У Горках прайшла рэспубліканская краязнаўчая канферэнцыя «Бацькаўшчына»


У апошні час цікавасць да краязнаўчай работы, вывучэння родных мясцін у іх гістарычным, сацыяльна-эканамічным і культурным развіцці значна вырасла. Гэта яшчэ раз падцвердзіла чарговая канферэнцыя “Бацькаўшчына”, якая адбылася 22 снежня 2020 года. Арганізавана яна Горацкім раённым гісторыка-этнаграфічным музеем сумесна з кафедрай сацыяльна-гуманітарных дысцыплін БДСГА.   Праводзілася канферэнцыя ўжо ў дваццаць сёмы раз и была прысвечана Году малой радзімы.

У гэтым годзе, у адрозненні ад мінулых, канферэнцыя набыла статус рэспубліканскай. Удзел у ёй прынялі не толькі супрацоўнікі Горацкага музея, выкладчыкі і студэнты сельскагаспадарчай акадэміі. Свае артыкулы даслалі выкладчыкі БДУ (Мінск),  МДУ імя А.Куляшова (Магілёў), БРУ (Магілёў), супрацоўнікі Цемналесскай бібліятэкі (Дрыбінскі раён).

На пленарным пасяджэнні прагучала 16 выступленняў. Значная частка дакладаў была прысвечана гісторыі сельскагаспадарчай акадэміі, жыццю і дзейнасці выкладчыкаў і выпускнікоў гэтай старэйшай навучальнай установы. З пашанай расказвалі студэнты і выкладчыкі пра лёсы людзей, якія стаялі ля вытокаў сельскагаспадарчай адукацыі ў Горках, унеслі значны ўклад у станаўленне і развіццё сельскагаспадарчай навукі і адукацыі, а таксама пра тых, хто працаваў ці зараз працуе на ніве падрыхтоўкі спецыялістаў-аграрнікаў.

Большая частка даследчыкаў звярнулася да гісторыі Горацкага краю. Вельмі цікавым быў даклад супрацоўніка музея І. Кальчэўскай пра каштоўныя рэчы з маёнтка князёў Дандуковых-Корсакавых, якія зараз знаходзяцца ў музеях Мінска і Смаленска.

Узгадваліся падзеі Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Горацкага раёна.

Не засталіся па-за ўвагай удзельнікаў канферэнцыі і літаратурныя традыцыі  Горацкага краю. 95-годдзю з дня нараджэння горацкага паэта Льва Васільева прысвечаны нарыс кіраўніка народнага літаратурнага аб’яднання “Роднае слова” Л. Дзеружковай. А загадчыца Цемналесскай бібліятэкі-філіяла А. Шэвардова цікава і змястоўна расказала пра работу музейнага пакоя, прысвечанага жыццю і дзейнасці паэткі Н. Кавалёвай.

У апошнія часы ў нашай дзяржаве шмат увагі ўдзяляецца гісторыка-культурнай спадчыне. Гэтая тэма таксама знайшла адлюстраванне ў дакладах удзельнікаў канферэнцыі. Помнікі дойлідства Ліды, гісторыя іезуіцкага касцёла і калегіума ў Полацку, замак князёў Чартарыйскіх у Крыўлянах — вось толькі некаторыя тэмы, закранутыя ў дакладах студэнтаў акадэміі. Абагульненнем гэтай тэмы прагучаў даклад старшага навуковага супрацоўніка музея М. Дзенісенка аб праблемах выкарыстання гісторыка-культурнай спадчыны.

Адным з навуковых накірункаў канферэнцыі стала беларуская вёска: яе гісторыя, асобы, сучаснасць і традыцыі. Менавіта людзям вёскі, працаўнікам сельскай гаспадаркі прысвечаны даклады вучняў Паршынскага ВВК “Дзіцячы сад-сярэдняя школа Горацкага раёна” А. Жукоўскай  і В. Філіпавай. А супрацоўніца музея савецка-польскай баявой садружнасці Т. Рынкевіч  падрыхтавала нарыс пра жыццё і дзейнасць першага дырэктара Музея савецка-польскай баявой садружнасці.

Як заўсёды, па выніках працы канферэнцыі будзе выдадзены зборнік дакладаў.

Краязнаўства дае магчымасць праявіць любоў да таго  месца на зямлі, якое мы лічым родным, мець павагу да той зямлі, на якой нарадзіліся і выраслі. Выхаваць грамадзяніна-патрыёта без павагі да нацыянальнай спадчыны, традыцый, гісторыі і культуры Беларусі немагчыма.

Таццяна Караеўская,
старшы навуковы супрацоўнік
Горацкага раённага гісторыка-этнаграфічнага музея


Leave a Comment