Выхаванцы ДУА “Яслі-сад № 3 г. Горкі” адзначаны дыпломамі Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Вёска Fest-2022»


У Маладзечне прайшоў lll Міжнародны фестываль мастацтваў «Вёска Fest-2022». У ім прынялі ўдзел і выхаванцы ДУА “Яслі-сад № 3 г. Горкі” ва ўзросце да 6 гадоў. Арына Гаўрылава і Мікіта Радзькоў адзначаны дыпломамі конкурсу.

Загадчыца дашкольнай установы адукацыі Ларыса Мініна падкрэсліла, што “гэты конкурс мае важныя мэты: выяўленне новых імёнаў і талентаў у розных відах мастацтва; умацаванне міжнародных сувязяў і супрацоўніцтва праз культуру і творчасць; папулярызацыя ідэй гуманізму і патрыятызму; яднанне, захаванне і развіццё нацыянальных культур. Падобнага роду фэсты стымулююць таленавітых рабят. Таму мы заўсёды імкнемся зацікавіць выхаванцаў, каб яны ўдзельнічалі ў конкурсах”.

Выхаванка старэйшай групы Арына Гаўрылава стала лаўрэатам ll ступені ў намінацыі “Тэатральная творчасць. Мастацкае слова”.

Выхавальніца Алена Друкава прапанавала прачытаць верш Барыса Захадэра “Ніхто”. Арына ра­зам з бацькамі вучыла твор. Адточвала аратарскае майстэрства ў садзе, кожны дзень рэпеціравала над падачай тэксту, харызмай і артыстызмам. А потым бацькі запісалі відэа для ўдзелу ў фэсце.

Варта адзначыць, што Арына — пераможца раённага конкурсу даследчых работ. Разам з выхавальніцай Аленай Друкавай яна вывучала ўласцівасці гліны. Дапамаглі бацькі Іван і Валянціна. Работа была прадстаўлена і на абласны конкурс. Для падрыхтоўкі працы наведвалі музей глеб, які размешчаны на кафедры глебазнаўства УА БДСГА. Ён адзіны ў Рэспубліцы Беларусь, дзе прадстаўлены маналіты асноўных тыпаў глеб нашай рэспублікі і краін СНД. Зазіралі ў навучальныя лабараторыі фізікі і хіміі глеб. У рэалізацыі практычнай часткі — працы з гліны — дапамагала настаўніца дзіцячай школы мастацтваў і мастацкіх рамёстваў Наталля Коцікава. Ёй за са­дзейнічанне — вялікі дзякуй.

— Мы задаволены, як у дашкольнай установе падыходзяць да выхавання дзяцей. Іх навучаюць, развіваюць здольнасці, далучаюць да творчай працы. Тут дзеці раскрываюцца, — адзначылі шматдзетныя бацькі Гаўрылавы. — Наша старэйшая дачка Даша была тут выпускніцай. Яна актыўна займалася фітнесам, выступала на мерапрыемствах і святах, ўдзельнічала ў розных конкурсах. Ды і малодшага сына Яраслава ў будучым плануем аддаць у гэты сад.

Выхаванец сярэдняй групы Мікіта Ра­дзькоў у намінацыі “Выяўленчае мастацтва. Пейзаж” таксама стаў лаўрэатам ll ступені фэсту. Ён намаляваў карціну “Мой родны кут”, з этапаў працы зрабілі прэзентацыю.

Як адзначылі бацькі Кацярына і Максім, яшчэ з маленькіх гадоў прыкмецілі схільнасць сына да выяўленчага мастацт­ва. І вось імкнуцца падтрымліваць яго цікавасць. Спрыяе развіццю творчасці і выхавальніца Марына Карчагіна.

Мікіта ўдзельнічаў у Міжнародным конкурсе “Майстэрства без межаў”. Творчае заданне з малюнкамі аб прыродзе “Сем прыкмет вясны” рабіў разам з мамай. А яго малюнак па экалагічнай тэматыцы заняў другое месца ў раёне, трэцяе — у вобласці.

— Да напісання карціны на «Вёска Fest» падышлі творча, — сказала мама Кацярына. — Глядзелі рознае відэа аб нашай краіне. Разам выбіралі сюжэт. Контур Беларусі, ў сэрцы і на далонях, бусел у блакітным небе, саспелыя залацістыя каласы і далікатныя васількі — основа працы. Атрымалася вельмі прыгожа. Ад карціны вее любоўю да нашай роднай Сінявокай.

Бацькі дзякуюць кіраўніцтву і выхавальнікам за падтрымку, дапамогу і адказнасць у выхаванні дзяцей, увагу да малых, індывідуальны падыход да кожнага. Асобна ўдзячныя яшчэ за тое, што прывіваюць любоў да Радзімы і яе традыцый, каб юныя грамадзяне выраслі сапраўднымі патрыётамі сваёй краіны.

Валерыя ДРАЗДОЎСКАЯ
Фота Міхаіла ЛЯЎЦОВА