10 сакавіка прыгожы жыццёвы юбілей у настаўніцы Аўсянкаўскай сярэдняй школы Таццяны Уладзіміраўны Дземянковай. Тут яна вучыць сельскіх дзяцей, нясе ім «добрае і вечнае» больш за 35 гадоў.
Пра прафесію настаўніка наша калега марыла з малых год. Памятае, як у дзіцячым узросце гулялі з дзяўчынкамі ў «настаўніка»: правяралі сшыткі, выстаўлялі адзнакі, спісвалі крэйдай дошчачкі. У старэйшых класах гэтай мары не здрадзіла. Тут ужо канчаткова вызначыла, што будзе настаўніцай беларускай мовы і літаратуры. Любіла пісаць сачыненні, многа чытала.
Мара яе здзейснілася: хоць і не з першага разу, але паступіла ў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя М. Горкага на філалагічны факультэт.
— Лічу, што ў выбары прафесіі не памылілася, — разважае Таццяна Уладзіміраўна. — Школа — гэта асаблівы свет, дзе кожны наступны дзень не падобны на папярэдні. Жыццё тут б’е крыніцай, пастаянна трэба спяшацца дарыць энергію, веды, уменні сваім вучням. Маё педагагічнае крэда — «Не з ведамі да вучняў, а з вучнямі да ведаў». Дэвіз кожнага ўрока — пошук і творчасць. Мой ідэал у прафесійнай творчасці:
І — ініцыятыва, індывідуальны падыход.
Д — дабрыня, добразычлівасць.
Э — энергія.
А — актыўная жыццёвая пазіцыя.
Л — любоў да дзяцей і сваёй справы.
Для Таццяны Уладзіміраўны вельмі важна навучыць дзяцей самастойна думаць, шукаць неабходную інфармацыю, супастаўляць факты. Тады яны не перастануць вучыцца ўсё жыццё, незалежна ад сваёй прафесіі.
Настаўніца ўпэўнена, што сучасны ўрок павінен быць напоўнены творчасцю. Як у любой справе, не кожны дзень прыносіць поспех. Тады даводзіцца ўдумліва аналізаваць няўдачы, не засмучацца ад пралікаў. Галоўнае — не расчароўвацца. Поспех сучаснага ўрока залежыць ад многіх фактараў: ад настрою ў класе, падрыхтаванасці вучняў, іх працавітасці і жадання атрымліваць веды самастойна і інш. Аднак важную ролю адыгрывае сам настаўнік. Таму Таццяна Уладзіміраўна дакладна прадумвае план кожнага ўрока, ведае напамяць усе яго этапы, па неабходнасці можа імправізаваць у межах тэмы. Калі правільна падабраны метады і прыёмы работы ў залежнасці ад класа, тады поспех забяспечаны. І яшчэ вельмі важна, каб на ўроку пераважалі добрыя эмоцыі, узаемная павага і давер. Плануючы ўрок, неабходна памятаць, што ён павінен быць эмацыянальным, цікавым, насіць выхаваўчае значэнне.
— Перад намі, філолагамі, праблема духоўнага і патрыятычнага выхавання стаіць вельмі востра, — упэўнена вопытны педагог. — Мы маем асноўную зброю ў руках — слова, мастацкую мову, кнігі. Знаёмячы вучняў з творамі класікаў і сучасных аўтараў, маем багаты матэрыял для выхавання, які ўплывае на разуменне духоўных каштоўнасцяў у жыцці.
Спецыфіка нашай работы такая, што мы сеем зярняты розуму і дабра, але прарастаюць яны яшчэ не хутка, не адразу. А бывае, на жаль, не прарастуць зусім… Але калі пасля маіх урокаў вучні стануць хоць крыху дабрэйшыя душой адзін да другога і да акружаючых людзей, калі паняцці «абавязак», «павага», «адказнасць», «прыстойнасць» не застануцца для многіх фразай з кнігі, то я магу лічыць сваю задачу выкананай, няхай і не поўнасцю.
Валянціна КРЭМІС,
дырэктар ДУА «Аўсянкаўская сярэдняя школа Горацкага раёна»
Фота Міхаіла ЛЯЎЦОВА