляшова


6 лютага ў Горацкім раённым гісторыка-этнаграфічным музеі была прадстаўлена літаратурна-музычная кампазіцыя «І вечнасць радка, як вечнасць жыцця…», прысвечаная 110-годдзю з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова.

У мерапрыемстве, падрыхтаваным супрацоўнікамі цэнтральнай бібліятэкі імя Максіма Гарэцкага і народным літаратурным аб’яднаннем «Роднае слова», прынялі ўдзел члены Саюза пісьменнікаў Беларусі Алеся Цэван і Наталля Ніканчук, ветэраны працы, вучні гарадскіх школ, студэнты БДСГА.

Літаратурна-музычную кампазіцыю суправаджала мультымедыйная прэзентацыя, дзе былі прадстаўлены фотадакументы і відэаматэрыялы аб жыцці і творчасці Аркадзя Куляшова. Прысутныя пазнаёміліся з багатай творчай спадчынай выдатнага паэта. У ходзе мерапрыемства гучалі не толькі вершы Аркадзя Куляшова і песні, напісаныя на яго словы, але і вершы-прысвячэнні члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Наталлі Азаранкі «Да 110-годдзя з дня нараджэння Аркадзя Куляшова», горацкай паэтэсы Лідзіі Андрэевай «Памяць», члена народнага літаратурнага аб’яднання «Роднае слова» Людмілы Дзёменскай.

Сваімі думкамі і разважаннямі аб паэзіі Аркадзя Куляшова падзяліліся члены Саюза пісьменнікаў Беларусі і горацкія аўтары. Ад імя Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі выступіла Наталля Ніканчук. Яна засяродзіла ўвагу прысутных на тым, што на Магілёўшчыне ўшаноўваецца памяць знакамітага земляка. Імeм Аркадзя Куляшова нaзвaны дзяржаўны ўніверсітэт і вуліца ў Магілёве, дзейнічае літаратурны музей народнага паэта ў вёсцы Новыя Саматэвічы Касцюковіцкага раёна. З мэтай папулярызацыі творчасці Аркадзя Куляшова Магілёўскім аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі разам з МДУ імя А. А. Куляшова праводзіцца штогадовы літаратурны конкурс «І кружыцца планета Куляшова».

«Пісаць вершы Аркадзь Куляшоў пачаў вельмі рана. І той факт, што ў чатырнаццаць год ім быў напісаны знакаміты верш «Бывай…», гаворыць аб тым, што ў гэтым юным узросце ён ужо быў сапраўдным паэтам. Далейшы лёс Аркадзя Куляшова правёў яго дарогамі вайны, ён вучыўся, займаў розныя адказныя пасады ў нашай краіне і за яе межамі. І ўвесь гэты час ён пісаў, не расставаўся з пяром і паперай.

Аркадзь Куляшоў пісаў як дыхаў: штодня, упарта, настойліва, гаварыў аб самым набалелым, аб тым, што адбывалася навокал. Яго мова простая і зразумелая. Куляшоў – наватар у вершаскладанні: ён прымяніў формы, якія ў той час выкарыстоўвалі рускамоўныя аўтары, да нашай беларускай мовы», – адзначыла пісьменніца.

Алеся Цэван, член Саюза пісьменнікаў Беларусі: «Паэзія Аркадзя Куляшова напоўнена вобразамі і разважаннямі аб сэнсе чалавечага жыцця, аб сувязі з прыродай. Яго вершы прасякнуты вельмі глыбокімі думкамі і перажываннямі. У іх мы бачым шлях аўтара, яго разуменне таго, што адбываецца ў чалавеку і ў навакольным свеце:

Я – трэці свет, я кропелька малая
Тых светаў двух – звычайны чалавек,
Што неба і зямлю ў сабе змяшчае
І ў свет адзін злучае іх навек».

Па словах Людмілы Дзёменскай, Аркадзь Куляшоў для яе, настаўніцы беларускай мовы і літаратуры, асацыіруецца перш за ўсё з урокамі літаратуры ў школе. «Творы на грамадзянска-патрыятычную тэматыку, вершы аб каханні, аб подзвігу савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны займаюць асноўнае месца ў праграмнай літаратуры. Асабліва хачу адзначыць верш «Спакойнага шчасця не зычу нікому…», які прымушае задумацца вучняў над адным з асноўных філасофскіх пытанняў: а ці ёсць яно, спакойнае шчасце, і ці прыносіць яно асалоду чалавеку? У выніку роздуму і пошукаў вучні засвойваюць ісціну: спакойнага шчасця не бывае. Калі ў паэта ёсць такія вершы, то яго можна назваць найвышэйшым культурным дзеячам і Чалавекам», – адзначыла Людміла Уладзіміраўна.

На літаратурнай выставе былі прадстаўлены кнігі паэта розных гадоў:«Сасна і бяроза», «Мая Бесядзь», «Крылы», «Сцяг брыгады», «Скорость» і інш.; яго майстэрскія пераклады Аляксандра Пушкіна, Міхіла Лермантава, Івана Катляроўскага, Кайсына Куліева і інш. Творы Аркадзя Куляшова ўвайшлі ў шматлікія калектыўныя выданні: «Родныя словы», «Іскры вечнага агню», «Залатое жыта», «Мой родны кут», «Роднасць» і інш.

Спадчына народнага паэта Беларусі, славутага сына Магілёўшчыны Аркадзя Куляшова – адна з яркіх старонак у гісторыі беларускай паэзіі. Творы яго па-ранейшаму знаходзяць гарачы водгук у сэрцах чытачоў.

Людміла ДЗЕРУЖКОВА,
кіраўнік народнага літаратурнага аб’яднання «Роднае слова»